Бразілія. «Не чакайце ад мяне баязлівага маўчання»

Часова адхіленая ад пасады прэзідэнта Бразіліі Дзілма Русеф заявіла, што нягледзячы ні на што працягне барацьбу за сваю пасаду.

Фота © EPA/Cadu Gomes

Фота © EPA/Cadu Gomes


Падчас выступу ў Федэральным сенаце (верхняй палаце парламента) Бразіліі, дзе павінна прымацца рашэнне аб імпічменце, Русеф заклікала сенатараў галасаваць за дэмакратыю і падтрымаць яе.
Падчас выступу ў Федэральным сенаце ў рамках сваёй абароны Дылма Русеф паабяцала працягнуць барацьбу за свой мандат дзеля перамогі дэмакратыі і справядлівасці.

"Я змагаюся за свой мандат не з-за асабістых амбіцый, а дзеля дэмакратыі і справядлівасці. Я не здзяйсняла злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць", — сказала Русеф. "Не чакайце ад мяне баязлівага маўчання", — дадала яна, паведамляе ТАСС.

Русеф нагадала, што за яе на прэзідэнцкіх выбарах прагаласавалі 54 мільёны грамадзян краіны. "Я адчуваю горыч несправядлівасці", — сказала прэзідэнт. Яна таксама падкрэсліла, што ўсе абвінавачванні, высунутыя супраць яе, хлуслівыя, а працэдура яе зняцця з пасады — гэта спроба перавароту, паведамляе ВВС.

Бразільскі сенат распачаў фінальную стадыю працэдуры імпічменту прэзідэнта Дзілмы Русеф.
Імпічмент матывуюць фінансавымі парушэннямі, якія Русеф нібыта дапусціла. У прыватнасці, яе абвінавачваюць ва ўтойванні сапраўднага памеру дэфіцыту бюджэту краіны падчас яе выбарчай кампаніі ў 2014 годзе. Адначасова з гэтым з 2014 года ў Бразіліі ідзе расследаванне карупцыйных схем у кантраляванай дзяржавай кампаніі Petrobras.

Для адстаўкі Русеф неабходна, каб імпічмент падтрымалі па меншай меры дзве траціны сенатараў. Чакаецца, што рашэнне будзе прынята вечарам 30 жніўня або ранняй раніцай 31 жніўня.




Каментаваць