Арменія. Акцыя пратэсту працягваецца, разгону не адбылося

На праспекце Баграмяна ў Ерэване працягваюцца акцыі пратэсту. Абяцаны начны разгон так і не адбыўся.



Мітынгоўцы адмовіліся прыбраць барыкады са смеццевых бакаў. Агучанае ўладамі патрабаванне маніфестанты сустрэлі гулам і крыкамі пратэсту, паведамляе news.am.

Палкоўнік паліцыі Арсен Айвазян запатрабаваў ад пратэстоўцаў вярнуць бакі са смеццем: «Прысвоена чужая маёмасць, якая павінна быць вернутая», — заявіў ён.

Натоўп на словы Айвазяна адказаў выкрыкамі: «Самі спачатку шануйце законы, а потым патрабуйце ў іншых».

У знак пратэсту моладзь стала стукаць па смеццевых баках нагамі і скандаваць: "Не аддадзім!».

Арсен Айвазян адзначыў, што распачата крымінальная справа па прыкметах арт. 185 ч. 3 «Наўмыснае знішчэнне або псаванне чужой маёмасці», у рамках якой прынята рашэнне канфіскаваць смеццевыя бакі кампаніі «Санітэк» на праспекце Баграмяна, паведамляе armtoday.info.

Ён адзначыў, што ў адпаведнасці з КК Арменіі ў бліжэйшы час супрацоўнікі паліцыі пачнуць адпаведныя следчыя мерапрыемствы. «Любая спроба перашкодзіць атрымае прававую ацэнку». Ён таксама адзначыў, што ў межах крымінальнай справы пакуль няма падазраваных ці абвінавачаных.

Каментаваць