Энергетычная бяспека Венгрыі пад пагрозай

Венгерскі ўрад Віктара Орбана збіраецца рэканструяваць і пашырыць АЭС «Пакш» з дапамогай «Расатама». Апазіцыя лічыць, што такі крок паставіць пад пагрозу ўсю энергетычную бяспеку краіны.



Венгерская АЭС “Пакш”, фота atomeromu.hu


На тэрыторыі Венгрыі дзейнічае адна АЭС, за 100 кіламетраў ад Будапешта і за 5 кіламетраў ад горада Пакш. Чатыры энергаблокі АЭС «Пакш», збудаванай па савецкаму праекту, былі ўведзены ў эксплуатацыю з 1983 па 1987 гады. Фактычна з пачатку 2000-х гадоў «Расатам» лабіруе будаўніцтва яшчэ двух энергаблокаў. І вось зараз, здаецца, наблізіўся да мэты. У будаўніцтва расійскія атамшчыкі збіраюцца ўкласці боль за 12 мільярдаў долараў.

Венгерская апазіцыя вельмі занепакоеная гэтымі планамі. І справа не толькі ў экалагічных пытаннях. Перш за ўсё, яе турбуюць пытанні энергетычнай залежнасці Венгрыі ад Расіі. Пра тое, наколькі цесна пераплятаецца палітыка і экалогія, мы размаўляем з лідарам нядаўна створанай экалагічнай партыі «Дыялог для Венгрыі», дэпутатам парламента Венгрыі Яварам Бенэдэкам.

— Экалогія і палітыка ў некаторых пытаннях вельмі шчыльна пераплятаюцца. Пашырэнне Пакшскай атамнай станцыі — якраз адно з такіх. «Фідэс» (правячая партыя прэм’ера Віктара Орбана — аўт.) падтрымлівае гэта пашырэнне, што не адпавядае перш за ўсё экалагічным інтарэсам нашай краіны. Да таго ж з-за гэтага сыходзіць на задні план пытанні энергаэфектыўнасці і падтрымкі ўзнаўляльных крыніц энергіі. Гэтыя пытанні цалкам выпалі з венгерскай энергетычнай палітыкі.

Акрамя таго, у Венгрыі няма грошай на гэта пашырэнне. Грошы прапаноўвае Расія, што паставіць нас у яшчэ большую ад яе залежнасць. Венгрыя і так ужо вельмі моцна залежыць ад Расіі з-за паставак газу, і калі «Пакш», які дае 40% энергіі, таксама патрапіць пад расійскі ўплыў, гэта значыць поўную здачу венгерскага энергетычнага сектара Расіі, а гэта ўяўляе сабой геапалітычную пагрозу. Зараз урад нібыта аб’явіў тэндар на пашырэнне АЭС, але ніхто не сумняваецца, што яго выйграе Расія, а не Францыя ці Паўднёвая Карэя.

— У Беларусі вельмі падобныя праблемы. «Расатам» выйграў тэндар на будаўніцтва ў нашай краіне АЭС. Мы цалкам залежым ад паставак расійскага газа, а пасля будаўніцтва АЭС яшчэ будзем залежыць і ад паставак ядзернага паліва. Наколькі я ведаю, на АЭС «Пакш» паліва таксама пастаўляецца з Расіі.

— Я ўпэўнены, што дамова пра пашырэнне пакшскай станцыі з’яўляецца часткай нашмат большай палітычнай і дзелавой дамовы, уключаючы доўгатэрміновыя газавыя кантракты, «Паўднёвы паток», пастаўку расійскага газу на еўрапейскі рынак з выкарыстаннем венгерскіх стратэгічных газавых сховішчаў. З дапамогай гэтага Газпрам мог бы стварыць тут сваю базу, каб адсюль уплываць на еўрапейскія рынкі. Гэта ўсё — частка дамовы, я ў гэтым упэўнены, гэтак жа, як і вываз радыеактыўных адыходаў. У планы дадзенага ўрада ўваходзіць нашмат больш цеснае эканамічнае, энергетычнае і палітычнае супрацоўніцтва. Калі ў плане вывазу адыходаў з рускімі не будзе дамовы, то такое сховішча павінна будаваць Венгрыя, што з’яўляецца вельмі дарагім укладаннем. Таму ўрад будзе рабіць усё для таго, каб пазбегнуць гэтых выдаткаў. На сённяшні дзень ужо існуе дамова аб вывазе ядзернага паліва, сапсаванага падчас аварыі ў 2003 годзе. Яно пакуль знаходзіцца ў нашых часовых сховішчах.

Для даведкі: 

Паліва пастаўляе паліўная кампанія «Расатам» «ТВЭЛ». Па ўмовах дамовы расійскі бок ажыццяўляе і вяртанне адпрацаванага ядзернага паліва. Дамова падпісаная 4 чэрвеня 2008 года паміж ААТ «ТВЭЛ» і АЭС «Пакш» тычыцца паставак прафіляванага ўран-гадалініевага паліва другога пакалення. Канструкцыя ўран-гадаланіевага паліва дазваляе эксплуатаваць венгерскія энергаблокі на падвышанай да 108% (1485 Мвт.) цеплавой магутнасці, пры гэтым прыкладна на 12%. Кантракт паміж ААТ «ТВЭЛ» і АЭС «Пакш» на пастаўкі ядзернага паліва быў падпісаны ў 1999 годзе з тэрмінам дзеяння да канца эксплуатацыі атамнай станцыі.

— Якія крокі робіць венгерская апазіцыя, каб не дапусціць пашырэнне АЭС. Ці існуе магчымасць процідзеяння гэтым планам урада?

— Урад Віктара Орбана імкнецца абмяркоўваць гэта пытанне як мага менш, каб у грамадстве пра гэта не вялося ніякіх дыскусій. Да таго ж Пакшская АЭС з’яўляецца вельмі важным рэкламадаўцам на венгерскім медыя-рынку, таму не варта чакаць актыўнага абмеркавання праблем АЭС у масс-медыя. Гэты рэкламадаўца не дае рэкламу ў тыя выданнях, дзеі прысутнічаюць антыатамныя меркаванні. Нягледзячы на гэта, у апошнія гады мы рабілі грамадскія апытанні, з якіх вынікае, што вялікая частка насельніцтва супраць пашырэння атамнай станцыі. Гэтак жа, як і супраць падаўжэння жыццёвага цыклу старых блокаў. Тым больш, што ўжо адбылося некалькі непрыемных інцыдэнтаў на АЭС.

Для даведкі: 

10 красавіка 2003 года пры правядзенні планавых рамонтных прац на 1-м блоку АЭС «Пакш» адбылося пашкоджанне абалонкі цеплавылучальных зборак пры правядзенні хімічнай ачысткі іх паверхні ў адмысловым баку, па тэхналогіі кампаніі AREVA. Перавышаючага дапушчальны ўзровень забруджвання аб’ектаў навакольнага асяроддзя за мяжой прамысловай пляцоўкі АЭС зафіксавана не было. Інцыдэнту быў прысвоены 3-і ўзровень па міжнароднай шкале ядзерных інцыдэнтаў. Аднаўленчыя работы доўжыліся 3,5 гады.

20 студзеня 2005 года на АЭС «Пакш» адбыўся пажар. У лепшых традыцыях Чарнобыля, кіраўніцтва АЭС паведаміла пра факт узгарання толькі праз 4 дні. Па словах генеральнага дырэктара «Пакш», пажар не ўяўляў пагрозы для бяспекі працы электрастанцыі, выкіду радыеактыўных рэчываў не было. Таксама не пацярпеў ніхто з працаўнікоў АЭС.

3 верасня 2011 года, па інфармацыі аддзялення сейсмалогіі Акадэміі навук Венгрыі, у 9.30 на адлегласці 8–10 кіламетраў на поўнач ад горада Пакш адбыўся землятрус. Эпіцэнтр землятрусу знаходзіўся на глыбіні 10 кіламетраў, сіла не перавысіла 2,8 бала па шкале Рыхтара.

— Вы ўзгадалі праект «Паўднёвы паток». У той час, як Еўропа імкнецца паменшыць уплыў Расіі на энергетычным рынку, Венгрыі сваім удзелам у гэтым праекце фактычна падкладвае свінню. Асабліва, калі ўлічыць, што ваша краіна адмовілася ад удзелу ў праекце «Набука». Ці можа ЕС хоць неяк паўплываць на пазіцыю Венгрыі?

— Энергетыка належыць да сферы ўнутрыдзяржаўнай палітыкі, і Еўрасаюз у гэта не ўмешваецца. На еўрапейскім узроўні ёсць імкненне да таго, каб сінхранізаваць энергетычную палітыку асобных краін-чальцоў і пабудаваць еўрапейскія рамкі. ЕС можа толькі стымуляваць нейкія працэсы. Напрыклад, выдзяляць грошы ў падтрымку аднаўляльных крыніц энергіі ці падтрымліваць энергаэфектыўнасць. Зразумела, у атамную энергетыку ЕС інвеставаць не будзе, але і наўпрост забараняць удзел у такіх праектах не можа. Гэтак жа, як і не можа забараніць Венгрыі ўдзельнічаць у «Паўднёвым патоку».

Калі б не такая аднабокасць, у нас магла б быць магчымасць больш шчыльнага супрацоўніцтва, напрыклад, на рэгіянальным узроўні. З Вышаградскімі краінамі і з прыцягненнем Аўстрыі і Харватыі можна было б пабудаваць супрацоўніцтва. Але ў гэтым мы не бачым волі ўрада.

Венгерскі ўрад у апошнія гады галоўным чынам вядзе інтравертную палітыку. Віктар Орбан увесь час кажа пра энергетычную самадастатковасць, пра нежаданне залежыць ад іншых краін. Але пры гэтым ставіць Венгрыю ў залежнасць ад Расіі.

— Апошнім часам ЕС усё часцей крытыкуе ўлады Венгрыі за адыход ад дэмакратычных стандартаў, за імкненне да аўтарытарызму. У 2014 годзе вашу краіну чакаюць парламенцкія выбары. Зараз сфармаваная выбарчая кааліцыя, але не ўсе апазіцыйныя партыі ў яе ўвайшлі. Не абышлося без страт і ў зялёным руху. Наколькі я ведаю, вы выйшлі з партыі LMP («Палітыка можа быць іншай»), спачатку стварыўшы фракцыю, а потым і асобную партыю. З чым гэта звязана?

— У выніку кіравання партыі «Фідэс» Венгрыя апынулася перад нашмат больш сур’ёзным стратэгічным і геапалітычным выбарам, чым мы думалі раней. «Фідэс» паставіла пад пытанне створаную дэмакратычную структуру, сістэму тармазоў і проціваг, сістэму палітычных інстытутаў у Венгрыі, еўрапейскую прыхільнасць Венгрыі і геапалітычную арыентацыю.

У нас стаяў выбар — ці проста не прымаць да ўвагі гэтыя палітычныя змены і працягваць тую палітыку, якую мы планавалі ў 2010 годзе, ці сустрэцца тварам да твару з той палітычнай адказнасцю за гэтыя змены, якія канфліктуюць з каштоўнасцямі зялёнай палітыкі, і паспрабаваць спыніць гэты ўрад. Гэты канфлікт выбару прывёў да расколу нашай партыі. Адна палова партыі лічыла, што нельга супрацоўнічаць з іншымі партыямі апазіцыі (гаворка пра Сацыялістычную партыю Венгрыі, з якой лідар партыі «Палітыка можа быць іншай» Андраш Шыфер не хоча супрацоўнічаць ні пры якіх умовах — аўт). Іншая палова, да якой належу і я, думала, што наша адказнасць у гэтай сітуацыі заключаецца ў тым, каб знайсці кропкі магчымага супрацоўніцтва з іншымі дэмакратычнымі партыямі, для таго, каб у 2014 годзе мы змаглі б змяніць дадзены ўрад.

За апошнія 3 гады спынілася падтрымка зялёных ідэй ва ўрадзе, расфармавалі незалежнае міністэрства па экалогіі, зараз выходзіць шэраг законаў, якія сур’ёзна негатыўна ўплываюць на экалагічныя інтарэсы. Мы лічым, што ў такой сістэме няма магчымасці прадстаўляць інтарэсы незалежнай зялёнай палітыкі. У нас хапае экалагічных праблем (ахова лясоў, праблема Дуная, спрэчныя пытанні са Славакіяй з-за змены рэчышча Дуная і з Румыніяй з-за здабычы золата). Нам патрэбна экалагічная дыпламатыя, але спачатку трэба спыніць праўленне «Фідэс», і толькі пасля гэтага якая-небудзь палітычная сіла зможа прадстаўляць інтарэсы зялёнай палітыкі.

Явар Бенэдэк, лідар партыі “Дыялог для Венгрыі”, фота аўтара

Даведка:

Явар Бенэдэк, біёлаг, эколаг, палітык.

Нарадзіўся 2 ліпеня 1972 года ў Будапешце. У 1997 годзе атрымаў ступень магістра на біялагічным факультэце Універсітэта Этвоша Лорана. У 2006 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі ў гэтым жа ўніверсітэце. У 2000 годзе быў адным з заснавальнікаў экалагічнага НДА «Абараніць будучыню». У 2009-м — адзін з заснавальнікаў і прэс-сакратар партыі LMP («Палітыка можа быць іншай»). У 2012 годзе стаў лідарам фракцыі LMP у парламенце. Пасля таго, як на з’ездзе партыі ў лістападзе 2012 года было прынята рашэнне не ўваходзіць у выбарчую кааліцыю «Разам 2014», сышоў з пасады лідара фракцыі. Разам з яшчэ 8 дэпутатамі ад зялёных стварыў сваю групу ў парламенце. У лютым 2013 года, прайшоў з’езд новай партыі «Дыялог для Венгрыі», Явар Бенэдэк стаў яе сустаршынёй. У сакавіку 2013 «Дыялог для Венгрыі» ўступіў у кааліцыю «Разам 2014».

Абмеркаванне:

  • Беларус
  • 2013-10-01 16:41:14
Калі ўжо рускія ўлезуць, нічога добрага не будзе. А іхні Орбан шмат у чым нагадвае Лукашэнку, толькі больш разумны
  • Крысціна
  • 2013-10-01 17:24:41
Яны усё ж у Еўразвязе. Там дыктатара не дапусцяць

Каментаваць