Басаеў: «Вашая велікаруская мара — седзячы па горла ў лайне, зацягнуць туды і астатніх...»

Чалавек, дэманізаваны расійскай прапагандай яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам, генерал, дыверсант, футбаліст грозненскага «Церэка» і прэм’ер-міністр Ічкерыі. Ён пакінуў крывавы след у расійскай гісторыі, хаця да крыважэрнасці тых, з кім ён змагаўся, яму было далёка.

Фота www.warchechnya.ru

 

Кім быль Шаміль Басаеў? Для кагосьці — воін. Для кагосьці — тэрарыст. Звычайная справа ў свеце, прасякнутым канфліктамі. Сёння, 10 ліпеня, са дня смерці гэтага чалавека спаўняецца 11 гадоў.


Маладосць


Шаміль Басаеў нарадзіўся ў 1965 годзе ў сяле Дышнэ-Ведзяно тады яшчэ Чачэна-Інгушскай АССР. Крыніцы мала пішуць пра яго дзяцінства, затое дакладна вядома, што будучы аналаг Усамы бін Ладэна для Расіі мог стаць дыпламаваным юрыстам — ён тройчы спрабаваў паступіць на юрыдычны факультэт МДУ. Але так і не паступіў — па ўласных словах, з прычыны карумпаванасці савецкай сістэмы адукацыі. «Я тройчы паступаў на юрфак МДУ, не праходзіў па конкурсе. Мне землякі казалі: трэба даць пяць тысяч. Я кажу: не магу. Калі зараз дам хабар, якім я тады следчым буду?» — паведаміць ён пазней у адным з інтэрв'ю.

У 1987 годзе Басаеў паступіў у Маскоўскі інстытут інжынернага землеўладкавання, але правучыўся там толькі год. Перабудовачная Масква — горад, дзе ледзь пачынаў квітнець рынкавы капіталізм, што прыносіла маладым, хваткім і амбіцыйным мноства магчымасцяў, у тым ліку фінансавых. Мусіць, таму 22-гадовы Шаміль і вырашыў застацца там, і замест навучання ва ўніверсітэце пайшоў на працу: быў і касірам у тралейбусным парку, і сторажам у пельменнай. А ўжо праз 2 гады, па ўласным прызнанні, дзякуючы продажу камп'ютараў «фактычна быў мільянерам».

Па іроніі лёсу, з 1988-га па жнівень 1991-га ён працаваў на фірме «Усход-Альфа» суайчынніка Суп’яна Тарамава, і нават жыў у яго, а праз некалькі гадоў Тарамаў заняў у першай чачэнскай вайне бок Расіі.

Калі ў Чачні пачаўся перадзел улады, Басаеў вырашыў вярнуцца на радзіму. Так і пачалася яго вайсковая кар'ера. Ён уступіў ва ўзброеныя фарміраванні Канфедэрацыі народаў Каўказу (КНК) ды стварыў добраахвотніцкі батальён «Ведзяно», пераважна са сваіх землякоў.

Будучы генерал ніколі не вучыўся вайсковай справе ад прафесіяналаў (тэрміновую вайсковую службу ў савецкі час ён праходзіў у пажарным разліку аэрадрому ВПС) — ён быў самавукамй, які рыхтаваўся, з яго ж уласных словаў, па расійскіх падручніках. Стварэнне ўласнага батальёну ён патлумачыў так: «Нас было чалавек трыццаць хлопцаў, мы разумелі, што проста так Расія Чэчню не адпусціць, што свабода — рэч дарагая, і за яе трэба плаціць кроўю. Таму ўзмоцнена рыхтаваліся».  

З вартаўнікоў — у генералы

Далей падзеі развіваліся імкліва. Першай акцыяй Басаева стаў захоп пасажырскага лайнеру Ту-154 з 178 чалавекамі на борце — у знак пратэсту супраць увядзення надзвычайнага становішча ў краіне. З аэрапорту ў Мінеральных водах Басаеў прымусіў лётчыкаў ляцець у Турцыю, дзе дамогся перапраўкі ў Чачню ўзамен на вызваленне закладнікаў. Гэта адбылося ў кастрычніку 1991-га.

Потым — вайна ў Нагорным Карабаху на баку Азербайджана, грузіна-абхазскі канфлікт на баку Абхазіі. Журналісты не раз спрабавалі павесіць на Басаева джыхадызм — маўляў, ён ехаў у іншую краіну ваяваць за веру. Аднак сам Шаміль выказваўся пра свае матывы вельмі недвухсэнсоўна: «Якая вера? Абхазцы ўсе пагалоўна — паганцы. Я ваяваў за свабоду абхазскага народу. Дзесьці ў студзені 1993-га стала зразумела, што гэтая вайна карысная для Расіі. Усе добраахвотнікі, хто там ваяваў, збіраліся і раіліся: будзем ваяваць — то будзе на карысць Расіі, пойдзем — тое ж самае. Але мы прыйшлі, каб абхазаў не душылі. Значыцца, давядзём сваю справу да канца, а там Бог рассудзіць».

Фота www.warchechnya.ru

Ужо ў 1992-м Басаеў стаў камандзірам роты батальёну спецыяльнага прызначэння Нацыянальнай гвардыі Джахара Дудаева, у наступным годзе сфармаваў у грозным асобны атрад з чачэнцамі, з якімі раней ваяваў у Абхазіі («Абхазскі батальён»). Да пачатку першай чачэнскай кампаніі Расія ўжо мела ў выглядзе Басаева загартаванага, небяспечнага і дасведчанага палявога камандзіра.

Падчас Першай чачэнскай вайны Абхазскі батальён Басаева дзейнічаў аўтаномна — фактычна не падпарадкоўваючыся нікому, але гэтая аўтаномнасць ніяк не замінала, а мо нават і дапамагала вайсковым поспехам — пры зацяжным штурме Грознага расійскія войскі панеслі велізарныя страты. На вуліцах горада былі спаленыя не менш за 225 адзінак бронетэхнікі. Менавіта пра гэтую катастрофу расійскай арміі Цімур Муцураеў потым напіша сваю знакамітую «Русский солдат»:

…О, Боже правый! Да это ж наши танки!
Их триста — все подбиты и горят!
Подняв глаза, я вижу надпись на крыше:
«Эй, ребята, добро пожаловать в ад!»

Мама, приезжай и меня забери.

Не живым, так хоть мёртвым, но меня забери.

Мама, я сгорел, и голодные псы,
Растерзав моё тело, набьют свои животы...

 

У ліпені 1995-га Дудаеў прысвоіў паспяховаму палявому камандзіру званне брыгаднага генерала.

Грозны, тым не менш, трапіў у рукі рускіх, але вельмі ненадоўга. Улетку 1996-га ў рамках аперацыі «Джыхад» байцы Цэнтральнага фронту Узброеных сіл ЧРІ захапілі сталіцу і блакіравалі буйныя групоўкі войскаў РФ у Аргуне і Гудэрмесе. Гэта вымусіла расійскае камандаванне, а потым і палітычныя эліты, пайсці на перамовы і заключыць пазней Хасаўюртаўскія пагадненні. Поспехі Басаева на пасадзе вайсковага камандзіра адыгралі вялізную ролю ў тым, што Першая чачэнская вайна была спыненая на карысных для Чачні ўмовах.

У кароткі міжваенны перыяд Басаеў займаў шэраг палітычных пасад: ад кангрэса народаў Ічкерыі і Дагестана (КНІД) да віцэ-прэм’ера рэспублікі, і нават ачоліў Федэрацыю футбола ЧРІ, акрамя таго, гуляў за грозненскі «Церак» і сам — яшчэ да вайны Басаеў атрымаў першы разрад па футболе.

У жніўні 1999-га ў складзе Ісламскай міжнароднай міратворчай брыгады Басаеў прымаў удзел у сутыкненнях з сілавікамі суседняга Дагестану, які знаходзіўся ў складзе РФ, і нават захапіў шэраг населеных пунктаў. Кантроль над Дагестанам быў хутка ўзноўлены федэраламі, тым не менш гэтага ім аказалася мала, і расійскі ўрад, ужо з Пуціным на чале, вырашыў узяць рэванш за прыніжальныя паразы ў Ічкерыі.

Аднак электарату з буйных расійскіх гарадоў не было справы да баёў у дагестанскіх сёлах — для пачатку вайны патрэбная была больш сур'ёзная нагода. І яна была знойдзеная: у верасні 1999-га ў жылых дамах Масквы і Валгадонска адбыліся выбухі. Сотні забітых. Тады ўлада чэкістаў яшчэ не была ў Расіі абсалютнай, існавала моцная грамадзянская супольнасць і незалежная журналістыка. Таму схопленых амаль за руку ФСБшнікаў, што закладвалі гексаген у падвалы абмяркоўвалі на тэлешоу ў прамым эфіры, гэтаксама як і хлусню чэкісцкіх кіраўнікоў аб «вучэннях».

Тым не менш, электарат праглынуў нажыўку — і пасля знакамітай заявы пра «мачыць у сартыры» пачалася новая вайна.

Пазней, у 2004-м, у лісце да Пуціна Басаеў скажа прамым тэкстам: «Мы не маем дачынення да падрываў жылых дамоў у Маскве і Валгадонску, але можам у прымальнай форме і гэта ўзяць на сябе»

Аднак чэкісты ў Расіі сталі ўжо занадта моцнымі, каб ісці на кампрамісы.

Другая Чачэнская

Новы ўвод войскаў. Зачысткі, масавыя вайсковыя злачынствы. Забойствы палонных з абодвух бакоў і доўгі перыяд паўстанцкай барацьбы ў новай — ужо Кадыраўскай — Чачні. У лютым 2000 года, выводзячы свае войскі з Грознага, Басаеў падарваўся на супрацьпяхотнай міне і пазбавіўся ступні. Але пасля аперацыі ў вайскова-палявых умовах працягнуў камандаваць атрадамі супраціву.



З перыядам Другой чачэнскай вайны звязаны самы супярэчлівы перыяд у жыцці Басаева. У адказ на шматлікія вайсковыя злачынствы і разню федэраламі мірных жыхароў Ічкерыі ён палічыў магчымым прымяняць супраць мірнага насельніцтва Расіі аналагічныя тэрарыстычныя метады — за што і стаў пудзілам расійскай прапаганды і тварам «чачэнскага тэрарызму».

23 кастрычніка 2002 года група баевікоў захапіла 850 закладнікаў у тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве, дзе ў той час адбываўся паказ мюзіклу «Норд-Ост». Патрабаванні: вывад войскаў з Ічкерыі. Праз тры дні сілавікі пачалі штурм з прымяненнем газу на аснове фентанілу (моцнага апіоіду): 170 чалавек забітыя, большасць — з-за наступстваў атручвання газам.

1 верасня 2004 года маджахеды захапілі школу ў Беслане (Паўночная Асеція), дзе ў той час адбывалася ўрачыстая лінейка. У закладніках — 1100 чалавек. Патрабаванні: вывад войскаў з Чачні і спыненне вайны. Зноў Пуцін аддаў каманду на штурм. Школу, набітую дзецьмі, спецназ і СОБР атакавалі з прымяненнем танкаў і рэактыўных агнямётаў. Вынік: 330 закладнікаў забітыя, з іх 186 — дзеці.

У 2017-м Еўрапейскі суд па правах чалавека асудзіў Расію за непамернае прымяненне сілы пры спецаперацыі і пагарду жыццямі закладнікаў, таксама абавязаўшы выплаціць 2,95 мільёна еўра сем'ям загінулых.

Басаеў ніколі не хаваў сваёй датычнасці да арганізацыі абедзвюх акцый, як і датычнасці да іншых, сумнеўных з пункту гледжання міжнароднага права дзеянняў. Такіх як, напрыклад, забойства 9-ці палонных амапаўцаў у красавіку 2000-га, якіх Расія адмовілася абмяняць на палкоўніка Юрыя Буданава, што забіў і згвалтаваў 18-гадовую чачэнскую дзяўчынку.

Безумоўна, забойства мірных грамадзян і захоп у закладнікі бяззбройных не могуць быць апраўданыя нічым: ані барацьбой за веру, ані нацыянальна-вызваленчымі матывамі.

Але тыя, хто лепяць з Басаева пачвару з пекла, звычайна забываюцца дадаць, што яго бацькі разам з усім чачэнскім народам былі дэпартаваныя ў 1944 годзе. Што ў 1995-м у выніку расійскага ракетна-бомбавага ўдару быў знішчаны дом дзядзькі Басаева ў Ведзяно, у выніку чаго загінулі 12 родных Шаміля, у тым ліку ягоны стрыечны брат, сястра і сямёра яе дзяцей.

Забываюцца яны чамусьці і на дывановыя бамбардзіроўкі Грознага, і на зачысткі чачэнскіх сёл з масавымі згвалтаваннямі і забойствамі мясцовых, і на пачварныя катаванні палонных — вайсковых і грамадзянскіх, што шырока ўжываліся расійскай выведкай у Чачні.

У сваіх інтэрв'ю і відэазваротах Басаеў падкрэсліваў, што ён будзе дапускаць роўна тое, што дапускаюць яго ворагі, і што забойствы мірнага насельніцтва Расіі для яго прымальнае, бо ўсе расіяне, паводле яго меркавання, нясуць калектыўную віну за дзеянні расійскай улады: галасуюць за гэту ўладу на выбарах, плацяць ёй падаткі і тым самым падтрымліваюць усю вайсковую машыну, якая гадамі праводзіць генацыд чачэнскага народу. Логіка, далёкая ад гуманізму і дэмакратычнасці, але лёгка асуджаць яе тым, чые родныя не загінулі пад бомбамі, і тым, хто не бачыў трупаў дзяцей, закатаваных салдатамі...

Сапраўдная прычына смерці Басаева дагэтуль не вядомая. У 2006 годзе ён узарваўся ў грузавіку са снарадамі і бомбамі. Але быў гэта вынік спланаванай спецаперацыі, як заяўляе ФСБ, ці вынік неасцярожнага абыходжання з выбухоўкай (як кажуць сепаратысты) — ніхто не ведае, і наўрад ці даведаецца ў бліжэйшы час. Але смерць уплывовага і моцнага камандзіра адкрыла для Расіі шырокую дарогу ў вынішчэнні чачэнскага падполля і ўмацавання ў Чачні ўлады сваіх стаўленікаў: Кадырава (якога Басаеў здзекліва называў Кафыравым, ад арабскага «кафыр» няверны) і яго галаварэзаў.

Дык кім жа быў Шаміль Басаеў?

Сёння, у 11-годдзе са дня яго смерці, для расіян ён па-ранейшаму тэрарыст. Для даследчыкаў — кіраўнік сепаратысцкага падполля. Для маджахедаў Каўказу — прыклад для пераймання. Аб'ектыўны погляд тут надзвычай цяжкі.

Стварыць з чалавека пудзіла — лёгка. Разабрацца ў матывах яго ўчынкаў — нашмат цяжэй. У жорсткім і крывавым канфлікце, дзе абодва бакі дазваляюць сабе забіваць бяззбройных і прыкрывацца грамадзянскімі асобамі, пошук больш вінаватага і менш вінаватага — справа маральна няўдзячная. Але ў любым асіметрычным супрацьстаянні (а менавіта такім было супрацьстаянне Расіі і Чачні) мяч — а з ім і магчымасць спыніць кровапраліцце заўсёды на баку больш моцнага, а больш моцны ў дадзеным выпадку менавіта Расія.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Злой
  • 2017-07-13 09:48:19
Николай, зачем вытаскивать эти кости? Чтобы лишний раз напомнить России, что она живет в дерьме? Наводите порядок в Беларуси, восстанавливайте законность, уважение к правам человека ЗДЕСЬ. И уж точно не такими статьями. Террорист - он и в Африке террорист. Басаев заслужил свой бесславный конец убийствами детей и женщин, какими бы благородными целями он это не оправдывал.
  • Вячеслав Сафронов
  • 2017-07-13 13:38:36
Следующий панегирик дедок напишет про Васюру?
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:40:15
Нажаль, не маю часу ўвязвацца ў працяглую дыскусію, таму адкажу адзін раз, але разгорнута.

1. "Николай, зачем вытаскивать эти кости? Чтобы лишний раз напомнить России, что она живет в дерьме?" ------ Не. Я лічу, што на сенняшні дзень усе людзі прагрэсіўных і дэмакратычных поглядаў, у тым ліку анархісты, знаходзяцца ў стане інфармацыйнай вайны супраць Рускага Свету. Яго ідэялогія гэта рэінкарнацыя сталінізма, якая сення пагражае не толькі народу Расеі, але і ўсім народам усходней Еўропы (а па таму што здарылася ў Францыі і ў ЗША мы бачым, што і не толькі ўсходней еўропы). Гэта рэакцыйная ідэялогія фашысцкага тыпу, якая зараз усзята на ўзбраенне самай вялікай (па памерах) дзяржавай, якая, да таго ж, мае ядзерную зброю.
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:40:46
Данбас, Крым, Грузія, Прыднестроў'е, Чачня - паўсюль Расея са сваім Рускім светам ясна паказала, што яна не спыніцца ні перад чым у сваей каланіяльнай экспансіі, што дзеля памнажэння ўлады і багацця расейскіх чэкістаў і алігархаў. дзеля росту сваей імперскай велічы яны гатовыя і надалей ліць кроў.

Менавіта таму я пішу артыкулы такога кшталту, бо я хачу, каб у гэтай барацьбе за розумы на паверхні апынулася як мага больш праўды, замест той нізкай хлусні, якая зараз распаўсюджваецца пра Басаева (і ўсіх ворагаў\крытыкаў Расеі) прапагандысцкай машынай Імперыі. Мая мэта - паказаць асобу Басаева такой, якая яна есць насамрэч (неадназначная і складаная), а не такой, якой яе прадстаўляюць адэпты Рускага свету.
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:41:00
"Террорист - он и в Африке террорист." ------- Пачнем з таго, што ярлык "тэрарыст" я лічу ўвогуле спекулятыўным і маніпулятыўным. Гэтае слова з негатыўнай афарбоўкай занадта часта выкарыстоўваецца СМІ для ачарнення тых, хто ўжывае гвалтоўныя дзеянні супраць істэблішэмэнта. Прытым падвоеныя стандарты ва ўжыванні гэтага слова сталі ўжо агульным месцам. Напрыклад, амаль увесь свет называе данбасскіх сепараў "тэрарыстамі". А для Расеі яны - "ополченіе ДНР", бараьбіты за свабоду. Яшчэ адзін хрэстаматыйны прыклад: курдскі ўзброены рух. Самая ўплывовая палітычная партыя ў Заходнім Курдыстане (Ражава) гэта PYD - Партыя дэмакратычнага адзінства. У яе выдатныя адносіны з ЗША і Еўропай, Трамп пастаўляе яе ўзброеным атрадам YPG і YPJ ўзбраенне. Аднак варта толькі перайсці мяжу з Турцыяй...
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:41:12
І як па манавенню чароўнай палачкі гэтая партыя пераўтвараецца ў ППК (Працоўную партыю Курдыстана) - арганізацыю, прызнаную тэрарыстычнай Еўропай, ЗША і ААН - адзінадушна. Хаця гэта дэ-факта адныя і тыя ж людзі і адное і тое ж палітычнае кіраўніцтва!
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:41:26
Я ўжо не кажу пра дзяржавы і іх дзеянні. Калі бомбы сыплюцца з самалёта з дзяржаўным сцяжком на фюзеляжы, забіваюць сотні дзяцей і жанчын - гэта "вайсковая аперацыя", усё добра жа. Калі адзіночка-смяротнік падрывае сябе ў натоўпе - гэта "тэрарызм", караўл! Калі ІДІЛ рэжа галовы, спальвае людзей і вешае за неправільна сказаныя словы: якія мярзотнікі! Тэрарысты! Збіраем міжнародную кааліцыю і бамбім іх! Калі ЎСЕ ТОЕ Ж САМАЕ робіць Саўдаўская аравія (хіба што на відэа не здымаюць і ў інтэрнэт не выкладываюць) - кіраўнік ЗША прыязджае да іх, цісне руку і прадае зброю на мільярды даляраў.
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:41:43
Так хто жа такі тэрарыст? Я стараюсь увогуле пазбягаць выкарыстання гэтага слова, нават калі гаворка ідзе аб яўных галаварэзах, кшталту ІДІЛа. Не хачу судзейнічаць семантычным маніпуляцыям.

"Басаев заслужил свой бесславный конец убийствами детей и женщин, какими бы благородными целями он это не оправдывал." -------- Па-першае я, як прыхільнік равенства і праціўнік сэксізма, не лічу што забіваць жанчыну і забіваць мужчыну гэта прынцыпова розныя рэчы.
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:41:55
Ці вы ставіце жаночае жыццё вышэй за мужчынскае? Па-другое, Басаеў не забіваў дзяцей. Я адштуроўваюсь у гэтым сцверджанні ад ягоных уласных словаў: "Мы не ваюем з дзецьмі" (https://www.facebook.com/efrem.lukatsky/posts/1363339340365860), а таксама "Мае маджахеды ў дзяцей не стралялі. Гэта факт" (https://www.youtube.com/watch?v=RtQq-OstY5A). І, ведаеце, Шамілю Басаеву я веру больш, чым расейскім СМІ. Факты кажуць аб тым, што ў тым жа Беслане менавіта СОБР пачаў страляць у набітую дзецьмі школу з рэактыўнага агнямёту. Не баевікі. І менавіта Расію, а не Басаева ЕСПЧ асудзіў за празмернае ўжыццё сілы і забойства гэтых самых дзяцей. Так што раю вам, перад тым, як паўтараць штампы расейскай прапаганды, правярэаць інфармацыю, дзякуй Богу зараз на ангельскай мове хапае матэрыялаў на гэтую тэму, а калі не ведаеце ангельскай - шукайце на ўкраінскай.
  • Александр
  • 2017-07-13 17:40:13
А если бы Бассаев не захватил школу с детьми , стал бы СОБР штурмовать эту школу ?
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:42:07
Пры гэтым паўтару яшчэ раз - для тых хто чытае не ўважліва. Я чорным па белым напісаў, што апраўдаць забойствы бяззбройных нельга нічым - ані рэлігіяй, ані барацьбой за нацыю, ані барацьбой за свабоду. І погляды Басаева - аўтарытарныя, вельмі далёкія ад маіх. Аднак на фоне тых, з кім ён змагаўся (чэкісцкая ўлада Расеі) ён выглядае куды як больш пазітыўна.
  • Мікола Дзядок
  • 2017-07-13 14:45:59
Пры гэтым паўтару яшчэ раз - для тых хто чытае не ўважліва. Я чорным па белым напісаў, што апраўдаць забойствы бяззбройных нельга нічым - ані рэлігіяй, ані барацьбой за нацыю, ані барацьбой за свабоду. І погляды Басаева - аўтарытарныя, вельмі далёкія ад маіх. Аднак на фоне тых, з кім ён змагаўся (чэкісцкая ўлада Расеі) ён выглядае куды як больш пазітыўна.
  • Алесь Горский
  • 2017-07-14 10:15:23
Демонизированный? Вы с ума там сошли? Человек воевавший с беременными женщинами может быть демонизирванным? А Гитлер не демонизирован? Ведь Сталин тоже больше народу постелил.
  • Чытач
  • 2017-07-14 14:06:41
НЧ, Басаеў - злачынца. Без знаку пытання. Як вы можаце так ставіць акцэнты? Гэта ж амаральна.
  • Антон
  • 2017-08-13 02:08:10
Ну відавочна ж што Басаеў- выкармыш расейскіх спецслужбаў. Быў завербаваны яшчэ ў Маскве, выконваў акцыі ў інтарэсах пэўных чэкісцкіх груповак. Спецслужбы арганізавалі ўгон самалёта быццам бы пад кіраўніцтвам 26-гадовага (!) чачэнца, каб зрабіць яму імя. Потым вышкалілі, далі грошы і людзей каб ваяваў за Расійскія інтарэсы ў Грузіі. Такія адыёзныя распіяраныя фігуры бываюць карыснымі для сіл, якім патрэбная вайна... Калі стаў непатрэбным ці нязручным(некантраляваным), агент быў ліквідаваны.
Вось і ўвесь "герой".

Каментаваць