Бывайце, сэр Піткін!

4 кастрычніка на 96-м годзе жыцця ў доме састарэлых на востраве Мэн у Вялікабрытаніі памёр Норман Уіздам, камічны акцёр, які выканаў ролю славутага містэра Піткіна. Пры жыцці яго лічылі самым смешным комікам у свеце пасля Чарлі Чапліна.



4 кастрычніка на 96-м годзе жыцця ў доме састарэлых на востраве Мэн у Вялікабрытаніі памёр Норман Уіздам, камічны акцёр, які выканаў ролю славутага містэра Піткіна. Пры жыцці яго лічылі самым смешным комікам у свеце пасля Чарлі Чапліна.

Мала хто ведае, што да выхаду на экраны серыялу пра Джэймса Бонда, менавіта Піткін, а не агент 007 быў вобразам Вялікабрытаніі. Больш таго, геаграфія папулярнасці Нормана Уіздама была значна шырэйшай за героя раманаў Яна Флемінга. У краінах Усходняга блоку фільмы пра Бонда лічыліся прадуктам імперыялістычнай прапаганды і, адпаведна, былі пад забаронай. А вось грымасы і пантамімы Піткіна цэнзары палічылі чамусьці нейтральнымі для справы марксізму-ленінізму. Больш таго, некаторыя савецкія кінакрытыкі сцвярджалі, што прыгоды Піткіна на экране ілюструюць, як цяжка ў класавым грамадстве тым, хто не належыць да істэблішменту.

У выніку амаль усе фільмы пра Піткіна былі паказаныя ў кінатэатрах Усходняй Еўропы. У СССР, дарэчы, Піткіна агучваў Георгій Віцын. А ў Албаніі Піткін нават стаў нацыянальным героем дзякуючы мясцоваму дыктатару Энверу Ходжа. Энвер быў заўзятым фанатам Нормана Уіздама, таму фільмы з яго ўдзелам паказвалі ў Албаніі вельмі часта. Іншых заходніх акцёраў албанцы да краху камунізму ўвогуле не ведалі. Не дзіўна, што пасля падзення Берлінскай сцяны, калі Норман прыехаў у Албанію, яго сустракалі як мега-зорку. На цэнтральнай плошчы Ціраны, сталіцы краіны, каб паглядзець на госця, сабраўся шматтысячны натоўп. Акцёра вітаў асабіста прэзідэнт дзяржавы. Сам Норман быў вельмі здзіўлены. На той час ягоныя фільмы паказвалі хіба што ў рубрыцы “настальгія.

Кульмінацыя папулярнасці Піткіна выпала на мяжу 1950–60-х гадоў. Лічыцца, што на стварэнне вобразу Піткіна Нормана падштурхнуў сам Чарлі Чаплін. Абодва акцёры сустрэліся ў 1950 годзе. Чаплін прапанаваў Норману стварыць свайго сталага экраннага персанажа.

Уіздам не быў навічком у гэтай справе. Яго дэбют у кіно адбыўся ў 1948 годзе. Раней ён прайшоў цікавы жыццёвы шлях. Хлопчыку, народжанаму ў сям’і алкаголікаў у 1915 годзе, давялося рана пайсці з хаты і зарабляць самому на жыццё. Адначасова Норман хапаўся за ўсё што можна: займаўся боксам, служыў мараком, працаваў аператарам тэлефоннай станцыі, быў афіцыянтам і музыкам.

Калі пачалася другая сусветная вайна, Уіздама накіравалі служыць у сувязь. У вайсковай частцы ён пачаў, як бы ў нас сказалі, удзельнічаць у творчай самадзейнасці. Пасля вайны Норман чамусьці вырашыў заняцца акцёрскай справай. Тры тыдні ён хадзіў па акцёрскіх агентах Лондана, пакуль не падпісаў першы кантракт. І адразу пачаў развіваць свой вобраз — правінцыйнага ідыёта, які ўступае ў канфлікт з усімі прадметамі навокал: ад дзвярэй да ўласнага ценю.

Норман адразу спадабаўся аўдыторыі. На адным з першых шоу нейкая дзяўчына ў залі смяялася так моцна, што вывіхнула сабе сківіцу. Праз два гады Норман стаў зоркай мюзік-хола і гастраляваў па краіне. У дадатак ён быў адным з самых улюбёных комікаў каралеўскай сям’і. Яго часта запрашалі выступаць перад каралеўскім дваром.

Праз тры гады пасля сустрэчы з Чапліным Норман сапраўды зрабіў першы фільм “Trouble in Store. Стужка была вельмі прахалодна сустрэтая крытыкамі, аднак не гледачамі. “Trouble in Store імкліва прарваўся ў дзесятку самых папулярных фільмаў года. Неверагодна, аднак Норман Уіздам са сваімі камедыямі пра Піткіна змог пратрымацца на вяршыні папулярнасці аж да 1966 года. Адначасова ён працягваў працаваць на тэлебачанні, паставіўшы задачу — рабіць адзін скетч на тыдзень. Яго шоў на тэлебачанні таксама карысталася папулярнасцю. У 1964 годзе 18 мільёнаў брытанцаў глядзелі пародыю Нормана Уіздама на Рабінзона Круза.

У 1966 годзе з’яўленне Джэймса Бонда вызначыла цалкам новы фармат брытанскага кіно. Хутчэй нават, пахавала старую брытанскую індустрыю, паколькі фільмы кшталту прыгодаў Джэймса Бонда можна здымаць выключна ў Галівудзе. Моладзь — асноўны глядач — патрабавала нейкага цынічнага і адначасова “крутога героя. А дурань містэр Піткін яўна не пасаваў такому крытэру.

На момант заканчэння працы над Піткіным Норман Уіздам быў вельмі заможным чалавекам. Цікава, што Піткін у пракаце сабраў больш грошай за Бонда. Норман Уіздам калекцыянаваў машыны, меў вялікую яхту і жыў на арыстакратычнай віле. Аднак хутка фартуна здрадзіла яму. Спачатку ад яго сышла жонка з двума дзяцьмі. Пасля ён быў вымушаны заплаціць 200 тысяч фунтаў за тое, што не ў свой час сплаціў падаткі. Пасля гэтай гісторыі Норман пачаў весці больш сціплы лад жыцця.

Нягледзячы на ўсе праблемы, нават будучы старым чалавекам, ён працягваў гастраляваць і здымаўся ў кіно. У 2008 годзе ён апошні раз з’явіўся на экране ў адным з серыялаў.

У 2000 годзе Уіздам атрымаў рыцарскі тытул за ўклад у брытанскую кінематаграфічную індустрыю.

Норман Уіздам увойдзе ў гісторыю таксама як актор, які здолеў памерці двойчы. 28 снежня 2008 года “Sky News абвясціла, што Норман Уіздам памёр, прадставіўшы загадзя напісаны некралог. Пра смерць коміка таксама абвясцілі некаторыя тэлевізійныя каналы і напісалі на шматлікіх вэб-сайтах. Неўзабаве, калі стала відавочна, што іншыя крыніцы нічога пра смерць Нормана не ведаюць, “Sky News хуценька прыбрала некралог, заявіўшы, што гэта было выдадзена па памылцы ў адказ на пытанні ў e-mail.

Навіна пра смерць Нормана ад 4 кастрычніка 2010 года, на жаль, аказалася праўдай.

Каментаваць