Балканізацыя па-кітайску

Падзеі ва Урумчы яскрава прадэманстравалі крах мадэлі нацыянальнай палітыкі Кітайскай народнай рэспублікі.

Не маюць рацыі тыя кітайскія функцыянеры, якія кусаюць локці з-за таго, што ў пачатку ліпеня пусцілі на самацёк інцыдэнт у мясцовасці Сіньцзянь, дзе кітайскія рабочыя арганізавалі суд Лінча над уйгурам, які, у сваю чаргу, быццам учыніў гвалт з нейкага кітайца. Таго уйгура кітайцы забілі, а паліцыя факт самасуду праігнаравала. Менавіта гэты выпадак і справакаваў выбух 4 ліпеня ва Урумчы, дзе натоўп уйгураў разграміў цэнтр горада, уступіў у бойку з сіламі аховы правапарадку (афіцыйныя вынікі — 184 забітых, неафіцыйныя — 600–800).



Падзеі ва Урумчы яскрава прадэманстравалі крах мадэлі нацыянальнай палітыкі Кітайскай народнай рэспублікі.

Не маюць рацыі тыя кітайскія функцыянеры, якія кусаюць локці з-за таго, што ў пачатку ліпеня пусцілі на самацёк інцыдэнт у мясцовасці Сіньцзянь, дзе кітайскія рабочыя арганізавалі суд Лінча над уйгурам, які, у сваю чаргу, быццам учыніў гвалт з нейкага кітайца. Таго уйгура кітайцы забілі, а паліцыя факт самасуду праігнаравала. Менавіта гэты выпадак і справакаваў выбух 4 ліпеня ва Урумчы, дзе натоўп уйгураў разграміў цэнтр горада, уступіў у бойку з сіламі аховы правапарадку (афіцыйныя вынікі — 184 забітых, неафіцыйныя — 600–800).

У кожнага, хто цікавіцца палітыкай, рэпартажы з Урумчы выклікаюць асацыяцыі з вясновымі пратэстамі ў Тыбеце. Сцэнары падзей вельмі падобныя (вулічныя пратэсты, бойкі з паліцыяй) і падобныя лозунгі — незалежнасць. Выснова, якую можна з гэтага зрабіць, — нацыянальная палітыка КНР буксуе.

Увогуле, у Кітаі жывуць 56 нацыянальных меншасцяў, ці каля 700 мільёнаў чалавек (прыкладна 6 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва краіны). Карэнных кітайцаў, або, як іх называюць, ханьцаў, — больш за 90 працэнтаў.

Народы былі ўключаныя ў склад Кітая рознымі шляхамі. Каго заваявалі (уйгуры), а хто сам спачатку заваяваў Кітай (маньчжуры або манголы). Так ці інакш, на момант абвешчання Кітайскай рэспублікі (1911 год) нацыянальнае пытанне было вельмі актуальным. Праўда, з улікам хаосу, які панаваў у краіне, да сістэмнай рэалізацыі нацыянальнай палітыкі справа не дайшла.

Па-іншаму вырашылі нацыянальнае пытанне ў Кітаі японцы, якія ў 1930-я гады пашырылі зону свайго ўплыву на паўночную частку краіны. Яны стварылі тут дзве марыянетачныя дзяржавы для манголаў і маньчжураў, якія былі прызнаныя шматлікімі краінамі, у тым ліку СССР. Дарэчы, японцы не прыдумалі нічога новага. Масква ў 1930–40-я гады спрабавала стварыць на тэрыторыі, дзе жывуць уйгуры, буферную дзяржаву Усходні Туркестан.

У 1949 годзе ў вайне з Чан Кайшы перамаглі камуністы, праграма якіх прадугледжвала пабудову сацыялістычнага Кітая на федэратыўных прынцыпах. Да гэтага, аднак, справа не дайшла: нацменшасці атрымалі толькі статус аўтаномных раёнаў. Асаблівая сітуацыя была ў Тыбеце, які першапачаткова меў пэўную самастойнасць. Аднак пасля паўстання 1959 года, у выніку якога Далай Лама збег у Індыю, Тыбет таксама стаў толькі аўтаноміяй.

Аўтаноміі для нацменаў не сталі вырашэннем праблемы. Лепшы прыклад таму — падзеі 1962 года, калі быў зарэгістраваны самыя масавыя ў гісторыі добраахвотныя ўцёкі ў СССР. З-за голаду, выкліканага курсам Вялікага скачку, у Казахстан збегла 62 тысячы уйгураў.

Такім чынам, на пачатку ХХІ стагоддзя сітуацыя выглядае наступным чынам. Пяць народаў жывуць у аўтаномных раёнах, дзе іх мова, як і кітайская, мае афіцыйны статус. На мясцовых мовах друкуюцца ўсе прынятыя законы. Пяць моваў ёсць на дзяржаўных банкнотах. Босамі аддзелаў кампартыі ў тых раёнах абавязкова прызначаюцца тутэйшыя. Дзяржава больш-менш спрыяе развіццю нацыянальных культур.

Усё было б добра, калі б не эканамічны бум 1990-х гадоў, наступствам якога перш за ўсё стала масавая міграцыя ханьцаў з цэнтральнага і заходняга Кітаю на ўскраіны. Калі ў 1945 годзе уйгуры складалі 90 працэнтаў жыхароў аўтаноміі, то зараз — толькі 45, што, натуральна, выклікае ў іх незадавальненне.

Развіццё ўнутранага рынку КНР прывяло да росту попыту на спецыялістаў з добрым веданням кітайскай мовы. Нацменам, які не маюць квотаў падчас конкурсаў на дзяржаўныя пасады, здаць моўны экзамен больш цяжка, чым этнічнаму кітайцу. У выніку яны выцясняюцца з эліты.

Трэці чыннік для незадавальнення — бурная эксплуатацыі карысных выкапняў у аўтаномных раёнах. Як правіла, прыбытак з гэтага атрымлівае цэнтр або кітайскія кампаніі. Добры прыклад — Xinjiang Production and Corporation Group, створаная з ініцыятывы дзяржавы грамадская арганізацыя, пад кантролем якой знаходзяцца ў тым ліку здабыча і продаж уйгурскіх газу і нафты. Толькі 6 працэнтаў сяброў арганізацыі уйгуры.

Згаданыя фактары, як лічаць эксперты, і прывялі да цяперашніх пратэстаў. Цікавай была рэакцыя Пекіна: кітайскія ўлады абралі іншую тактыку для барацьбы з сепаратыстамі, чым у Тыбеце. Яны не блакавалі інтэрнэт, а наадварот запрасілі на месца канфлікту замежных журналістаў. Такі падыход цалкам лагічны з улікам наступнай акалічнасці.

У адрозненні ад тыбетцаў, уйгурскім актывістам невядома слова «піяр». Далай Лама стаў іконай для заходніх праваабаронцаў, артыстаў Галівуда і бюргераў — фанатаў усходняй эзатэрыкі. А ў змагароў за незалежнасць Уйгурстану іміджавай палітыкі папросту няма. Больш таго, іх імідж вельмі не прывабны.

Рабія Кадыр — лідэр фракцыі уйгурскай эміграцыі, якая выступае за пабудову уйгурская дзяржавы па турэцкай мадэлі, не задае тон у палітычным уйгурскім дыскурсе. Між тым, вядома, што групоўка Мусульманскі рух Усходняга Туркестана, якая кантактуе з афганскімі талібамі, стаяла за тэрактамі, напрыклад, за забойствам кітайскага дыпламата ў Кіргізіі і атакай на паліцэйскі ўчастак напярэдадні пекінскай алімпіяды. У свой час адміністрацыя Белага дома нават хваліла кітайскія ўлады за бязлітасную вайну з уйгурскімі тэрарыстамі. Пекіну, відавочна, выгодна падтрымліваць на Захадзе такі імідж уйгурскага руху.

Аднак ужо той факт, што кітайскі лідэр Ху Цзіньтао адмовіўся з-за пратэстаў ва Урумчы ад удзелу ў саміце Вялікай васьмёрцы, кажа пра складанасць становішча. Відавочна, што механізмаў развязання праблемы ў Пекіна пакуль няма. Больш таго, цяпер яму трэба вырашаць не толькі уйгурскае, аднак і кітайскае пытанне.

Простыя ханьцы рэагавалі на навіны з Урумчы гэтак жа, як расіяне рэагавалі на паведамленне пра тое, што ў Таліне перанеслі помнік савецкім салдатам. Кітайскія інтэрнэт-форумы захліснула хваля шавінізму. Прэса піша нават пра пагрозу уйгурскіх пагромаў. Тым больш, што уйгуры ў кітайскіх рэгіёнах маюць імідж, падобны да іміджу каўказцаў у Расіі. Звычайна яны займаюцца дробным гандлем, аднак у грамадстве пашырана шмат ксенафобскіх стэрэатыпаў, адпаведна якім кожны уйгур — заўзяты злачынца.

Каментаваць