Бадо Рамелаў. Віні Мандэла. Альберта Нуньес Фейхоа

Бадо Рамелаў

Бадо Рамелаў



Лідэр выбарчага спіску Левай партыі ў нямецкай зямлі Турынгія, дзе хутка адбудуцца мясцовыя выбары, стаў героям СМІ дзякуючы словам: «ГДР нельга лічыць неправавой дзяржавай». Пры гэтым Рамелаў таксама падкрэсліў, што ГДР была «таксама дзяржавай сацыяльнай справядлівасці». На яго думку, казаць, што ў ГДР панаваў не закон, а камуністы, «значыць пакрыўдзіць 16 мільёнаў былых грамадзян ГДР». Натуральна, правыя партыі і былыя ахвяры ўсходненямецкай дыктатуры жорстка рэагавалі на словы палітыка. Фактычна яны парушаюць правіла палітычнай дыскусіі ў ФРГ. Самае цікавае, аднак, у тым, што Рамелаў паходзіць з Заходняй Германіі і пераехаў у Турынгію толькі ў 1990 годзе. Больш таго, ён выхадзец з сям’і буйнага бізнесмена. У сувязі з гэтым шмат хто разглядае правакацыйныя заявы Бадо як спробу ажывіць настальгічныя настроі былых грамадзян ГДР, у склад якой уваходзіла Турынгія. Рамелаў не першы раз раздае кампліменты ГДР. Раней ён праславіўся сваім каментарам на адрас дрэннай сістэмы школьнай адукацыі ў ФРГ. «Лепшая формула адукацыі — гэта школьная сістэма ГДР мінус Марго Хонікер», — сказаў палітык (Марго Хонікер — былы міністр адукацыі ва Усходняй Германіі).



Віні Мандэла



72-гадовая былая жонка першага прэзідэнта Паўднёвай Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) Нельсана Мандэлы, яшчэ нядаўна лічылася палітычным трупам. Прычына — скандал 2003 года, калі Віні абвінавацілі ў карупцыі. Раней яе нават падазравалі ў выкраданні і забойстве 14-гадовага падлетка. Пасля гэтага Віні разышлася з мужам і сышла з палітыкі. І раптам цудоўнае вяртанне. Былая жонка Мандэлы будзе ў топе выбарчага спісу партыі Афрыканскі нацыянальны кангрэс (ANC) на выбарах, якія адбудуцца 22 красавіка. На першым месцы ў спісе — старшыня партыі, на другім — цяперашні прэзідэнт ПАР, а на пятым — Віні ўласнай персонай. На думку большасці аналітыкаў, такое высокае месца ў спісе гарантуе Віні не толькі мандат, але і партфель міністра. Адзін з экспертаў лічыць, што вяртанне Віні ў палітыку звязана з яе вялікай папулярнасцю сярод гарадской беднаты. У часы апартэіду Віні была культавай фігурай супраціву. У сваю чаргу праціўнікі ANC назвалі з’яўленне ў спісе Віні Мандэлы «амаральным учынкам».



Альберта Нуньес Фейхоа



Старшыня кансерватыўнай Народнай партыі ў іспанскай вобласці Галісія зрабіў нешта незвычайнае. Ягоная структура атрымала на выбарах у рэгіянальны парламент абсалютную перамогу. Кансерватары атрымалі 39 мандатаў, у той час як іх канкурэнты-сацыялісты — толькі 24. Яшчэ 12 мандатаў маюць галісійскія нацыяналісты. Перамога Фейхоа цікавая тым, што Народная партыя цяпер перажывае кепскія часы. Шмат яе функцыянераў абвінавачаныя ў сістэмным раскраданні мясцовых бюджэтаў. Шмат хто лічыць, што скандал быў замоўлены сацыялістамі, якія фармуюць цэнтральны ўрад, з мэтай дыскрэдытацыі канкурэнтаў напярэдадні выбараў. Так ці інакш, Альберта даказаў, што нават у такіх умовах можна перамагаць. Такім чынам, Галісія зноў вяртаецца ў рукі кансерватараў. У прынцыпе гэта пасуе мясцовай палітычнай традыцыі. З Галісіі паходзіць такі вядомы аўтарытарны палітык, як Франсіска Франка. Тут таксама знаходзяцца гістарычная радзіма сям’і Фідэля і Рауля Кастра.


Каментаваць