«Берлінале» і палітыка

У Берліне завяршыўся юбілейны шасцідзесяты фестываль «Берлінале». «Берлінале», між тым, — гэта не толькі фільмы і зоркі, а таксама шмат палітыкі.

Палітыка і фестывалі кіно — больш блізкія рэчы, чым здаецца на першы погляд. Славуты венецыянскі фестываль быў задуманы Мусаліні ў 1932 годзе як сродак культурнага супрацьстаяння экспансіі прадукцыі Галівуда. Прагрэсіўная грамадскасць Еўропы, у сваю чаргу, прыдумала ў 1939-м фестываль у Канах як альтэрнатыву «карычневай» Венецыі.



У Берліне завяршыўся юбілейны шасцідзесяты фестываль «Берлінале». «Берлінале», між тым, — гэта не толькі фільмы і зоркі, а таксама шмат палітыкі.

Палітыка і фестывалі кіно — больш блізкія рэчы, чым здаецца на першы погляд. Славуты венецыянскі фестываль быў задуманы Мусаліні ў 1932 годзе як сродак культурнага супрацьстаяння экспансіі прадукцыі Галівуда. Прагрэсіўная грамадскасць Еўропы, у сваю чаргу, прыдумала ў 1939-м фестываль у Канах як альтэрнатыву «карычневай» Венецыі.

Тое ж самае і з фестывалем у Берліне. Увогуле, першапачатковая ідэя «Берлінале» — даслаць ясны палітычны сігнал Сталіну па берлінскаму пытанню. Нагадаем, што па выніках Патсдамскай канферэнцыі сталіца Германіі была падзелена на 4 сектары. Пасля стварэння Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР) сектары, якія былі пад кантролем заходніх дзяржаў, сталі востравам капіталізму ў самым сэрцы сацыялізму. Масква на той час яшчэ не страціла ілюзій уключыць анклаў з трох сектараў заходніх дзяржаў у склад ГДР. У сваю чаргу, для ЗША і іх саюзнікаў было важна адстаяць Заходні Берлін. Першы берлінскі фестываль 1951 года адбыўся толькі праз два гады пасля славутай блакады Заходняга Берліна з боку СССР.

ЗША, арганізуючы тут фестываль, быццам давалі рускім зразумець: мы не аддадзім Заходні Берлін. Нездарма сам праект правядзення штогадовага фестывалю быў прыняты на ўзроўні кіраўніцтва Вышэйшага камісарыята амерыканскіх акупацыйных войск у Германіі. Больш таго, менавіта янкі дабіліся, каб фестываль атрымаў катэгорыю А. Для гэтага амерыканская адміністрацыя ў Германіі не шкадавала грошай, прывозячы ў Берлін зорак. У 1950-я гады тут пабывалі Уолт Дысней, Гары Купер, Джына Лалабрыджыда, Сафі Ларэн.

Кіно мела выключна важны характар для прапаганды заходняга ладу жыцця. Да лета 1961 года, калі была пабудавана сцяна, напярэдадні кожнага фестывалю ўздоўж мяжы паміж заходнім і савецкім сектарамі размяшчалася больш за 400 вялікіх афішаў. Пасля пабудовы сцяны інтарэс амерыканцаў да Берліна і фестывалю значна зменшыўся: стала зразумела, што Крэмль махнуў рукой на Заходні Берлін. Гэта, аднак, спрыяла ператварэнню «Берлінале» ў пляцоўку для больш элітнага і авангарднага кіно, стваральнікі якога ў 1960-я гады амаль цалкам сышлі ў лагер адэптаў левых радыкальных тэорый.

Напрыканцы 1960-х гадоў «Берлінале» меў ужо імідж фестывалю прагрэсіўнага кіно. Можа таму фестываль 1968 года прайшоў без вялікіх эксцэсаў. У тым годзе ўся Еўропа была ахоплена студэнцкай рэвалюцыяй, якая не пашкадавала і вядомыя культурныя мерапрыемствы. У Францыі гурт кінематаграфістаў — прыхільнікаў авангардных накірункаў разам са студэнтамі сарвалі фестываль у Канах. У Італіі з-за акцый левых радыкалаў не адбыўся музычны фестываль у Сан-Рэма. Чагосьці падобнага, здавалася, трэба было чакаць і ў Заходнім Берліне, які лічыўся цэнтрам моладзевых пратэстаў у ФРГ. Аднак абышлося.

Адсутнасць скандалаў у 1968-м поўнасцю кампенсаваў 1970 год. Тады ў праграму трапіў фільм «ОК» амерыканскага рэжысёра Верховена. Стужка была прысвечана злачынствам амерыканскіх салдат. Фішка карціны заключалася ў тым, што дэкарацыямі служылі не індакітайскія джунглі, а баварскі лес. Такім чынам, аўтары відавочна хацелі працягнуць паралель паміж нацыстамі і амерыканцамі.

Джордж Стывенс, старшыня журы, пагражаючы пакінуць пасаду, патрабаваў зняць фільм з праграмы. Пікантнасці сітуацыі дадаваў той факт, што Стывенс падчас вайны быў вязнем нацысцкага канцлагера Дахау. На гэта шмат маладых рэжысёраў, карціны якіх таксама былі на афішах «Берлінале», заявілі, што калі на «Берлінале» не будзе «ОК», яны на знак салідарнасці з Верховенам здымаюць свае стужкі. Апошняе слова мусіла сказаць журы, сябры якога хутка перасварыліся, а ў выніку структура ўвогуле заявіла пра самароспуск. Паколькі журы не было, то фестываль прайшоў без раздачы прызоў.

Закранула фестываль і сексуальная рэвалюцыя, якая адбылася на Захадзе ў 1970-я гады. 2 ліпеня 1976 года паліцыя па загаду зямельнага суда канфіскавала ў арганізатараў «Берлінале» стужку японскага рэжысёра Нагіса Асіма «У царстве граху». «У царстве граху» павінен быў дэманстравацца ў рамках фестывалю, аднак суддзі знайшлі, што ў ім занадта шмат брутальных сексуальных сцэн. Пратэсты і судовыя апеляцыі не дапамаглі. Усё, што заставалася вытворчай групе, — кантрабандай правезці ў ФРГ дзве копіі сваёй стужкі і падчас фестывалю паказваць яе на канспіратыўных сеансах.

У гэты час да ўлады ў ФРГ упершыню прыйшлі сацыял-дэмакраты. Пачалася так званая Ostpolitik — дыялог з Усходнім блокам. На «Берлінале» з’яўлялася ўсё больш фільмаў, створаных па той бок жалезнай заслоны. У 1975 годзе на «Берлінале» ўпершыню перамог фільм з СССР. На наступны год — стужка з Венгрыі. Паступова з’явілася сапраўдная замова заходняй аўдыторыі на савецкую кінапрадукцыю. Гэта прывяло да таго, што Саветы пачалі спрабаваць дыктаваць праграму фестывалю. Так, напярэдадні аднаго з фестываляў 1970-х яны патрабавалі выключэння карціны, зробленай у Паўднёвай Афрыцы, дзе панаваў рэжым апартэіду. У выніку перамоваў быў дасягнуты кампраміс: фільм паказалі, аднак без цітраў.

Самы вялікі скандал з савецкай дэлегацыяй выбухнуў у 1979 годзе. Спрэчка ўзнікла з-за фільма пра В’етнам. На гэты раз з-за славутай стужкі Майкла Чыміна «Паляўнічы на аленяў», якая ў тым жа годзе атрымала «Оскар». Фільм вельмі не спадабаўся Маскве. Савецкі друк рэзка крытыкаваў стужку за ўзнятую ў ім тэму рускай эміграцыі, а таксама за кадры, на якіх в’етнамскія партызаны выглядаюць жорсткімі садыстамі. Кіраўнікі савецкай дэлегацыі патрабавалі зняць карціну. Арганізатары адмовілі, і ў выніку савецкая група пакінула зал падчас прагляду. А следам за ёй, як і трэба было чакаць, пацягнуліся ўсе дэлегацыі з Усходняй Еўропы.

Наступным скандальным годам стаў 1986-ы. «Срэбранага мядзведзя» тады атрымаў нямецкі «Stammheim». Фільм распавядае пра апошнія дні тэрарыстаў з RAF. Яны памерлі ў турме Stammheim пад Штутгартам у 1977 годзе. Ёсць версія, што іх забілі па замове ўраду. Менавіта такую версію прапануюць стваральнікі фільма. Такая трактоўка і яўныя сімпатыі рэжысёра на адрас тэрарыстаў выклікала палеміку і пратэсты з боку паліцэйскіх прафсаюзаў, родзічаў ахвяр RAF. Стваральнікам карціны пагражалі правыя экстрэмісты. Тым не менш, журы прагаласавала за тое, каб аддаць першую прэмію менавіта «Stammheim».

Скандал вакол фільмаў пра RAF паўтарыўся ў 2002 годзе, калі ў праграму трапіла стужка «Комплекс Баадэр-Майнхоф», прысвечаная заснавальніку арганізацыі Андрэасу Баадэру.

Нарэшце, цяперашні «Берлінале» таксама можна лічыць вельмі палітызаваным. Галоўную ўзнагароду атрымаў Раман Паланскі, які з-за канфлікту з амерыканскай Фемідай стаў культавай персонай у колах еўрапейскіх інтэлектуалаў і праціўнікаў амерыканізацыі. Сваю карціну «Пісьменнік — прывід» рэжысёр заканчваў спачатку ў турэмнай камеры, а пасля ва ўмовах хатняга арышту.

Каментаваць