Батыр — усяму аснова

20-годдзе незалежнасці Казахстана пройдзе разам са святкаваннем іншай даты — 300 гадоў ад нараджэння батыра Абылая. Менавіта батыры сталі асновай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі незалежнага Казахстану.



20-годдзе незалежнасці Казахстана пройдзе разам са святкаваннем іншай даты — 300 гадоў ад нараджэння батыра Абылая. Менавіта батыры сталі асновай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі незалежнага Казахстану.

«Батыр» перакладаецца з цюркскай мовы як «герой» (дарэчы, адсюль пайшло і рускае слова багатыр). Аднак на Усходзе практыка ўжывання слова больш шырокая: назва «батыр» або «багадур» была прыняты ў якасці царскага тытулу шматлікімі дынастыямі Усходу. Напрыклад, батырам называў сябе Бабур — заснавальнік Імперыі вялікіх манголаў. Пасля таго, як на пачатку ХХ стагоддзя на мапе свету з’явілася Манголія, батыр стаў мангольскім вайсковым чынам. За ваенныя заслугі гэты тытул быў прысвоены больш чым ста афіцэрам, у тым ліку вядомаму расійскаму беламу генералу Раману Фёдаравічу фон Унгерн-Штэрнбергу. Здаецца, апошнім, хто быў афіцыйна ўзнагароджаны тытулам «батыр», быў казах Аспан, адзін з заснавальнікаў Усходне-Туркестанскай Рэвалюцыйнай Рэспублікі. Цікава, што права Аспану называцца батырам дала Масква, пад патранатам якой знаходзіўся Усходні Туркменістан.

Між тым, у народзе «батырамі» традыцыйна называлі проста мужных людзей. Часам слова выкарыстоўвалася як дадатак да асабістага імя (напрыклад, Сухэ-Батар). Яшчэ адзін важны момант — «батыр» стаў персанажам казак і легенд. Фактычна ў часы СССР іх часцей так і ўспрымалі, як герояў фальклору.

Усё змянілася пасля абвяшчэння Казахстанам незалежнасці. Новая дзяржава сутыкнулася з праблемай стварння канцэпцыі нацыянальнай гісторыі. Па савецкіх падручніках дзяржаўныя структуры складваліся ў Казахстане паралельна расійскай каланіяльнай экспансіі ХVІІІ–ХІХ стагоддзяў. Казахскае ханства (1479–1822) усур’ёз як дзяржава не разглядалася, паколькі, як правіла, яе адміністратыўныя органы качавалі па стэпу.

Тады ў асяроддзі афіцыйных гісторыкаў нарадзілася канцэпцыя Качавой цывілізацыі. Ключавая ідэя палягала ў тым, што да прыходу рускіх на казахскай тэрыторыі існавала добрая сацыяльная арганізацыя. Заставалася толькі знайсці яе артэфакты і напісаць яе гісторыю. Выйсце было знойдзена. «Качавая цывілізацыя як з’ява ў гісторыі існавала, толькі яе характарыстыкі выкладзены ў легендах. Трэба перавесці гэта на мову навукі», — сказаў адзін з афіцыйных казахскіх гісторыкаў.

Гісторыкі сталі актыўна заглыбляцца ў казкі і легенды, дзе галоўную ролю займаюць батыры. Так была заснаваная фабрыка батыраў. У шматлікіх гарадах можна пабачыць манументы героям мясцовага фальклору, якія, па словах уладаў, былі рэальнымі гістарычнымі персанажамі. Самі батыры нечакана набылі рысы сяброў нейкай вайсковай карпарацыі, чый этычны кодэкс падобны на кодэкс еўрапейскіх рыцараў. Узнік нават новы гістарычны тэрмін — «батырства».

Афіцыйная газета «Казахстанская правда» наступным чынам раскрывае яго сутнасць: «Батырства — гэта аснова старажытнай структуры грамадскай і дзяржаўнай арганізацыі казахаў. Батыры — адмысловая сацыяльная катэгорыя людзей, паходжанне сацыяльнага інстытута «батырства» найперш звязана з такімі асабістымі якасцямі чалавека, як доблесць, адвага. Батыр — не толькі тытул храбраца, але яшчэ ён таксама пазначае катэгорыю прафесійных вайскоўцаў. Таму шырокае існаванне слова «батыр» у казахскіх стэпах шмат у чым тлумачыцца вялікай значнасцю войнаў у гісторыі станаўлення казахскай дзяржаўнасці».

Як вядома, Нурсултан Назарбаеў заяўляе, што не належыць да прадстаўнікоў казахскіх арыстакратычных фамілій. Ён з невялікага роду Шапрашты. Кажуць нават, што гэтая акалічнасць не дазваляе яму абвясціць Казахстан канстытуцыйнай манархіяй. У такім разе значна больш правоў будуць мець нашчадкі Чынгізідаў — кіруючая дынастыя Казахскага ханства. Стварэнне «батырства» дазволіла б Назарбаеву часткова вырашыць праблему свайго паходжання.

У 1993 годзе Назарбаеў сказаў публічна, што Карасай батыр з’яўляецца яго восьмым продкам. Больш таго, па словах прэзідэнта, калі Карасай батыр і продак яго жонкі Сары Алпысаўны стаялі спіной адзін да аднаго, 500 ворагаў не маглі падыйсці да іх. Публіцы прадставілі кнігу «Пра далёкіх продкаў да маіх дзён», быццам напісаную ў XVIII стагоддзі пра подзвігі таго самага Карасая. У выніку шырокамаштабнай PR-акцыі (наклад кнігі склаў 300 тысяч экзэмпляраў) літаральна з нічога паўстала выява магутнага Карасай батыра, продка прэзідэнта Назарбаева. На высокім узгорку каля сяла Шамалган узнёсся да неба велізарны помнік Карасай батыру.

Той факт, што арыгінал рукапісу XVIII стагоддзя пра Карасая ніхто дасюль не бачыў, выклікае падазрэнні наконт таго, што Карасай сапраўды існаваў. Па ходу кампаніі ўлады сутыкнуліся з цікавай з’явай. Тыя батыры, якія ў адным раёне лічацца героямі нацыянальнага маштабу, для жыхароў суседняга раёна — усяго толькі канакрады.

Батырства даўно ўжо трапіла ў фокус крытыкі шматлікіх казахскіх гісторыкаў. Аднак комплекснай працы наконт гістарычных фальсіфікацый вакол батыраў пакуль няма. Магчыма, іх стрымлівае невясёлы досвед журналіста Ербола Курманбаева. Ён апублікаваў у газеце «Свабода слова» артыкул «Карасай батыр — казахскі Ілля Мурамец» і адразу атрымаў іск ад прадстаўнікоў роду Шапрашты за зневажанне гонару іхняга продку. Іск склаў 800 мільёнаў тэнге. Гэта рэкордны іск у казахскай гісторыі.

Гісторыкі маюць надзею, што «батырства» закончыцца само па сабе. «Мабыць, працэс з’яўлення новых батыраў раённага маштабу будзе ісці датуль, пакуль не будуць здаволены запатрабаванні ўсіх мясцовых абшчын у сваіх уласных героях», — адзначае казахскі гісторык Ірына Ерафеева. Яна таксама звяртае ўвагу на тое, што батырства не спрыяе нацыянальнаму адзінству. «На дзяржаўным узроўні карэкцыя гісторыі як папаўненне пантэона мясцовых батыраў не мае ідэалагічнай каштоўнасці, ды і папросту немагчымая», — кажа яна. Таксама не зразумела, як інтэграваць у «батырства» рускамоўных грамадзян Казахстану. У гэтым плане чуюцца заклікі да таго, каб шукаць адзіных гістарычных куміраў як для казахаў, так і для рускіх.

Аднак, калі папраўкі і будуць, то не ў гэтым годзе. Сёлета Казахстан паралельна 20-годдзю Незалежнасці будзе адзначаць 300-годдзе з дня нараджэння хана Абылая, аднаго з самых вядомых казахскіх батыраў.
 

Каментаваць