Азербайджанская рэвалюцыя — віртуальна-рэальная

Арабская вясна прыходзіць і ў Азербайджан. Ва ўсялякім разе, апаненты ўлады ў Баку на тое спадзяюцца і рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў. А таксама імкнуцца выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці падобныя тэхналогіі.



Невялікі офіс у цэнтры Прагі. Ідзе сход маладых актывістаў з Азербайджана. Некаторыя з іх стала пражываюць у ЕС, але большасць з Баку. Усе яны — актывісты Аб’яднання за дэмакратыю ў Азербайджане (АДА), якія сабраліся абмеркаваць тактыку росту пратэстнага руху ў краіне. Галоўны вынік сходу маладых апазіцыянераў — рашэнне пра стварэнне новага тэлеканала.

 

Гурбан Даглы, кіраўнік АДА, які жыве ў Берліне, тлумачыць: «Фэйсбук адыгрывае ролю вельмі нядрэннай мабілізацыі для 20–30 тысяч чалавек. Але для таго, каб дамагчыся карэнных, дэмакратычных зменаў у краіне, на вуліцы павінны выйсці тысяч сто. А тут без тэлеканала не абысціся». Менавіта таму, па словах Гурбана, яны распачынаюць рэалізацыю новага праекта — запуску «Мейдан ТБ». Новы тэлеканал днямі пачне сваё вяшчанне. «Пакуль ён будзе працаваць у рэжыме анлайн. Але мы цяпер актыўна займаемся зборам сродкаў і ў хуткім часе плануем выйсці на спадарожнік», — адзначае Гурбан Даглы.

 

Старшыня праўрадавай партыі «Радзіма», дэпутат Нацыянальнага сходу Фазаіл Агамалы заявіў, што ў Азербайджане Фэйсбук у першую чаргу з’яўляецца інструментам змагання супраць уладаў.

 

Асцярогі дэпутата маюць падставы — 10 сакавіка ў цэнтр Баку на акцыю пратэсту выйшлі каля 5 000 чалавек. Фармальна, акцыя была прысвечана масавай гібелі салдат у азербайджанскім войску — паводле афіцыйных дадзеных, з пачатку года азербайджанскае войска ў мірных умовах страціла 17 салдат. Усе яны сталі ахвярамі «нестатутных адносін». Аднак арганізатары не хаваюць, што іх канчатковая мэта — змена ўлады ў Азербайджане «шляхам масавых вулічных акцый». Плошча Фантанаў ператварылася ў поле бою амаль на гадзіну — спробы паліцыі разагнаць акцыю з дапамогай дубінак не мелі поспеху. Пасля гэтага на месца сутыкненняў пад’ехала спецтэхніка — вадамёты і апаратура, якая генеруе шумавую атаку. Аднак нават пасля гэтага мітынгоўцы аказвалі моцны супраціў — шмат хто клаўся пад колы вадамётаў і бронетранспарцёра. Для разгону апазіцыянераў паліцыя таксама ўжывала гумовыя кулі. Пры гэтым паліцыя здолела затрымаць усяго 54 чалавекі — справа ў тым, што пратэстоўцы сумеснымі высілкамі адбівалі затрыманых у паліцэйскіх.

 

У лідарстве пратэстнага руху ўсё больш умацоўваецца 33-гадовы Эмін Мілі. Пасля заканчэння Бакінскага дзяржаўнага ўніверсітэта ён працягваў навучанне ў Лондане ва Універсітэце краін Азіі і Афрыкі. Пасля вяртання ў Баку Эмін актыўна ўключыўся ў палітычную дзейнасць, выкарыстоўваючы благасферу. Улетку 2009 года ён сумесна з іншым блогерам Аднанам Гаджызадэ апублікаваў ролік сатырычнай прэс-канферэнцыі, у якім Гаджызадэ, апрануты аслом, распавядаў пра тое, што «аслам вельмі цяжка жыць у Еўропе, але калі ты жывеш у Азербайджане, лепш быць аслом, чым чалавекам». Прытым асёл на прэс-канферэнцыі сцвярджаў, што ў яго «вышэйшая катэгорыя — А: ён атрымаў добрую адукацыю, і хоць у яго асліная душа, ён свабодна размаўляе на трох еўрапейскіх мовах». Гэта расцанілі як непрыкрыты намёк на Ільхама Аліева. Адразу пасля гэтага блогераў арыштавалі за бойку ў кафэ (хоць на блогераў быў здзейснены напад з боку людзей спартовага целаскладу). Суд прысудзіў іх да 2 гадоў пазбаўлення волі. Але гэта выклікала буйны міжнародны скандал: за блогераў заступіліся амерыканскія і еўрапейскія арганізацыі. Пасля таго, як Барак Абама асабіста выказаў прэтэнзію Ільхаму Аліеву, Мілі і Гаджызадэ вызвалілі.

 

У той жа час лідары дзвюх найбуйнейшых апазіцыйных партый краіны — «Народнага Фронту» Алі Керымлі і «Мусават» («Роўнасць») Іса Гамбар абмежаваліся тым, што асудзілі ўладу за ўжыванне гвалту супраць мірнай акцыі. На мітынг 10 сакавіка прыйшоў толькі лідар руху «Азербайджан 2013» Арастун Аруджлу.

 

«Сістэма кіравання ў Азербайджане прагніла, яна страціла здольнасць адэкватна рэагаваць на сітуацыю і адказвае на кожную праяву незадаволенасці ўжываннем грубай сілы. Але, як паказвае практыка, гэты метад вельмі не надзейны — падчас пратэстаў у рэгіёнах краіны мясцовыя сілавікі адмаўляліся ўжываць сілу супраць мітынгоўцаў, і кожны раз з Баку спешна перакідалі падраздзяленні паліцыі і ўнутраных войскаў для здушэння выступаў незадаволеных. А калі раптам успыхне адначасова ў некалькіх месцах і ў Баку? Тады ўсё разваліцца як картачны дамок», — упэўнены Арастун Аруджлу.

 

Акрамя таго, ён нагадаў, што адсутнасць маналітнасці ва ўладзе і праблемы ў знешняй палітыцы — як у расійскім, так і ў заходнім накірунку — могуць перашкодзіць уладзе эфектыўна супраціўляцца выступам апазіцыі. У 2003 годзе азербайджанская ўлада, мабілізаваўшы ўсе свае сілы, салідарна ўдзельнічала ў здушэнні акцый пратэсту апазіцыі супраць фактычнага спадчыннага пераходу ўлады ад Гейдара Аліева да яго сына Ільхама — дэманстрантаў на Плошчы Свабоды ў Баку збівалі нават асабістыя целаахоўнікі чыноўнікаў.

 

Зараз жа супрацьстаянне ў асяроддзі кіроўнай азербайджанскай эліты ўжо пачынае выходзіць у адкрытую плоскасць. Спакой парушыў клан Пашаевых — сваякі жонкі прэзідэнта краіны Мехрыбан Аліевай. Гэты клан мае трывалыя пазіцыі ў бізнэс-структурах краіны — у прыватнасці, «Pasha Xolding» кантралюе банкаўскую сістэму Азербайджана. Блізкім да клана лічыцца і тэлеканал ANS. Цяпер гэта групоўка спрабуе актыўна выцесніць другі клан, які складаецца з прыхільнікаў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Раміза Мехціева. Гэтаму клану падкантрольная вялікая частка адміністрацыйнага апарата, у тым ліку сілавыя структуры, а таксама ўсе тэлеканалы краіны, за выключэннем ANS. Першыя спробы нанесці ўдар па «мехціеўцах» былі зробленыя ў 2005 годзе — тады Ільхам Аліеў загаварыў пра хуткую адстаўку аднаго з ключавых фігурантаў гэтага клана, міністра ўнутраных спраў Раміля Усубава. Але кіраўнік МУС апераджальным ударам адвёў ад сябе пагрозу — ён раптам з’явіўся ў эфіры тэлеканала ANS, дзе распавёў цікавую гісторыю. Высветлілася, што ў 1998 годзе азербайджанскія паліцыянты па асабістым указанні Гейдара Аліева вызвалілі са зняволення арыштаванага наёмнага забойцу з Дагестана. Кілера пад канвоем паліцыі давезлі да расійскай мяжы і там вызвалілі. Назіральнікі ў Баку гэта адразу расцанілі як непрыкрытую пагрозу — міністр намякаў на кампрамат, які ў яго маецца на кіроўны рэжым. Як бы там ні было, Усубаў тады выстаяў.

 

Другім разам дзве групоўкі скрыжавалі свае шпагі ў 2008 годзе. Тады, адразу пасля абрання Ільхама Аліева на другі прэзідэнцкі тэрмін, у блізкіх да Пашаевых СМІ загаварылі пра тое, што на наступных выбарах улада высуне кандыдатуру Мехрыбан Пашаевай — тагачасная рэдакцыя азербайджанскай канстытуцыі не дазваляла аднаму чалавеку займаць пасаду прэзідэнта больш за 2 разы. Але з гэтай задумы нічога не атрымалася — у сакавіку 2009 года ў краіне прайшоў рэферэндум, паводле вынікаў якога пункт Канстытуцыі пра абмежаванне прэзідэнцкага тэрміну скасавалі. Назіральнікі ацанілі гэта як відавочную перамогу прыхільнікаў Раміза Мехціева.

 

У гэтым годзе сітуацыя для кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта не такая адназначная. Рамізу Мехціеву прадракаюць хуткую адстаўку — паводле незалежных крыніц, ён зойме пасаду прэзідэнта Нацыянальнай акадэміі навук. Калі верыць гэтым крыніцам, аслабленню пазіцый Мехціева спрыяла яго хвароба — у 75-гадовага кіраўніка адміністрацыі цяжкая форма дыябету і рак. Яму часта даводзіцца з’язджаць на лячэнне ў Германію. Аслабленне пазіцый Мехціева стала відавочным пасля таго, як практычна ўсё кіраўніцтва праўладнай партыі «Новы Азербайджан» адсутнічала на нядаўняй прэзентацыі яго кнігі. Праўда, у лагеры Мехціева таксама «паказвалі зубы» — падчас папярэдняй акцыі «партыі Фэйсбук» у цэнтры Баку падраздзяленні спецназу і ўнутраных войскаў, сцягнутыя на месца падзей, паводзілі сябе, нібы лонданскія паліцыянты падчас акцый у Гайд-Парку, — моўчкі назіралі збоку.

 

Нявызначанасць расстаноўкі сіл не дазваляе прадстаўнікам астатніх, драбнейшых кланаў абмаляваць свае пазіцыі. Групоўкі, якія ўзначальваюць міністр МНС Камаледзін Гейдараў, міністр шляхоў зносін Зійя Мамедаў і кіраўнік службы бяспекі прэзідэнта Бейлер Эйюбаў, пакуль прытрымліваюцца нейтралітэту. Але шалі ўсё больш схіляюцца на бок Пашаевых — крыніца, блізкая да афіцыйных структур, паведамляе, што цяпер у калідорах улады актыўна абмяркоўваецца праект, паводле якога ўлады на хуткіх выбарах могуць высунуць кандыдатуру Мехрыбан Аліевай ці яе бацькі, які быў прадстаўніком Азербайджана ў ААН, Хафіза Пашаева. На карысць такога сцэнару — тое, што вылучэнне Ільхама Аліева на трэці тэрмін выкліча незадаволенасць як Захаду, так і Масквы.

 

ЕС і Дзярждэп ЗША ўжо выступілі з некалькімі заявамі, дзе выказалі заклапочанасць станам грамадзянскіх свабод у Азербайджане. Яшчэ больш складанымі застаюцца стасункі з Расіяй. Адносіны сур’ёзна сапсаваліся пасля адкрыццяў «Вікілікса», дзе амерыканскія дыпламаты распавялі пра стаўленне азербайджанскага прэзідэнта да кіроўнага расійскага тандэму, які назвалі «Твіксам». Акрамя таго, Ільхам Аліеў сцвярджаў: Захаду і Азербайджану лепш было б мець справу з Мядзведзевым, з якім прасцей дамаўляцца, чым з Пуціным.

 

З 2011 года Ільхам Аліеў і Уладзімір Пуцін пазбягаюць сустрэч. «Імперская палітыка Крамля» і «рука Масквы, што тузае за ніткі ў Карабаху», — гэта традыцыйны лексікон афіцыйных бакінскіх СМІ. У Баку таксама вельмі хваравіта ўспрынялі стварэнне ў Маскве новай азербайджанскай дыяспарскай структуры — Саюза азербайджанскіх арганізацый Расіі (СААР). Прадстаўнікі СААР не хаваюць, што збіраюцца прымаць актыўны ўдзел у восеньскіх прэзідэнцкіх выбарах у Азербайджане. СААР у бакінскіх СМІ прынята называць «Саюзам мільянераў» — у гэтай арганізацыі сабраліся прадстаўнікі бізнэс-эліты азербайджанскай абшчыны ў Расіі на чале з Тэльманам Ісмаілавым, Аразам Агаларавым і Абасам Абасавым. Створаны ў Баку рух «Эль» («Народ») лічыцца блізкім да СААР — у абедзвюх арганізацыях прыкметную ролю адыгрывае вядомы азербайджанскі рэжысёр, аскараносец Рустам Ібрагімбекаў. Прадстаўнік СААР, давераная асоба Уладзіміра Пуціна Саюн Садыкаў ужо паведаміў, што яго арганізацыя можа высунуць кандыдатуру Абаса Абасава на прэзідэнцкіх выбарах у Азербайджане. У выбарах прыме ўдзел і лідар «Эль» Эльдар Намазаў.

 

Асцярогі азербайджанскага боку ўзмацніў і прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які на мінулым тыдні, пасля вяртання з Баку, паведаміў, што «Масква рыхтуе ў Азербайджане змену ўлады, аналагічную грузінскаму сцэнару 2012 года».

 

Пакуль афіцыйны Баку на пратэстную актыўнасць адказвае жорсткімі рэпрэсіямі. У сярэдзіне лютага ўлады арыштавалі аднаго з ключавых кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі, лідара руху «Рэспубліканская альтэрнатыва» (РэАл) Ільгара Мамедава. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у горадзе Ісмаілы напачатку лютага. Пры гэтым уладам было ўсё адно, што Ільгар Мамедаў у Ісмаілы паехаў пасля заканчэння беспарадкаў і сутыкненняў з паліцыяй. Пад арыштам апынуліся і кіраўнікі моладзевай арганізацыі «Nida» («Покліч»). Іх вінавацяць у падрыхтоўцы да дзяржаўнага перавароту (следчыя сцвярджаюць, што падчас ператрусаў у іх кватэры знайшлі некалькі скрыняў «кактэйляў Молатава»). У афіцыйных СМІ не выключаюць, што хуткім часам улады могуць прыняць рашэнне заблакаваць Фэйсбук у Азербайджане.

Каментаваць