Бітва за Берлін

18 верасня адбудуцца выбары ў парламент Берліну, якія шматлікія СМІ называюць рэпетыцыяй выбараў у Бундэстаг у 2013 годзе. Пра ход кампаніі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з нямецкім журналістам Маціясам Кабенам.

— Наколькі варта верыць палітолагам, паводле меркавання якіх, вынікі галасавання 18 верасня фактычна назавуць прозвішча наступнага канцлера?



18 верасня адбудуцца выбары ў парламент Берліну, якія шматлікія СМІ называюць рэпетыцыяй выбараў у Бундэстаг у 2013 годзе. Пра ход кампаніі журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з нямецкім журналістам Маціясам Кабенам.

— Наколькі варта верыць палітолагам, паводле меркавання якіх, вынікі галасавання 18 верасня фактычна назавуць прозвішча наступнага канцлера?

— Наўрад ці пасля 18 верасня мы дакладна даведаемся, хто стане пераемнікам Ангелы Меркель. Па вялікім рахунку, ніводная з вядучых партый дасюль не вызначылася з кандыдатам на пасаду канцлера. Аднак з вялікай верагоднасцю мы зможам казаць пра тое, прадстаўнік якой з апазіцыйных партый — Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (SPD) або Зялёных — стане кіраўніком ураду. Па ўсіх апытаннях, менавіта гэтыя палітычныя сілы будуць кіраваць краінай пасля наступных выбараў. Аднак пакуль не зразумела, хто ў гэтым тандэме будзе выконваць вядучую ролю, а хто стане малодшым кааліцыйным партнёрам.

— Адпаведна апублікаваным 20 жніўня ў газеце «Der Welt» вынікам сацыялагічнага даследавання, Зялёныя яўна не здольныя канкураваць з эсдэкамі. У эколагаў 20 працэнтаў падтрымкі, а ў ружовых — 29 (у кансерватараў той жа вынік). Ці значыць гэта, што пасада будучага канцлера ўжо зараз гарантавана SPD?

— Электаральныя сімпатыі немцаў апошнім часам мяняюцца вельмі хутка. Прыкладна год таму рэйтынг Зялёных быў вышэй за эсдэкаў (24 і 23 працэнта адпаведна). Таму за пару гадоў, якія засталіся да выбараў, можа адбыцца ўсё што заўгодна. І самае трывожнае для сацыял-дэмакратаў — грамадства паступова прызвычаіцца да думкі, што эколагі могуць быць кіруючай партыяй. Заўсёды ў гісторыі ў створаных з сацыял-дэмакратамі кабінетах яны былі малодшымі партнёрамі. Упершыню традыцыя была парушаная пасля сакавіцкіх выбараў у зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Там Зялёныя абышлі сацыял-дэмакратаў і ўзначалілі ўрад. Калі ў Берліне яны зробяць дубль, іх больш не будуць асацыяваць з партыяй другога эшалону. Псіхалагічна выбаршчыкі гатовыя прызнаць у іх галоўную сілу левай апазіцыі.

— Наколькі нямецкае грамадства гатовае да таго, каб даверыцца Зялёным?

— З улікам сацыяльных працэсаў гэта выглядае цалкам рэальна. Тэмы экалогіі і здароўя сталі нейкім жупелам для вялікай часткі нямецкага грамадства. Адначасова губляецца інтарэс да царквы і прафсаюзаў — інстытутаў, вакол якіх аб’ядноўваліся былыя партыі-мастадонты. Аднак зялёная ідэнтычнасць фармуецца не так хутка, як хацелі б Зялёныя. Відавочна, што без катастрофы на Фукусіме перамагчы ў Бадэн-Вюртэмбергу ім было б складана. Тое ж адбываецца ў Берліне. У сакавіку Зялёныя былі на галаву папулярнейшымі за сацыял-дэмакратаў. Зараз эсдэкі імкліва вяртаюць згубленыя пазіцыі.

— Што за асоба Рэната Кунаст, якая хоча адабраць у эсдэкаў пасаду бургамістра?

— Кунаст паходзіць з Дзюсельдорфа. Пасля заканчэння ўніверсітэта яна доўгі час працавала сацыяльным дарадчыкам у берлінскіх турмах. Была адвакатам. Яна была адным з піянераў партыі Зялёных, створанай у 1980-м. Па іх спісу трапіла ў Бундэстаг. У час прэм’ерства Шродэра была міністрам абароны правоў спажыўцоў.

— Якія асаблівасці цяперашняга выбарчага працэсу ў Берліне?

— Берлін — гэта мультыкультурны горад з моцнымі левымі традыцыямі. Гэта выражаецца хаця б у тым, што бургамістру Клаусу Ваверайту нават прабачылі апошні рост кошту арэнды. Аднак парламенцкай большасці ні ў эсдэкаў, ні ў Зялёных, а тым больш у левых (нашчадкі былых камуністаў Усходняй Германіі) не будзе. Таму пытанне пытанняў — у якім фармаце будзе створаная будучая кааліцыя. Эсдэкі яўна будуць намагацца захаваць цяперашнюю формулу: яны плюс левыя. Аднак у абодвух партый толькі 44 працэнты агулам. Найбольш рэалістычны варыянт — эсдэкі плюс Зялёныя. Або наадварот.

— А калі Зялёныя адмовяцца ад таго, каб быць малодшымі партнёрамі пры Ваверайце? Ці могуць яны ўзгадаць прыклад Гамбургу, дзе Зялёныя блакіраваліся ва ўрадзе разам з хрысціянскімі дэмакратамі?

— Магчыма, блок Зялёных і хрысціянскіх дэмакратаў — гэта адна з самых правакацыйных тэмаў у палітычных каментарах. Зялёныя, як вядома, паўсталі як партыя радыкальнай апазіцыі да кансерватараў і іх каштоўнасцяў. Аднак, думаю, у Берліне такі варыянт не спрацуе. Гэта вялікая рызыка для іміджу партыі. «Берлін — гэта левы горад, і левыя партыі маюць тут абсалютную большасць. Таму ўрад, які заслугоўвае давер народу, павінен быць выключна левым», — увесь час кажа лідар фракцыі Зялёных у берлінскім сенаце. Хаця спакуса стаць мэрам Берліну ў Кунаст, думаю, вельмі вялікая.

— Якая з іншых з партый можа зрабіць сюрпрыз на выбарах?


— Калі Франц Хенкель — лідар берлінскіх кансерватараў — зможа абыйсці Кунаст і зрабіць Саюз хрысціянскіх дэмакратаў (CDU) другой партыяй у сталіцы (шансы ў яго ёсць), ён здзейсніць сапраўдны палітычны цуд. Нечакана для ўсіх рэальныя шансы атрымаць мандаты маюць «піраты» — партыя, якая выступае за вольны софт і супраць аўтарскага права ў інтэрнэце. Мяркую, што ўсім будзе цікава, колькі атрымаюць створаныя ў апошні час выразна ісламафобскія партыі, кшталту Freіheіt. Гэта можа даць адказ на пытанне, ці магчыма з’яўленне ў Германіі ўплывовай партыі, больш правай за Саюз хрысціянскіх дэмакратаў.
 

Каментаваць