Бітва за Крэмль пачалася

Дзмітрый Мядзведзеў і Уладзімір Пуцін заявілі, што збіраюцца ісці на прэзідэнцкія выбары 2012 года паасобку. Што стаіць за гэтымі заявамі? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з расійскім палітолагам Дзмітрыем Касценкам.

— Калі з’явіліся прыкметы таго, што тандэм Мядзведзеў—Пуцін перажыве крызіс?



Дзмітрый Мядзведзеў і Уладзімір Пуцін заявілі, што збіраюцца ісці на прэзідэнцкія выбары 2012 года паасобку. Што стаіць за гэтымі заявамі? Пра гэта журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з расійскім палітолагам Дзмітрыем Касценкам.

— Калі з’явіліся прыкметы таго, што тандэм Мядзведзеў—Пуцін перажыве крызіс?


— Даўно назіраліся нейкія супярэчнасці. Напрыклад, прэм’ер і прэзідэнт па-рознаму падыходзілі да справы Хадаркоўскага. Пасля быў скандал, звязаны з фігурай віцэ-прэм’ера Ігара Сечына, які лічыўся чалавекам Пуціна і якога нечакана знялі з пасады. Аднак, відавочна, што водападзелам стала Лівія. Мядзведзеў даў рэзка негатыўную характарыстыку заявам Пуціна пра памылковасць аперацыі Захаду супраць Кадафі. Праблема не толькі ў тым, што Мядзведзеў, у сваю чаргу, кантрастна выступіў за сыход Муамара. Кіраўнік ураду асмеліўся каментаваць тэмы міжнароднай палітыкі, якая была вотчынай прэзідэнта. Для расійскага грамадства гэта стала сігналам таго, што Мядзведзеў гатовы кінуць выклік Пуціну. Пазней абодва сапраўды заявілі, што будуць балатавацца ў прэзідэнты. Бітва за Крэмль пачалася.

— Якія шансы ў Мядзведзева перамагчы Пуціна?


— Усім было відавочна, што Пуцін хоча застацца пры ўладзе нават пасля свайго сыходу з пасады прэзідэнта. Інакш ён бы не прасоўваў на вакантнае месца такога слабага і малавядомага палітыка, як Мядзведзеў. Лепшая ілюстрацыя — сітуацыя з партрэтамі прэзідэнта. Па закону, у афіцыйных кабінетах павінен вісець толькі партрэт прэзідэнта. Так было ў часы Ельцына і Пуціна. Аднак з прыходам да ўлады Мядзведзева ў грамадстве пайшла мода побач з Мядзведзевым вешаць фізіяномію Пуціна. Але гэта не значыць, што Мядзведзеў прайграе проста так. Калі ён зробіць добрае пасланне, вакол яго могуць аб’яднацца ліберальныя Піцер і Масква, лідары аўтаномій, частка моладзі, якая думае. Гэта будзе добры зачын на будучыню. Пуцін не вечны.

— Ці няма ў вас адчування, што вайна Мядзведзева супраць Пуціна — гэта тонкі паліттэхналагічны ход?

— Згодны. Інакш бы расійскія афіцыйныя СМІ гэтак ахвотна не выносілі б на публіку канфлікты паміж прэзідэнтам і прэм’ерам. Супрацьстаянне Мядзведзева і Пуціна цалкам разбурае старую апазіцыю. Апазіцыя ў выглядзе камуністаў або нацыяналістаў Жырыноўскага папросту пасоўваецца на другі план. Галоўны грамадскі канфлікт у такім выпадку больш не будзе праходзіць па лініі — прыхільнікі рэстаўрацыі Імперыі або СССР супраць расійскіх дзяржаўнікаў. Ствараюцца два новых полюсы — памераныя лібералы пад кіраўніцтвам Мядзведзева, якім супрацьстаяць нацыянал-кансерватары Пуціна. Для Крамля галоўны плюс у тым, што абедзве фракцыі знаходзяцца ў адзіным дыскусійным полі, дзе няма лозунгаў геапалітычнага рэваншу. Быццам вырашаецца праблема грамадскага кансенсусу.

— Як мінімум на апошніх двух выбарах прэзідэнта галоўнымі апанентамі кандыдатам ад Крамля былі Зюганаў і Жырыноўскі. Ці гатовыя лідары КПРФ і ЛДПР да таго, каб зараз гуляць ролю статыстаў?

— Падсвядома, думаю, так. Каб кансалідаваць свой электарат, Зюганаў вымушаны ўвесь час чытаць філіпікі савецкім часам. Гэта дае яму стабільны працэнт, што, аднак, ператварае партыю ў зачынены клуб для тых, каму за шэсцьдзесят. Ёсць цяжкасці ва Уладзіміра Жырыноўскага, чый імідж нацыянал-патрыёта, асабістая эксцэнтрычнасць, флірт з крамлёўская адміністрацыяй не зразумелыя новай генерацыі нацыяналістаў. Па шматлікіх прагнозах, партыя Жырыноўскага можа ўвогуле не трапіць у Думу па выніках восеньскіх выбараў. У ліберал-дэмакратаў рэйтынг не больш за 4 працэнты (прахадны бар’ер у Дзяржаўную Думу РФ складае 7 працэнтаў).

— Як можа сябе павесці на выбарах “Справядлівая Расія?

— Гэта прадукт Пуціна, што з’яўляецца германафілам і доўгі час марыў пра імпарт у Расію нямецкай партыйнай сістэмы, якая, як вядома, заснаваная на супрацьстаянні кансерватараў і эсдэкаў. Ролю ружовых павінна была згуляць “Справядлівая Расія (СР). Аднак апошнія працэсы ў партыі і вакол яе кажуць пра тое, што эсэры больш не запатрабаваныя. Усё з-за таго, што яны не здолелі выканаць сваёй галоўная місіі — перахапіць на левым флангу ініцыятыву ў камуністаў. Расійскі пенсіянер як галасаваў, так і галасуе за Зюганава. Затое эсэры прыцягнулі на месцах усіх, хто з’яўляецца антыкамуністамі і пры гэтым антыпуцінцамі. Да прыкладу, касцяк партыі ў Піцеры — гэта былы актыў мясцовай секцыі партыі “Яблоко. Падобныя людзі стварылі СР вобраз трэцяй сілы, якая пачала інтэнсіўна адбіраць галасы ў “Адзінай Расіі. Апошнія мясцовыя выбары ў сакавіку сталі сапраўдным прарывам для эсэраў. І пасля такога поспеху нечакана з пасады старшыні сыходзіць Сяргей Міронаў. Міронаў як палітык — фігура проста на двойку, аднак ягоны статус спікера сенату, па сутнасці трэцяй асобы ў дзяржаве, вельмі спрыяў партыйнаму будаўніцтву СР на месцах. Замест Міронава прызначаюць нікому не вядомага Мікалая Левічава. У любым выпадку, ад нямецкай мадэлі адмаўляюцца. Будуецца нешта накшталт амерыканскай двухпартыйнай сістэмы.

— Як павядзе сябе ліберальная апазіцыя ў выпадку, калі фаварытамі выбараў стануць Мядзведзеў і Пуцін?


— Цяперашняя хваля расійскіх лібералаў, баюся, — гэта праект, які сваё адгуляў. Справа нават не ў тым, што гэтыя людзі не здольныя дамовіцца паміж сабою. Больш важна для абывацеля тое, што ўсё яны па розных прычынах былі ў свой час выкінутыя за борт правячай эліты. Касьянаў — былы прэм’ер, Нямцоў — былы віцэ-прэм’ер, Рыжкоў стаяў каля вытокаў “Адзінай Расіі. Калі яны крытыкуюць уладу за тую ж карупцыю, людзі іх не разумеюць.

— Ці маюць апошнія падзеі ў арабскіх краінах уплыў на расійскую грамадскую дыскусію?

— Амаль ніякага. Наадварот, навіны пра тое, што з-за тых жа арабскіх рэвалюцый кошт на нафту ідзе ўгору, выклікалі ў людзей шмат ілюзій наконт таго, што крызіс праходзіць, вяртаюцца тлустыя часы першай дэкады стагоддзя. Іх сімвалам, безумоўна, з’яўляецца Пуцін. Таму зараз перамога яму гарантаваная. Пасля, баюся, калі кошты на нафту і газ застануцца высокімі, нас чакае сапраўдная дэкада застою. У афіцыйных СМІ гэта эра, натуральна, будзе называцца “стабілізацыя.
 

Каментаваць