Беларускі фармат данбаскіх выбараў

Як вядома, у самаабвешчаных ДНР і ЛНР адбыліся выбары нікім не прызнаных кіраўнікоў і парламентаў. Пра іх прычыны, ход і наступствы Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім журналістам Алесем Шаўчэнкам. 



— Чаму ў Маскве (відавочна, што ініцыятарам правядзення так званых выбараў была пуцінская адміністрацыя) вырашылі пайсці на выбары 2 лістапада? Хіба па мінскіх пагадненнях іх нельга было правесці ў снежні?

— Думаю, перад намі гульня Масквы. Яна паказвае ў прынцыпе тое, што трэба ЕС і ЗША, але акуратна, не пераходзячы мяжу і правакуючы пры гэтым Кіеў перайсці яе. Пасыл тут наступны — маўляў, якая розніца, выбары адбыліся, дробныя дэталі не істотныя. Цяпер дамаўляйцеся. Мы вунь нават па газу зніжку зробім. Не хочаце? Мы хочам, данецкія хочуць. ЕС нервуецца. Значыць: «Пеця — дрэнны, не здольны да перамоваў». Акрамя таго, выбары дадаюць своеасаблівую легітымнасці рэспублікам. Як сфармуляваў Лягін (кіраўнік ЦВК самаабвешчанай ДНР): «Галоўная задача гэтых выбараў — легітымізацыя ўлады ў рэспубліцы. Мы павінны паказаць свету, што наша кіраўніцтва абранае народам, а не захапіла ўладу сілай».

— Калі меркаваць па рэпартажах з участкаў, каб прагаласаваць, выстройваліся чэргі. У Кіеве на гэта кажуць, што людзей прыцягвалі да скрыняў таннай гароднінай і прадуктамі. Таксама кажуць, што эфектная карцінка тлумачыцца скарачэннем колькасці кропак для галасавання. Што вы пра гэта думаеце?

— Калі б ніхто не хацеў галасаваць, дык пры любой колькасці ўчасткаў на іх быў бы мізер людзей. Увогуле, усялякія кірмашы на ўчастках — яшчэ савецкая традыцыя. Такія кірмашы танных прадуктаў — частыя госці на выбарах у незалежнай Украіне. Акрамя таго, нічога дрэннага ў тым, каб у прыфрантавых гарадах, дзе мноства праблем, прыйсці і купіць танную ежу, я не бачу. Праблема толькі ў галовах кіеўскага сярэдняга класа, які не разумее мясцовага менталітэту і палітычнай культуры. Людзі сапраўды масавага галасавалі, аднак не за лідараў сепаратыстаў, а супраць Кіева. Можна разглядаць гэта як праяву ідыятызму, або, наадварот, як пазіцыю, што грунтуецца на доказах і аргументах, аднак кіеўскую ўладу на Данбасе сапраўды шмат хто не любіць.

— Хто непасрэдна браў удзел у так званых выбарах у абодвух самаабвешчаных рэспубліках і хто стаў пераможцам?

— У ДНР у парламент балатаваліся 2 структуры (пратапартыі, афіцыйна грамадскія арганізацыі). Рух «Данецкая рэспубліка» (Захарчанка, што таксама стаў прэзідэнтам), за які прагаласавала 662 тысячы чалавек, і «Свабодны Данбас», які атрымаў падтрымку амаль 307 тысяч. Палітычныя праграмы «Данецкай рэспублікі» і «Свабоднага Данбаса» засталіся інтрыгай, як, зрэшты, і іх перадвыбарчыя спісы: выбаркам абмежаваўся публікацыяй толькі першых троек кандыдатаў. У ЛНР у выбарах удзельнічалі 3 пратапартыі. Набраўшы 69,42% галасоў, перамог рух «Мір Луганшчыне», чый спіс узначальвае абраны ў той жа дзень лідарам рэспублікі бізнэсовец Ігар Платніцкі. Як бачым, выбары вельмі арыгінальныя. Таму трэба глядзець не на лічбы, а шукаць сутнасць. Яна наступная: выбары — чарговы этап узмацнення ў Данбасе ўплыву Крамля і крышталізацыі, паляпшэння там кіравання, эканомікі, звужэння палітычнага поля (экстрэмісты Маскве не патрэбныя). Але для мясцовага насельніцтва гэта пакуль плюс — жыццё хоць неяк наладзіцца.

— Ці былі на данбаскіх выбарах адмовы ў рэгістрацыі і фальсіфікацыі?

— ЦВК ДНР адзін за адным адмаўляў у рэгістрацыі руху «Апора», «Саюзу дэсантнікаў», блоку «Адзіная Расія», руху «Наваросія», Камуністычнай партыі. ЦВК ЛНР таксама не пусціў шэраг палітсіл на выбары. Думаю, імёны пераможцаў былі вядомыя загадзя. Але самае цікавае, што такі «беларускі» фармат выбараў вельмі падабаўся тутэйшаму электарату.   

— Як ставіліся так званыя палявыя камандзіры да выбараў?

— Уласна, павышэнне кіравальнасці гэтых тэрыторый, падаўленне фрондаў палявых камандзіраў, спробы ствараць уласныя «рады камандзіраў» — гэта было адной з важных мэтаў выбараў. Улада, пры падтрымцы Масквы, усё больш апынаецца ў руках пэўных фракцый, выбары даюць ім «легітымнасць». Хто гэтым незадаволены, таго выкідаюць з палітычнага поля, праўда, не рэзка. Напрыклад, уздзейнічаюць праз допуск да гуманітарных паставак.

— Як ставяцца да гэтых выбараў тыя жыхары Данбаса, што жывуць  на тэрыторыях, якія не кантралююцца сепаратыстамі?

— ЦВК ДНР і ЛНР спрабавалі арганізаваць для жыхароў «украінскага» Данбасу нешта накшталт галасавання праз інтэрнэт. Прагаласавала калі 5 тысяч чалавек, хаця цяжка сказаць, наколькі гэта праўда. Аднак, думаю, самы вялікі інтарэс выбары ў Данбасе выклікалі сярод элітаў суседніх з ДНР і ЛНР рэгіёнаў. Масква адмовілася ад ідэі ўніфікацыі Данбасу, стварэння Наваросіі, цалкам аддаўшы ўладу і ініцыятыву ў рукі мясцовых. Хутчэй за ўсё, для Крамля выбары 2 лістапада — нейкі прамежкавы этап рэалізацыі больш глабальнага праекту.

Каментаваць