Бландзінка ў Белым доме

На думку палітолагаў, вынік барацьбы паміж кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША шмат у чым будзе залежыць ад таго, якая з іх жонак больш спадабаецца грамадству.
 

Першы дзень канвенцыі дэмакратаў у Паўночнай Караліне паказаў, якая вялікая роля належыць Мішэль Абама. Жонка Барака трымала ключавую прамову, якая завяршыла працу мерапрыемства. Яе выступ спадабаўся аўдыторыі. Прэса нават пажартавала: калі б Мішэль у той вечар абвясціла пра намер стаць кандыдатам у прэзідэнты, дэпутаты канвенту адназначна прагаласавалі б за яе.

Усё гэта яшчэ раз падкрэсліла ролю жонак у цяперашняй выбарчай кампаніі. Ці зможа супрацьстаяць харызматычнай Мішэль Эн Ромні — жонка лідара рэспубліканцаў? Гэта адна з самых гарачых тэм у амерыканскай прэсе. Каб адказаць на гэта пытанне, трэба згадаць асноўныя вехі біяграфій абедзвюх жанчын. І калі гісторыя Мішэль як жонкі прэзідэнта вядомая, то Эн Ромні нават для амерыканцаў застаецца малавядомай фігурай.

Эн Ромні (дзявочае прозвішча Дэвіс) нарадзілася ў 1949 годзе ў сям’і інжынера. З будучым мужам яна пазнаёмілася ў сярэдняй школе, а сустракацца пачала ў прыватнай школе Kingswood. У 1965-м, калі верыць афіцыйнай біяграфіі, маладая пара вырашыла ажаніцца. Хлопец аказаў такі моцны ўплыў на Эн, што яна ў наступным годзе прыняла рэлігію мармонаў.

Гэта быў мужны крок, з улікам таго, што бацька Эн лічыўся фанатычным баптыстам. Увогуле, у сям’і Дэвісаў толькі ён не паддаўся ўплыву Міта і не стаў вернікам Царквы святых апошніх дзён (так яшчэ называюць канфесію мармонаў).

Пасля заканчэння каледжу Эн разам з будучым мужам паступіла ў мармонскі ўніверсітэт у штаце Юта, дзе яна вывучала французскую мову. Маладыя працягвалі сустракацца, нягледзячы на дзеючыя ў ВНУ жорсткія правілы. Так, ім дазвалялася бачыцца толькі два разы на тыдзень. Нават колькасць размоў па тэлефоне была абмежаваная.

Вяселле Эн і Міта адбылося 1969 годзе. Паколькі сям’я Ромні належала да палітычнай эліты, гэта была падзея нацыянальнага маштабу. На вяселлі прысутнічаў экс-прэзідэнт Джэральд Форд. А тагачасны дзеючы прэзідэнт Рычард Ніксан даслаў маладым віншавальную тэлеграму. Увогуле, вяселле складалася з дзвюх частак: спачатку ў пратэстанцкай царкве, а пасля ў штаце Юта ў мармонскай. Прычым на другі рытуал заключэння шлюбу бацькоў Эн як немармонаў не пусцілі.

Пасля маладыя адправіліся ў Бостан, дзе Міт атрымаў дыплом Гарварда па эканоміцы, а Эн — магістра мастацтва. На гэты час яны ўжо былі бацькамі: першы сын Тэгерт нарадзіўся ў сям’і Ромні 1970 годзе. Пасля было яшчэ чацвёра — Мэцью (1971), Джошуа (1975), Бэнджамін (19787) і Крэйг (1981).

Занятая дзяцьмі і хатняй гаспадаркай, Эн так і не зрабіла кар’еру, хаця марыла пра напісанне дысертацыі. Гэта выклікала крытыку з боку бацькоў Эн, якія лічылі, што дачка занадта рана прысвяціла сябе сямейнаму жыццю. Яе таксама не разумелі сяброўкі. У той час на двары стаяла фемінісцкая рэвалюцыя, і на першым месцы былі не сям’я і шлюб, а асабістая і прафесійная рэалізацыя.

Аднак з-за таго, што Міт пайшоў у палітыку, звычайнай хатняй гаспадыні з Эн не атрымалася. Яна была вымушана разам з мужам наведваць шматлікія выбарчыя мерапрыемствы і розныя свецкія рауты. Давялося таксама даваць інтэрв’ю, што было няпроста. Так, яе першае інтэрв’ю ў час выбарчай кампаніі яе мужа ў сенат у 1994-м выклікала агульны рогат. Такой была рэакцыя на словы Эн пра тое, што ў час вучобы яна і Міт (сын былога дырэктара кампаніі American Motors Corporation і губернатара Мічыгана) ледзь-ледзь зводзілі канцы з канцамі. Пасля таго, як кампанія закончылася, Эн нават сказала, што няма ў свеце такіх грошай, якія прымусяць яе зноў удзельнічаць у выбарах. Калі ў 2002 годзе Ромні пайшоў у губернатары штата Масачусетс, Эн паводзіла сябе з журналістамі больш асцярожна.

У Эн ёсць вялікая асабістая праблема. Яшчэ ў 1997 годзе дактары паставілі ёй непрыемны дыягназ — рассеяны склероз. Гэта было ўдарам для Міта, які, па яго словах, не ўяўляў сябе без жонкі. Місіс Ромні давялося прайсці серыю курсаў, якія дазволілі ёй зноў весці жыццё без абмежаванняў. Па яе словах, найбольш выздараўленню спрыялі заняткі коннай яздой. Захапленне канямі не пакідае Эн дасюль, за што ёй дастаецца ад левай прэсы. Прыхільнікі сацыяльнай справядлівасці падлічылі, што сям’я Ромні накупіла для сваёй канюшні каней і кабыл аж на 250 тысяч баксаў. Пасля Эн таксам пакутавала на рак грудзей, але быццам пасля пайшла на папраўку.

У 2003–2008 гадах Эн паспрабавала сябе на пасадзе першай лэдзі штату. У камандзе мужа-губернатара яна адказвала за кантакты з федэральным урадам. Таксама яна засвяцілася як філантроп: дапамагала дзецям. Праўда, і тут яе дзейнасць ацэньваецца неадназначна. Эн Ромні прапагандавала ў школах ідэі дашлюбнага цэлібату (утрыманне ад сексу), што не спадабалася шматлікай арміі псіхолагаў. Жонка Міта Ромні таксама кіруе секцыяй асацыяцыі дапамогі хворым на склероз. У 2002 годзе падчас зімовай Алімпіяды ў Солт-Лейк-Сіці Эн уваходзіла ў склад аргкамітэту.

У 2008-м Міт Ромні няўдала паспрабаваў стаць кандыдатам ад рэспубліканцаў. У агітацыйных турах брала ўдзел і Эн. Падчас падарожжа з ёй адбыўся скандальны выпадак: яна ахвяравала грошы нейкай ультракансерватыўнай асацыяцыі, якая выступае суп­раць абортаў. Паколькі Міт Ромні больш ліберальны ў гэтым плане, яму давялося апраўдвацца за ўчынак жонкі.

Правал на праймерыз у 2008 годзе не астудзіў прэзідэнцкія амбіцыі яе мужа. Як вядома, праз 4 гады ён свайго дабіўся — стаў кандыдатам на пасаду прэзідэнта. Цяпер Міт марыць пра Белы дом і ахвотна распавядае, якім ён бачыць яго быт у часы сваёй прэзідэнцкай кадэнцыі. На яго думку, Эн, у выпадку яго перамогі на выбарах, магла б займацца праграмамі дапамогі дзецям. Ромні таксама склаў спіс першых лэдзі, з якіх яна будзе браць прыклад. Гэта Мэй Эйзенхаўэр, Нэнсі Рэйган і Барбара Буш. Усе пералічаныя жанчыны засталіся ў гісторыі ЗША як не вельмі прыкметныя асобы ў палітыцы. Як правіла, яны займаліся гаспадаркай і на публіку не лезлі.

На першы погляд, Эн падабаецца такая роля класічнай першай лэдзі. У сваім выступе на рэспубліканскім канвенце яна сказала, што кабета працуе не менш, а нават больш за мужчыну і павінна гэтым ганарыцца. Феміністычныя СМІ адрэагавалі на гэта дружным «фу», абазваўшы Эн рупарам «сэксізму», і нават назвалі «бландзінкай».

Мішэль Абама выглядае на гэтым фоне больш прывабна, хаця б таму, што ўяўляе хадзячую амерыканскую мару — яна сама дабілася ўсяго ў жыцці (Эн ніводнага дня ўвогуле нідзе не працавала). Аднак не факт, што гэтага шарму хопіць, каб Барак Абама перамог. Так што варыянт хуткага з’яўлення ў Белым доме «бландзінкі» нельга выключаць.
 

Каментаваць