Бельгія. Чырвоныя д’яблы выратавалі краіну

Закончыўся кваліфікацыйны этап чэмпіянату свету 2014 года па футболу. У тым ліку пуцёўку на турнір атрымалі бельгійцы, якія ўмудрыліся не прайграць ніводнага разу.



Аднак выхад зборнай Бельгіі святкавалі далёка не ўсе. Для фламандскіх нацыяналістаў заканчэнне групавога турніру стала днём жалобы. Справа ў тым, што бельгійскія футбалісты вельмі дапамаглі цэнтру астудзіць сепаратысцкія настроі ў Фландрыі, якія былі вельмі моцныя ў рэгіёне год таму. Пасля поспеху фламандскай нацыяналістычнай партыі на парламенцкіх выбарах у мінулую восень палітолагі нават не выключалі пераход Бельгіі на канфедэратыўны прынцып.

На дапамогу палітыкам — прыхільнікам адзінай Бельгіі — прыйшоў вялікі футбол. “Чырвоныя д’яблы” (мянушка бельгійскай зборнай) за тыдзень выйгралі ў Сербіі і Шатландыі, што зноў адрадзіла пачуццё адзінства паміж валонскай і фламандскай камунамі. Больш таго, дазволіла таксама лепш інтэграваць у бельгійскую супольнасць эмігрантаў, паколькі капітан зборнай Вінсент Кампані паходзіць з сям’і эмігрантаў з Конга. Цяпер фламандскія нацыяналісты з жахам чакаюць чэмпіянату ў Бразіліі. На думку палітолагаў, годны выступ “Чырвоных д’яблаў” можа цалкам пахаваць іх шансы на наступных выбарах.

Паводле нямецкай прэсы 

Каментаваць