Блогера некалькі дзён катавалі

Катаванні, фізічны і маральны ціск былі настолькі моцныя, што азербайджанскі блогер Рашад Рамазанаў паспрабаваў здзейсніць самагубства. Пра гэта агенцтву «Turan» паведаміў адвакат Раўшан Шыраліеў.



Блогер Рашад Рамзанаў


Актыўны карыстальнік facebook Рашад Рамазанаў (Хагігат Агаадзін) ужо 10 дзён знаходзіцца ў Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Рашада затрымалі 9 мая каля станцыі метро «20 студзеня». 10 мая Нарыманаўскі раённы суд абвінаваціў яго па артыкуле 234.4.3 (незаконнае захоўванне і продаж наркотыкаў у буйным памеры) і прыгаварыў да 3 месяцаў арышту.

У хлопца нібыта знайшлі 9 грамаў гераіну. Аднак сам Рамазанаў адпрэчыў абвінавачванне, заявіўшы, што наркотыкі яму падклалі. Блогер добра вядомы ў Азербайджане сваёй рэзкай крытыкай улад Азербайджана ў facebook.

17 мая праваабаронцы заявілі пра пагрозу жыцця Рамазанава ў сувязі з нядопускам да яго адваката. 18 мая адваката дапусцілі да Рамзанава. «Я не змог агледзець яго цела. Аднак на галаве і на руках былі сінякі і раны», — паведаміў адвакат. Па яго словах, Рамазанава абяцалі перавесці ў ШЫЗА, але дакладнай інфармацыі пра гэта пакуль няма.

У сувязі з фактам катаванняў Інстытут свабоды і бяспекі рэпарцёраў (ІСБР) заклікаў улады Азербайджана неадкладна вызваліць блогера і зняць з яго хлуслівыя абвінавачванні. Запатрабаваў правесці незалежнае і бесстаронняе расследаванне паведамленняў аб катаваннях і іншых відах жорсткага абыходжання ў дачыненні да Рамзанава.

ІСБР таксама патрабуе спыніць пераслед мірных актывістаў і журналістаў, і заклікае ўлады Азербайджана да выканання сваіх абавязацельстваў па забеспячэнню свабоды слова і меркаванняў, замацаваных ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і ў іншых міжнародных канвенцыях і дагаворах, да якіх далучылася Азербайджанская Рэспубліка.
 

ІСБР таксама заклікае міжнародную супольнасць, у прыватнасці, Савет Еўропы і АБСЕ, заняць больш рашучую пазіцыю і аказваць большы ціск на ўлады Азербайджана для выканання імі сваіх міжнародныя абавязацельстваў па правах чалавека.
 

Дарэчы, Рашыд Рамзанаў далёка не адзіны вязень у Азербайджане, які зведаў катаванні ў турме. Паводле ацэнак міжнародных праваабаронцаў, штогод у турмах краіны ад катаванняў памірае каля ста чалавек.

Як адзначае кіраўнік ІСБР Эмін Хусэйнаў, у гэтым годзе сітуацыя з правамі чалавека і свабодай слова ў Азербайджане значна пагоршылася. Звязана гэта, ў першую чаргу, з маючымі адбыцца восенню прэзідэнцкімі выбарамі. Больш за дзясятак журналістаў знаходзяцца зараз за кратамі па сфабрыкаваных абвінавачаннях. Журналістам падкідаюць наркотыкі, іх вінавацяць у хуліганстве і парушэнні грамадскага парадку.

Сітуацыя змянілася яшчэ больш пагоршылася пасля прыняцця 14 мая парламентам краіны паправак да Адміністратыўнага кодэксу. Зараз значна павялічыліся сумы штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях (да 3000 манат фізічныя асобы і да 30 000 — юрыдычныя) і тэрміны зняволення (да 2 месяцаў).

Улады Азербайджана спрабуюць усімі сродкамі задушыць любыя праявы пратэсту ў краіне. Там не менш аналітыкі адзначаюць, што сітуацыя становіцца ўсё больш напружанай, пратэстныя настроі ўзмацняюцца.

Каментаваць