Блакітнае цунамі

Нягледзячы на тое, што Нацыянальны фронт не здолеў атрымаць перамогу ні ў адным з рэгіёнаў, ёсць падстава казаць, што ўльтраправыя сталі вядучай палітычнай сілай. Пра тое, як змянілася Францыя, распавядае французскі эколаг Габрыэль Пале. 



Фота www.cyplive.com


— Ці можна называць вынікі рэгіянальных выбараў у Францыі паказальнымі?

— Безумоўна, таму што на папярэдніх падобных выбарах НФ меў толькі 11 працэнтаў і ўвогуле не меў шансаў узначаліць нейкі рэгіён. Атрымліваецца, што за 5 гадоў партыя павялічыла папулярнасць на месцах утрая. Таксама ўпершыню ў гісторыі НФ на нацыянальным узроўні атрымаў больш галасоў за іншыя партыі — 31 працэнт. Нарэшце, узнікае рэальная пагроза, што да ўлады ў адной з вядучых краін Еўропы прыйдуць правыя папулісты.

— Чаму французы пачалі галасаваць за НФ?

— Усе апытанні паказваюць, што прыхільнікаў Ле Пэн турбуе пытанне бяспекі. Увогуле, сярод электарату НФ толькі 30 працэнтаў цікавяцца рэгіянальнай павесткай. Сацыялагічныя апытанні таксама высветлілі цікавую ўстаноўку сярод гэтай катэгорыі. Шмат французаў упершыню ў жыцці прагаласавала за НФ, паколькі яны ўпэўненыя ў тым, што «трэба нешта мяняць, а партыі палітмейнстрыму на гэта не здольныя».

— Хто больш страціў ад уздыму «Нацыянальнага фронту» — сацыялісты Франсуа Аланда або галісты Нікаля Сарказі?

— На першы погляд, сацыялісты. Для ўрадавай партыі атрымаць вынік у 23 працэнты — гэта ганьба. Аднак пры ўсім гэтым нейкае кансалідаванае ядро сацыялісты захавалі. У Сарказі агульныя паказчыкі трошкі лепшыя, аднак менавіта яго электарат ахвотней пераходзіць у лагер мадам Ле Пэн. Па-другое, такі сціплы вынік на выбарах — гучная аплявуха вельмі амбіцыйнаму Сарказі, які нядаўна вярнуўся ў палітыку. Вяртанне Сарказі было абстаўленае як сапраўднае шоў. Нават назву яго партыі змянілі (цяпер «Саюз за народны рух» называецца «Рэспубліканцы») для таго, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу. Аднак першая кампанія «Рэспубліканцаў» не надта ўражвае.

— Ці можна яшчэ сарваць сцэнар перамогі Марыны Ле Пэн на выбарах 2017 года?

— Прэса жартуе, што Аланд паспяшаўся з увядзеннем надзвычайнага становішча пасля тэрактаў 13 лістапада. Гэта трэба было рабіць пасля 6 снежня, каб у імя выратавання рэспублікі забараніць «Нацыянальны фронт». Шэраг палітычных аксакалаў узгадваюць, што напрыканцы 1970-х гадоў разглядаўся варыянт забароны партыі Жан-Мары Ле Пэна за сувязь з правымі тэрарыстамі з OAS (экс-вайскоўцы, якія выступалі за працяг вайны ў Алжыры). Аднак цяпер забараняць НФ, натуральна, позна. Напэўна, будзе шырокая кампанія супраць Ле Пэн. Ёсць тэмы, якія не менш важныя, чым тэма імігрантаў. Напрыклад, барацьба з беспрацоўем, якое амаль трэцяе дзесяцігоддзе не апускаецца ніжэй за 8 працэнтаў і з’яўляецца сапраўдным кашмарам для французаў. У прынцыпе, не выключана, што за паўтара гады, што засталіся да выбараў прэзідэнта, «Нацыянальны фронт» страціць частку цяперашняй прыцягальнасці. Канкрэтная праца ў мясцовых адміністрацыях — гэта крыху іншае, чым агульныя маналогі пра годнасць нацыі і абарону суверэнітэту.

— Расійская прэса ўжо зараз у захапленні прагназуе, як пасля перамогі Марын Ле Пэн у 2017 годзе яна і Пуцін зменяць геапалітычны расклад у Еўропе.

— Тэма партнёрства Пуціна і Ле Пэн адсутнічае ў французскіх СМІ. Гэта нейкія фантазіі расійскіх прапагандыстаў.

Нагадаем, лідар французскай партыі «Нацыянальны фронт Марын Ле Пэн абвясціла кампанію «Блакітная хваля» для папулярызацыі сваёй структуры. Калі меркаваць па папярэдніх выніках, хваля можа ператрварыцца ў цунамі.

Каментаваць