Бакіеў у Мінску: погляд з Усходу

Як рэагуе грамадскасць Сярэдняй Азіі на нечаканы візіт Бакіева ў Мінск, сумесныя з Лукашэнкам заявы на адрас Масквы і новага ўрада ў Бішкеку? Пра асаблівасці ўспрымання феномену Беларусі ў сярэднеазіяцкім рэгіёне журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, супрацоўнікам сярэднеазіяцкага Бюро па правах чалавека. 

— Які імідж мела Беларусь сярод жыхароў Кыргызстана да апошніх падзей?



Як рэагуе грамадскасць Сярэдняй Азіі на нечаканы візіт Бакіева ў Мінск, сумесныя з Лукашэнкам заявы на адрас Масквы і новага ўрада ў Бішкеку? Пра асаблівасці ўспрымання феномену Беларусі ў сярэднеазіяцкім рэгіёне журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Грышыным, супрацоўнікам сярэднеазіяцкага Бюро па правах чалавека. 

— Які імідж мела Беларусь сярод жыхароў Кыргызстана да апошніх падзей?

— Беларусь сярод узбекаў, кіргізаў і казахаў выклікае падвойнае пачуццё. Усё, здаецца, стабільна і спакойна, краіна (ці, дакладней, Бацька) быццам рэальна перамагае карупцыю, народ мае магчымасць лёгка і без праблем выязджаць у Еўропу. Увогуле, па Беларусі відаць, што дыктатура дыктатуры розніца. Лукашэнка ўсё ж адрозніваецца ад сваіх азіяцкіх і каўказскіх калегаў. Калі для большасці на першым месцы, як правіла, стаяць уласныя і сямейныя эканамічныя інтарэсы, то беларускі Бацька — дыктатар па перакананнях. Для сябе яму не трэба нічога, хіба што застацца ў гісторыі. Такі сталінскі тыпаж.

— Наколькі імідж Беларусі змяніўся пасля прыезду ў Мінск Бакіева?

— Калі раней да Беларусі і да Лукашэнкі ў прыватнасці ставіліся нейтральна, то цяпер у грамадстве відавочны раскол. Частка палітыкуму, перш за ўсё нацыянал-патрыёты Казахстана, віталі дэмарш Мінску. Даць прытулак Бакіеву насуперак волі Пуціна — гэта заслугоўвае павагі. Чаму Масква можа даць прытулак Акаеву, а Мінск Бакіеву — не? Пры гэтым казахскія лукафілы ўвесь час параўноўваюць учынак Лукашэнкі з баязлівай, на іхнюю думку, палітыкай Назарбаева, якога яны лічаць пудзелем Пуціна.

Сфармавалася і іншая пазіцыя, згодна з якой выключна людзі з дэфармаваным сумленнем могуць апраўдваць злачынцу, што дазволіў расстрэльваць свой народ дзеля крэсла прэзідэнта.

— Бакіеў у Мінску зрабіў шэраг заяў. Як іх у вас каментуюць?

— Нават тыя, хто пабачыў у Лукашэнку абаронца суверэнітэту Беларусі, не падтрымліваюць фігуру Бакіева. Занадта ён непапулярны і неадэкватны, як усе дыктатары. “Я, каб народ разумеў, што, выконваючы загады банды, ён ставіць сябе па-за законам, — кажа Бакіеў. Атрымліваецца, што толькі Бакіеў з яго сям’ёй застаўся ў прававым полі, астатнія ўсе — злачынцы. Гэта смешна. Акрамя таго, на дадзены момант учынкі Бакіева можна расцэньваць як учынкі ворага кіргізскага народа. Ён бачыць, якое няпростае становішча ў краіне, аднак упарта штурхае свой клан да грамадзянскай вайны. Часта Мінск крытыкуюць за тое, што ён даў Бакіеву трыбуну для правакацыйных заяў. Нарэшце, мала хто зразумеў тактыку Бакіева, які за адзін тыдзень паспеў спачатку адмовіцца ад пасады прэзідэнта, пасля зноў абвесціць сябе прэзідэнтам, пасля зноў дэ-факта ад гэтай пасады адмовіцца. Быццам гульня ў рамонак: застаюся прэзідэнтам — не застаюся.

— Ці не думаюць у Сярэдняй Азіі, што беларускія ўлады самі напісалі Бакіеву тэксты ягоных прамоў?

— Я не сустракаў такой думкі. Хіба што была абсалютна экстравагантная версія, нібыта Лукашэнка дзякуючы Бакіеву хацеў падставіць Назарбаева, які зараз адказвае за АБСЕ. І другая версія: хацеў справакаваць яго на якія-небудзь несяброўскія крокі ў рамках Мытнага саюза, каб пахаваць гэту нявыгадную Беларусі структуру. Аднак такая шматхадоўка выглядае занадта фантастычнай.

— Якімі ў такім выпадку былі матывы Лукашэнкі?

— Пагаджуся з думкай, якая дамінуе сярод экспертаў. Бакіеў і Лукашэнка ментальна блізкія. Абодва будавалі сваю сістэму за кошт моцнай прэзідэнцкай вертыкалі, абодва спрабавалі гуляць, балансуючы на інтарэсах Захаду і Расіі.

— Ці сустракаюцца ў меркаваннях вашых экспертаў прагнозы адносна будучыні Беларусі?

— Шмат мясцовых каментатараў бачаць у кіргізскіх падзеях расійскі след і прагназуюць выбух новых імперскіх амбіцый Крамля ў зоне СНД. Аднак на гэты раз Масква збіраецца пашыраць уплыў не за кошт постсавецкіх сатрапій, а за кошт рэвалюцый. Сярод патэнцыйных ахвяр называюць і ваш рэжым. Праўда, пры гэтым адзначаюць, што Бацька моцна трымае лейцы.

— Як будуць развівацца адносіны паміж Бішкекам і Мінскам?

— У першыя дні знаходжання Бакіева ў Мінску тут хапала спекуляцый. Нават казалі пра тое, што Мінск паспрабуе стварыць на поўдні Кыргызстана калі не марыянетачную дзяржаву, то хаця б падкантрольную сабе палітычную групоўку. Аднак зараз зразумела, што без прысутнасці Бакіева гэта малаверагодна. Ды і Мінску тое не трэба. Згаданая ментальнасць Лукашэнкі і Бакіева не абяцае апошняму нічога добрага. Хітры Лукашэнка выдасць Бакіева, як толькі будзе магчымасць атрымаць на гэтым нейкія бонусы. Думаю, бліжэй да прызначаных на кастрычнік выбараў у Кыргызстане адносіны паміж дзяржавамі наладзяцца.

— Якое ваша асабістае стаўленне да кіргізскай рэвалюцыі?

— Кыргызстан яшчэ ў 2005 годзе прадэманстраваў, што дэмакратыя — перспектыва занадта ўжо далёкая для ўсяго рэгіёна, у лепшым выпадку сямейны клан адных “дэмакратаў можа змяніцца кланам іншых “дэмакратаў. І на іх фоне беларускі Бацька выглядае ва ўсякім разе больш сумленным, паколькі хоць не выкарыстоўвае дэмакратычную рыторыку.
 

Каментаваць