Асцярожнае адкручванне гаек

27 снежня ва Узбекістане пройдуць парламенцкія выбары, якія, як сцвярджаюць палітолагі, будуць мець выключна важнае значэння для будучыні краіны. Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з вядучым украінскім экспертам Цэнтра даследаванняў грамадскай супольнасці, спецыялістам па Узбекістану Віталем Куліком.

— У восень мы сталі сведкамі неадназначнай падзеі. Еўрапейскі саюз нечакана адмяніў візавыя санкцыі супраць узбекскіх чыноўнікаў, што былі ўведзеныя пасля падаўлення паўстання ў Андзіжане.



27 снежня ва Узбекістане пройдуць парламенцкія выбары, якія, як сцвярджаюць палітолагі, будуць мець выключна важнае значэння для будучыні краіны. Пра гэта журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з вядучым украінскім экспертам Цэнтра даследаванняў грамадскай супольнасці, спецыялістам па Узбекістану Віталем Куліком.

— У восень мы сталі сведкамі неадназначнай падзеі. Еўрапейскі саюз нечакана адмяніў візавыя санкцыі супраць узбекскіх чыноўнікаў, што былі ўведзеныя пасля падаўлення паўстання ў Андзіжане.

— Перш за ўсё трэба згадаць, што візавымі санкцыямі Еўропа тады не абмежавалася. Таксама было ўведзена эмбарга на продаж Узбекістану зброі. Аднак рашэнне еўрапейцаў — не саступка. Узбекістан дазволіў рэжым празрыстасці турэмнай сістэмы, дапусціў туды назіральнікаў. Менавіта сітуацыя ў турмах была ў цэнтры крытыкі з боку заходніх праваабаронцаў. Адменена смяротнае пакаранне. Палепшылася сітуацыя са сродкамі масавай інфармацыі. Незалежная прэса час ад часу нават крытыкуе чыноўнікаў і ўрад. Натуральна, чапаць Карымава забаронена. Увогуле, можна меркаваць, што адбываецца асцярожнае адкручванне гаек. Кажучы пра падставы пацяплення адносін паміж Захадам і рэжымам Карымава, трэба адзначыць яшчэ адзін момант — кампактную групу ўзбекаў, якая жыве ва Афганістане і з’яўляецца адным з важных чыннікаў у стабілізацыі ў краіне. Ташкент мае рычагі ўплыву на афганскіх узбекаў. Вашынгтону, які хацеў бы пакончыць з талібамі, даводзіцца ўлічваць узбекскі фактар і намагацца падтрымліваць з Карымавым як мінімум фармальна добрыя адносіны.

— Наколькі было звязана пацяпленне адносінаў Захаду з Узбекістанам з відавочна антымаскоўскімі выхадкамі Карымава — напрыклад, з сабатажам працэсу будаўніцтва АДКБ?

— Тарпедаванне АДКБ — гэта хутчэй адмова ад мадэлі вертыкальнай вайсковай інтэграцыі пад кантролем Масквы і галоўнага канкурэнта Ташкента — Астаны. Узбекістан не праяўляе вялікай цікавасці да схемы інтэграцыі, дзе першую скрыпку грае Астана. Аднак гэта не значыць, што Узбекістан робіць стаўку на Захад. Карымаў у кожнай канкрэтнай сітуацыі абірае розных партнёраў — Еўрапейскі саюз, ЗША і Украіну, якая хацела б выконваць ролю галоўнага правадніка ўзбекскіх інтарэсаў у Еўропе.

— Нядаўна прайшла інфармацыя пра тое, што Узбекістан нечакана зачыніў мяжу з Казахстанам. Гэта таксама частка гульні Карымава?

— У гэтым выпадку — не. Справа ў тым, што цэнтральнаазіяцкія кардоны зачыняюць і адчыняюць увесь час. Так, Ташкент рэгулярна зачыняе мяжу з Кіргізіяй, якая дае палітычны прытулак узбекскай апазіцыі. Краіны — суседкі Узбекістана таксама практыкуюць такую меру. Яны вельмі баяцца акцый сепаратызму з боку ўзбекаў, якія жывуць асобным групамі літаральна ва ўсіх краінах, з якімі мяжуе Узбекістан. Адсюль не толькі зачыненне кардонаў, аднак таксама моўная і культурная дыскрымінацыя. У якасці прыкладу згадаем нядаўна прыняты закон аб мовах у Таджыкістане, які дэ-факта забараняе адукацыю на ўзбекскай мове, яе выкарыстанне ў дзяржаўных установах.

— Сістэма «кантраляванай дэмакратыі» ва Узбекістане вельмі не падобная да мадэляў іншых аўтарытарных краін былога СССР. Знешне больш за ўсё яна нагадвае казахскую і расійскую — шматпартыйная сістэма, парламент абіраецца па спісах. Аднак, у адрозненні ад Расіі і Казахстана, ва Узбекістане праўладная партыя не такая моцная. З чым гэта звязана?

— Сапраўды, прапрэзідэнцкая Ліберальна-дэмакратычная партыя заўсёды перамагае, аднак пры гэтым партыі сістэмнай апазіцыі таксама рэгулярна трапляюць у парламент. Справа ў тым, што тут слаба развітая палітычная культура. Лібералізм, сацыял-дэмакратызм іншыя «ізмы», якія напісаны на сцягах праўладных і апазіцыйных партый, — гэта фікцыя. За кожнай партыяй стаіць асобны клан (увогуле, у краіне іх пяць). Карымаўская мадэль стабільнасці трымаецца на балансе паміж групоўкамі. Таму кожная партыя, колькі б галасоў яна ў рэальнасці ні набрала, усё роўна будзе мець дэпутацкую групу.

— Якая сітуацыя ў краіне з апазіцыяй?

— Існуюць тры больш-менш рэальныя апазіцыйныя аб’яднанні — партыя Ерк, «Бірлік» і «Азод Дэхканлар». Аднак іх уплыў на соцыум вельмі слабы. Калі б сёння праходзілі свабодныя выбары, яны б разам мелі некалькі працэнтаў галасоў. Адносна трывалую падтрымку апазіцыянеры маюць хіба што ў Ферганскай даліне. Такая сітуацыя можа тлумачыцца як знешнімі, так і ўнутранымі фактарамі. Натуральна, Карымаў папросту зачысціў ад апазіцыі інфармацыйнае поле. Унутраны фактар звязаны з палітычнай культурай апазіцыі. Яна хранічна не здольная шукаць тактычныя кампрамісы. Апошняя спроба аб’яднання мела месца ў часы «аранжавых рэвалюцый», калі быў створаны блок «Сонечная апазіцыя». Праіснаваў ён, аднак, не доўга. Урокі той гісторыі і адсутнасць эфектыўнасці паўплывалі на палітыку Захаду. Вашынгтон і Брусель у апошнія гады скарацілі прамую падтрымку дысідэнтам, робячы стаўку на трэці сектар.

— Ці будуць мець выбары якое-небудзь асаблівае значэнне для найноўшай гісторыі Узбекістана?

— Выбары вельмі важныя. Яны павінны зацэментаваць курс на паступовую лібералізацыю, на рост міжпартыйнага плюралізму і, як следства, выпрацоўку механізму дыялогу паміж кланамі. Важна нагадаць, што Карымаў дасюль не назваў, хто павінен прыйсці на яго месца. У адрозненні ад суседняга Казахстана, у афіцыйнай медыйнай прасторы нават няма згадкі пра тое, што ў краіне можа быць устаноўлена манархічная палітычная мадэль. Дачка Карымава Гульнара не згадваецца як пераемнік. Пры гэтым ніякай асобы, вартай Карымава, папросту няма. Таму ў перспектыве магчымыя два варыянты развіцця падзей: туркменскі (пасля смерці прэзідэнта пачынаецца вайна ўнутры кланаў, пераможца ў гэтай вайне знішчае ўсіх іншых) або ўкраінскі (нараджэнне сістэмы стрымання супярэчнасцяў паміж кланамі). Апошні варыянт азначае пашырэнне дэмакратыі. Або будзе сінтэз двух варыянтаў.

— Ці здольная Масква неяк умяшацца ва ўзбекскія сцэнары?

— Масква на вачах ператвараецца ў знешняга назіральніка. Уся «пятая калона» Расіі сістэмна знішчаецца. Выкарыстанне рускай мовы, акрамя побыту, папросту забаронена. Помнікі савецкіх часоў разбураныя. Эканамічна Узбекістан усё больш адрываецца ад расійскага рынку. У гэтых умовах Масква вымушана проста задавальняцца тым, што ўзбекі імкліва не бягуць на Захад. У Крамлі разумеюць, што адзіны неасцярожны імперскі крок — і ва Узбекістан вернецца амерыканская вайсковая база. Мяркую, што значна больш трывожны фактар — паўзучая ісламізацыя грамадства. Гэта, натуральна, не палітычны іслам, аднак для яго адэптаў нашмат бліжэй іранская або арабская мадэль дзяржавы, чым рэспубліка, нават у цяперашняй аўтарытарнай форме.

Каментаваць