Аўстра-венгерскі Бацька

Дзякуючы Гашаку, фраза: «Няхай жыве імператар Франц-Іосіф І» выклікае ўсмешку. Магчыма, час змяніць падыходы. У сувязі са стагоддзем смерці імператара ў Аўстрыі квітнее культ яго асобы.


 


Кнігі, семінары, фільмы, сувеніры, спецыяльныя карты і нават мыла, на этыкетках якога выяўлены апрануты ў мундзір стары з бакенбардамі. Гэта ўсё элементы ліхаманкі з прычыны сотай гадавіны смерці імператара Аўстра-Венгрыі Франца-Іосіфа, якая ахапіла Аўстрыю. Прычым непасрэдная дата падзеі яшчэ не хутка — яго вялікасць сканала 21-га лістапада 1916-га.

 

У некаторым сэнсе Францу-Іосіфу пашанцавала з датай смерці. Калі б ён пражыў яшчэ два гады, яму б, натуральна, давялося стаць сведкам калапсу імперыі Габсбургаў, якую яго прашчуры будавалі з 1526 года. У дадатак нябожчык фактычна сам запусціў механізм развалу дзяржавы, распальваючы Першую сусветную вайну. Гэты момант на доўгі час абумовіў крытычнае стаўленне гісторыкаў да асобы імператара і яго спадчыны.

 

Па-сутнасці, пасля Першай сусветнай вайны імя «Франц-Іосіф» выклікала ў памяці назву аднайменага архіпелагу ў Арктыцы і ідыёцкі заклік Швейка: «Няхай жыве імператар Франц-Іосіф Першы!». Плюс успаміны пра гучныя рамантычныя прыгоды кайзера, якія ў свой час дзівілі тагачасныя розумы.

 

У 1854 годзе малады імператар ажаніўся з баварскай прынцэсай Елізаветай, вядомай як Сісі. Аднак адносіны з маці Франца-Іосіфа ў прынцэсы не склаліся, што неўзабаве прывяло да псіхічных праблем. Тады Сісі саслалі ад двара падалей. Практычна да самай смерці імператрыца праводзіла час у падарожжах, рэдка сустракаючыся з мужам і амаль не маючы допуску да сваіх дзяцей. А імператар не губляў часу. Доўга працягваўся яго раман з жонкай чыгуначнага службоўца. Пасля яго каханкай стала акторка.

 

Аднак сёння ў спадчыне Франца-Іосіфа шукаюць не сентыментальныя і рамантычныя старонкі. Гісторыкі спрабуюць адысці ад чорна-белых шаблонаў. Нейкі пазітыў сапраўды ёсць у наяўнасці.


Пачаць можна з анекдота. Лічыцца, што аўстрыйцы, венгры, славакі і чэхі — народы, якія былі ў складзе Аўстра-Венгрыі, да гэтага часу рана ўстаюць і рана кладуцца спаць таму, што Франц-Іосіф, які быў «жаўруком», за доўгі час знаходжання пры ўладзе прывучыў да свайго жорсткага працоўнага графіку працы ўсю імперыю.

 

У заслугу Францу-Іосіфу ставяць тое, што ён дапамог кінематографу стаць саліднай індустрыяй. Хаця сам манарх крытычна ставіўся да тэхнічнага прагрэсу і нават не правёў тэлефон у свой палац, ён ахвотна дазваляў кіношнікам здымаць розныя цырымоніі, на якіх прысутнічаў. Дзякуючы дакументальнай хроніцы з імператарам, прэстыж кіно моцна ўзняўся ў грамадстве. На кінамастацтва сталі глядзець як на сур’ёзны жанр, і ў гэты сектар пачаліся інвестыцыі.

 

Аднак галоўны плюс усё ж у іншым. Напярэдадні Першай сусветнай вайны Франц-Іосіф адбудаваў больш-менш эфектыўную мадэль кіравання многанацыянальнай імперыяй, дзе функцыянавалі інстытуты выбарчай дэмакратыі, шматпартыйнасць, вольная прэса, нацыянальная і рэгіянальная аўтаноміі і г.д. Праўда, ёсць пытанне — ці магла тая мадэль існаваць пасля яго смерці? Бо ўся сістэма была шмат у чым завязана на асобе кайзера, які апынуўся як бы вышэй за дробныя палітычныя разборкі і паступова набыў сакральнасць. Вельмі часта ў народзе Франца-Іосіфа называлі «Бацька».

 

Фармаванню гельштальта Бацькі краіны, які стаічна абараняе інтарэсы народу Аўстра-Венгрыі, спрыялі і неверагодныя трагедыі ў сям’і імператара. Спачатку памерла яго першае дзіця. Пасля яго брата Максіміліяна, які вырашыў падацца ў імператары Мексікі, забілі мясцовыя патрыёты. Яго сын (дарэчы, кронпрынц) скончыў жыццё самагубствам. Не паспелі яго пахаваць, як анархіст зарэзаў імператарскую жонку Елізавету. І, нарэшце, апошняя кропка — забойства ў Сараева пляменніка і нашчадка кароны эрцгерцага Франца Фердынанда і яго жонкі. З чаго, уласна, і пачалася Першая сусветная вайна.

 

Цікава, што менавіта трагедыя Сісі і серыя забойстваў прадстаўнікоў сям’і кайзера дапамаглі яму прапісацца ў сучаснай масавай культуры. У мінулым стагоддзі было знята некалькі стужак, прысвечаных нялёгкаму лёсу Сісі, Франца Фердынанда і г.д. Самы вядомы — трылогія "Sissi" з удзелам Ромі Шнайдэр.



Ромі Шнайдэр у ролі Сісі


Трэба адзначыць, што ў аўстрыйскім грамадстве хапае і крытыкаў моды на кайзера. На іх думку, бум вакол фігуры Франца-Іосіфа абсалютна штучны. За ім хаваюцца банальныя інтарэсы акул турыстычнага бізнесу, якія зайздросцяць баварскім калегам. Баварцы даўно ўжо паставілі на канвеер эксплуатацыю міфа пра эксцэнтрычнага караля Людвіга Другога, які таямніча загінуў у 1886 годзе. «Людвігаманія» прыносіць салідныя сродкі баварскім тураператарам і выклікае ў Вене лагічнае пытанне: чаму б нам не пачаць эксплуатаваць габсбургскі міф?

 

Крытыкі культу Франца-Іосіфа таксама прыгадваюць, што апошні раз культ імператара Аўстрыі назіраўся напярэдадні аншлюсу нацысцкай Германіяй у 30-я гады мінулага стагоддзя. Грамадству праз папулярызацыю фігуры кайзера тады навязваліся антыдэмакратычныя і антырэспубліканскія забабоны. Праўда, думаецца, у кантэксце цяперашняга міграцыйнага крызісу фігура Франца-Іосіфа адыгрывае, хутчэй, на карысць прагрэсіўных палітыкаў. У Аўстра-Венгрыі, дзе жылі каля двух дзясяткаў народаў, уключаючы мусульман, не было асаблівай ксенафобіі і ўсе ўжываліся неяк мірна.

 




Каментаваць