Беларуская дэмакратыя — не тэма для TVP

Скандал у Польшчы. Дзяржаўнае тэлебачанне (TVP) упершыню адмовілася перадаваць канцэрт салідарнасці з Беларуссю. Левыя і лібералы лічаць, што прычына — ідэйныя перакананні цяперашняга дырэктара TVP.

Традыцыя правядзенне канцэрта салідарнасці з Беларуссю ў Польшчы існуе чатыры гады. Сэнс акцыі, ініцыятарам якой ёсць грамадзянская група «Вольная Беларусь», — прадэманстраваць падтрымку польскага грамадства дэмакратычным сілам у Беларусі.



Скандал у Польшчы. Дзяржаўнае тэлебачанне (TVP) упершыню адмовілася перадаваць канцэрт салідарнасці з Беларуссю. Левыя і лібералы лічаць, што прычына — ідэйныя перакананні цяперашняга дырэктара TVP.

Традыцыя правядзенне канцэрта салідарнасці з Беларуссю ў Польшчы існуе чатыры гады. Сэнс акцыі, ініцыятарам якой ёсць грамадзянская група «Вольная Беларусь», — прадэманстраваць падтрымку польскага грамадства дэмакратычным сілам у Беларусі.

Мерапрыемства карыстаецца вялікай папулярнасцю. Год таму канцэрт сабраў прыблізна 14 тысяч гледачоў. Шоу з самага пачатку свайго існавання перадавалася ў прамым эфіры дзяржаўным каналам TVP. У гэтым годзе канцэрт таксама запланаваны. Ён павінен адбыцца 22 сакавіка ў Варшаве. Аднак на гэты раз TVP вырашыла яго не трансляваць.

Як кажа афіцыйны прадстаўнік каналу, у гэтым няма патрэбы, паколькі яго будзе перадаваць Belsat. Таксама чыноўнік спасылаецца на тэхнічныя праблемы, выкліканыя скарачэннем бюджэту кампаніі.

Сапраўды, 2009 годзе чакаецца скарачэння фондаў студыі на 300 мільёнаў злотых. Аднак дэфіцыт сродкаў, як піша ліберальная і апазіцыйная прэса, гэта не адзіная прычына не трансляваць канцэрт.


Вельмі важны момант: у крэсле старшынёй кампаніі цяпер сядзіць Пётр Форфал. Ён зрабіў фантастычную кар’еру, калі ўлічыць, што TVP прапагандуе ідэі польскай канстытуцыі, якая будуецца на дэмакратычных прынцыпах.

Пётр нарадзіў у 1978 годзе. Закончыў універсітэт у Шчэціне. Яшчэ падлеткам у 1993 годзе ўступіў у банду скінхедаў. У 1995-м стаў галоўным рэдактарам неанацысцкай газеткі «Фронт». «Рэпрэсіі супраць яўрэяў — гэта справа канчаткова вырашаная», — так называўся адзін з артыкулаў у «Фронце».

 Пазней пан Форфал уступіў у праварадыкальную арганізацыю «Нацыянальнае адраджэнне Польшчы» (NOP). Адтуль перайшоў у шэрагі сяброў групы «Агульнапольская моладзь» (Mlodziez Wszechpolska), звязанай, у сваю чаргу, з партыяй «Ліга польскіх сямей» (LPR). Быў уключаны ў яе выбарчыя спісы на мясцовых і парламенцкіх выбарах, аднак атрымаць мандат дэпутата не здолеў.

Фартуна згуляла з ім сапраўды дзіўную гульню. У 2006 годзе LPR, якая была прадстаўлена ў парламенце і ва ўрадзе, прапанавала ягоную кандыдатуру ў сябры Савету польскага тэлебачання. Пэўны час Пётр выконваў адміністратыўныя функцыі. А 20 чэрвеня 2006 года Gazeta Wyborcza надрукавала сенсацыйны артыкул пра мінулае Форфала. Пётр падаў просьбу пра адстаўку, аднак Савет папрасіў яго застацца яшчэ на тры месяцы, а потым працягнуў ягоны кантракт.

19 студзеня 2008 года, калі LPR ужо страціла парламенцкае прадстаўніцтва, Форфалу нечакана прапанавалі пасаду старшыні TVP. Лічыцца, што гэта была змова левай і ліберальнай апазіцыі, што вырашыла падкласці парсюка партыі прэзідэнта Качыньскага (бо чалавек Качыньскага кіраваў каналам).

Нягледзячы на тое, што Пётр публічна адмаўляецца ад сваіх былых праварадыкальных поглядаў, шмат хто лічыць, што ён фактычна працягвае прапагандаваць ідэі LPR. Так, па TVP быў паказны вялікі рэпартаж пра стварэнне польскай секцыі руху Libertas, які заснаваў ірландскі мільянер Дэклан Гэнлі. Гэнлі быў галоўным спонсарам кампаніі супраць прыняцця Ірландыяй праекту Еўрапейскай канстытуцыі. Пасля таго, як большасць ірландцаў прагаласавала супраць, Гэнлі пачаў марыць пра агульнаеўрапейскі рух праціўнікаў еўрапейскай інтэграцыі.

Кансерватыўная LPR, у адрозненні ад іншых польскіх партый, займае асаблівую пазіцыю да Беларусі.

У лістападзе 2004 года «Агульнапольская моладзь» пратэставала супраць прыёму ў польскія ВНУ на льготных умовах студэнтаў з Беларусі, якія былі выгнаныя з беларускіх універсітэтаў за палітычныя погляды. «Мы занепакоены практыкай прыёму беларусаў у сітуацыі, калі польскім студэнтам не хапае падтрымкі, іх стыпендыі скарачаюцца», — казаў тады Марцін Растоўскі, старшыня адной з філій арганізацыі.

У ліпені 2005 года, калі ўлады Беларусі пазбавілі статуса кіраўніка Саюза палякаў Анжаліку Борыс, LPR не падтрымала прапанову лібералаў з «Грамадзянскай платформы» і кансерватараў з партыі «Права і справядлівасць» увесці санкцыі супраць Мінска. Санкцыі мусілі быць дастаткова жорсткімі: напрыклад, яны тычыліся ўдзелу беларускіх спартовых дэлегацый у міжнародных спаборніцтвах.

Прадстаўнік LPR падчас дэбатаў наступнымі словамі выказаў пазіцыю партыі: «Трэба выбіраць, за што змагацца: за вольнасць беларускіх палякаў або за дэмакратыю ў Беларусі? Шмат разоў палякі змагаліся за нашу і вашу свабоду. І заўсёды іншаземцы даставалі свабоду, а палякі заставаліся ні з чым».

У прынцыпе, погляды LPR маюць права быць прадстаўленыя ў грамадстве. Тым больш, што яны шмат у чым базуюцца на канцэпцыі вядомага палітыка Рамана Дмоўскага. Дмоўскі падчас стварэння Другой Рэчы Паспалітай актыўна палемізаваў з Пілсудскім наконт месца Беларусі і Украіны ў польскай палітыцы. Ён лічыў, што Польшча павінна цалкам адмовіцца ад усходніх крэсаў на карысць будаўніцтва этнічна чыстай польскай дзяржавы.

Так ці інакш, тыдзень таму супрацоўніцтва з TVP перарваў вядомы французска-нямецкі канал «Arte». Прычынай стаў удзел дырэктара TVP у расісцкіх акцыях. «Еўрапейскія каштоўнасці не падтрымліваюцца партыяй, з якой звязаны цяперашні старшыня TVP», — гаворыцца ў лісце кіраўніцтва «Arte».

«Хацелася б, каб улады TVP змянілі сваю пазіцыю, — кажа адзін з арганізатараў канцэрта салідарнасці з Беларуссю. — TV Belsat мае аўдыторыю прыблізна ў 200 тысяч асобаў, а праграмы TVP глядзяць беларусы, якія жывуць побач з беларуска-польская мяжой. Шкада таксама, што канцэрт не ўбачаць польскія гледачы. Шмат хто можа падумаць, што калі для TVP дэмакратыя ў Беларусі не ёсць тэмай, то такой праблемы ўвогуле не існуе».

Па матэрыялах польскай прэсы

Каментаваць