Бітва за Будапешт

Ці могуць наступствы рэферэндуму ў Венгрыі стаць пачаткам агоніі аўтарытарнага рэжыму Віктара Орбана?

Усім вядома, што палітыкі — вялікія адмыслоўцы ў тым, каб знаходзіць «стрэлачнікаў», адказных за любыя правалы. Таму няма падстаў асабліва здзіўляцца словам венгерскіх чыноўнікаў, якія сярод вінаватых у непажаданых для сябе выніках рэферэндуму 2 кастрычніка назвалі ў тым ліку туман.

Нагадаем, што на рэферэндуме венграм трэба было адказаць, ці гатовыя яны перадаць ЕС права вызначаць квоты мігрантаў для краіны. Заадно прапанавалася выказацца непасрэдна наконт праекту рассялення ў Венгрыі 1294 мігрантаў з італьянскіх і грэчаскіх цэнтраў для ўтрымання ўцекачоў.

У прынцыпе, з улікам гучнай антыімігранцкай прапагандысцкай кампаніі, якая вядзецца афіцыйным Будапештам, ніякай вялікай інтрыгі рэферэндум не меў. Лепшая ілюстрацыя — канчатковыя вынікі, агучаныя ЦВК: 98,7 працэнта тых, хто прагаласаваў, падтрымалі прапанову ўраду не пускаць мігрантаў.

Аднак тут, на думку некаторых, у справу ўмяшалася прыродныя стыхія ў выглядзе таго самага туману. Туман, які накрыў краіну 2 кастрычніка, быццам бы выклікаў у венграў вялікае нежаданне выходзіць з дому, каб пайсці на выбарчыя ўчасткі. У выніку яўка на плебісцыце склала трошкі больш за 43 працэнты. Адпаведна, рэферэндум давялося прызнаць несапраўдным.

Нечаканая развязка гісторыі з плебісцытам стала сапраўдным сюрпрызам для прагрэсіўнай еўрапейскай грамадскасці, якая даўно ў шоку ад курсу ўраду Віктара Орбана. Недарма чэшскі літаратар Мілан Кундэра ў свой час увогуле заявіў, што Венгрыя перастала быць еўрапейскай краінай. Такую ацэнку Венгрыя заслужыла за тое, што ў краіне рэгулярна абмяжоўваюцца правы журналістаў, штучна маргіналізуецца апазіцыя і г.д. Напэўна, прыступы эйфарыі назіраліся і ў Брусэлі, дзе небеспадстаўна баяліся, што венгерскі плебісцыт стане пралогам падобных рэферэндумаў у іншых краінах. Прынамсі, такога кшталту прапановы гучалі ў Аўстрыі і на ўзроўні адміністрацый шэрагу італьянскіх рэгіёнаў.

Канфуз Орбана разглядаецца як правал спробы стварэння восі Будапешт — Варшава, вакол якой маглі гуртавацца ўсе незадаволеныя ідэямі шчыльнай інтэграцыі краін ЕС. Пазітыўны вынік венгерскага рэферэндуму ствараў бы прававы прэцэдэнт, як бы даючы права нацыянальным урадам праз рэферэндумы не выконваць распараджэнні Брусэля.

Не дзіўна, што навіны з Венгрыі адразу выклікалі надзеі на хуткія перамены ў краіне. Надзеі падмацоўвалі дадзенымі апошніх сацыялагічных апытанняў. Паводле іх, для 67 працэнтаў венграў слова «Fidesz» (назва партыі Орбана) і такая з’ява, як «карупцыя» — сінанімічныя паняцці. У папрок Орбану венгерскі абывацель таксама ставіць тое, што на арганізацыю плебісцыту пайшла немалая сума з бюджэту.

Адным словам, сацыялістам — вядучай апазіцыйнай партыі — раптам пачалі прарочыць перамогу на выбарах 2018-га. Шмат хто ў гэтай сувязі цытуе былога прэм’ер-міністра Венгрыі Ферэнца Дзьюрчаня, які заявіў, што параза кіруючай партыі на плебісцыце дае дэмакратычным апазіцыйным сілам Венгрыі нагоду, каб аб’яднацца.


Чытайце таксама:

Апазіцыя Венгрыі альбо аб'яднае сілы, альбо памрэ


Аднак, па ходзе аналізу сітуацыі, энтузіястаў наконт хуткага фіналу эры Орбана становіцца значна менш. Больш таго, некаторыя нават асцярожна пішуць, што Орбан, магчыма, яшчэ не самы жудасны варыянт на фоне таго, што пагражае краіне пасля рэферэндуму.

Пачаць можна з таго, сацыялістычная партыя на цяперашні дзень — вельмі аморфная структура, і няма ніякай формулы пераўтварэння яе ў моцную палітсілу. Тым больш, што днямі левая апазіцыя згубіла сваё галоўнае СМІ. Праз эканамічныя праблемы перастала выходзіць блізкая да іх вельмі папулярная газета «Nepszabadsag» («Народная свабода»).

Акрамя таго, сам Орбан, безумоўна, будзе намагацца рэабілітавацца. У першых каментарах наконт фіяска прэм’ер анансаваў хуткую канстытуцыйную рэформу, якая, па яго словах, дазволіць «данесці волю народа». Галоўнай папраўкай у Асноўны закон стане забарона на масавае засяленне асобам, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Венгрыі, без згоды венгерскага ўраду. Запусціць рэформу плануецца ўжо напачатку лістапада.

Каб стрымаць імігрантаў-мусульман, распрацоўваецца ўвогуле фантастычны праект. Украінскія СМІ са спасылкай на венгерскае выданне «Heti Valasz» інфармуюць, што ў нетрах ураду Венгрыі рыхтуецца закон, які дазволіць каля ста тысячам украінскіх гастарбайтэраў уладкавацца ў Венгрыі на льготных умовах. Праўда, каб ехаць у Венгрыю, імігрант павінен будзе пагадзіцца на тое, што яго цэнтралізавана размяркуюць на нейкую непапулярную сярод венграў вакансію. Сутнасць гэтага праекту ў тым, каб штучна запоўніць венгерскую квоту на імігрантаў, якую навязвае Брусэль.

Самае кепскае, што вынік галасавання на рэферэндуме сведчыць пра тое, што ксенафобскія настроі ў Венгрыі маюць пад сабой моцную сацыяльную базу. Галасаваць 2 кастрычніка прыйшлі 3,3 мільёна з 8 мільёнаў венгерскіх выбаршчыкаў, з якіх, як адзначалася вышэй, 98% падтрымалі антыімігранцкія прапановы. Такім чынам, як мінімум каля 40 працэнтаў венграў актыўна выступаюць супраць імігрантаў. Сацыялогія сведчыць, што ў сярэднім 9 з 10 венграў адмоўна ставяцца да самога факту перамяшчэння бежанцаў праз краіны Еўропы і да іх рассялення на тэрыторыі краіны.

Таму не выключана, што купоны на крызісе партыі Орбана будуць стрыгчы яго крытыкі ў выглядзе праварадыкальнай партыі «Jobbik», якая ў дадатак мае рэпутацыю лабіста Масквы. У параўнанні з радыкаламі з «Jobbik» Віктар Орбан сапраўды выглядае ўмераным палітыкам. Як піша польская прэса, падзеі кастрычніка 2016 года паказваюць, што цэнтрам палітычнага жыцця Венгрыі да 2018 года стане барацьба дзвюх згаданых правых партый.

У гэтых умовах некаторыя праціўнікі Орбана, напрыклад, левая «Рабочая партыя», каб выглядаць сваёй для венграў, упершыню пачала крытыкаваць міграцыйныя працэсы ў ЕС.



Каментаваць