«Брудны Гары» з Філіпінаў


Сярод папулістаў, якія прыходзяць да ўлады на хвалі цяперашняга эканамічнага крызісу, фігура новага прэзідэнта Філіпінаў, безумоўна, адна з найбольш самабытных.
«Брудны Гары» з Клінтам Іствудам. Фота www.film.ru

«Брудны Гары» з Клінтам Іствудам. Фота www.film.ru




У 1971 годзе Галівуд выпусціў першы фільм са славутай серыі «Брудны Гары» з Клінтам Іствудам у галоўнай ролі. Пасля гэтага ў мастацтве ўзнік новы вобраз: дэтэктыў, які ненавідзіць бюракратыю, свята верыць у пісталет у якасці аргументу, выкарыстоўвае жорсткія метады ў адносінах да злачынцаў, ігнаруе любыя заўвагі аб неапраўданым прымяненні сілы, парушае правы чалавека і ўсе пункты крымінальнага кодэксу. Цяжка сказаць, ці натхніў кагосьці персанаж Клінта Іствуда ў свеце паліцэйскіх, а вось сярод палітыкаў у «Бруднага Гары» знайшоўся адэпт.

Радрыга Дутэртэ — новы прэзідэнт Філіпінаў — абяцае дзейнічаць як «Брудны Гары». Дутэртэ, які стаў прэзідэнтам на выбарах 9 мая, набраўшы 38 працэнтаў галасоў, у чымсьці не хлусіць. Прынамсі, яго метады барацьбы з крыміналам сапраўды нагадваюць сцэны з галівудскіх баевікоў. У Даваа-Сіці — горадзе, якім ён кіраваў 22 гады да абрання прэзідэнтам, даўно пануе жорсткі паліцэйскі рэжым. Тут дзейнічае каменданцкая гадзіна, забаронены продаж алкаголю, начныя вуліцы горада патрулюе ўзброеная паліцыя, якую крытыкі мэра называюць «эскадронамі смерці». Напэўна, для гэтага ёсць прычыны: паводле падлікаў прэсы, за часы Дутэртэ на пасадзе мэра, на вельмі супярэчных з пункту гледжання Феміды падставах былі забітыя каля 1800 чалавек. Да самога Дутэртэ даўно прыляпілася мянушка «Карнік». Пра тое, што ў Даваа-Сіці падазраваных у злачынствах часта забіваюць без суду, казалі нават на пасяджэннях Асамблеі ААН.

Радрыга Дутэртэ. Фота wikipedia.org 

Радрыга Дутэртэ. Фота wikipedia.org 



Цяжка сказаць, як бы ў іншы час выбаршчык паставіўся да такіх «подзвігаў», аднак у атмасферы крызісу і, як следства, росту крыміналу і адчування асабістай небяспекі такі чалавек, як Дутэртэ выклікае сімпатыю. Для выбаршчыка важна, што ў гэтай сферы ў яго ёсць рэальныя дасягненні. Афіцыйная статыстыка фіксуе спад колькасці цяжкіх злачынстваў у Даваа-Сіці. Пра тое, што горад стаў больш бяспечным, сведчыць і рост колькасці турыстаў, і тое, што ў сусветным рэйтынгу бяспечных гарадоў Даваа-Сіці займае 9-е месца. За кошт стварэння шпіталяў для наркаманаў часткова ўдалося вырашыць і гэтую праблему. Велізарным прарывам у вачах філіпінцаў з’яўляецца тое, што мэр Даваа-Сіці прымусіў мясцовых матацыклістаў паважаць правілы дарожнага руху.

Не толькі вобраз аматара «zero tolerance» быў піяр-фішкай Дутэртэ падчас выбараў. Ён ахвотна эксплуатаваў імідж абаронцы інтарэсаў правінцыялаў, якія, напэўна, як і паўсюль у свеце, не любяць багатую і тлустую метраполію. Праклёны на адрас «імперыялістычнай Манілы», якая смокча ўсе сокі з рэгіёнаў, дазволілі яму стварыць сваю сацыяльную базу за межамі Даваа-Сіці, а таксама прарвацца ў цэнтральныя СМІ.

Прарыў у СМІ быў вельмі важным для выбарчай кампаніі Дутэртэ, паколькі асаблівых рэсурсаў у палітыка не было. Напярэдадні кампаніі яго партыя PDP-Laban мела толькі аднаго дэпутата ў нацыянальным парламенце. Прыцягнуць да сябе інтарэс палітык здолеў у тым ліку за кошт папулісцкіх і брутальных эскападаў. Напрыклад, ён паабяцаў, што ў выпадку абрання прэзідэнтам за шэсць месяцаў знішчыць увесь філіпінскі крымінальны свет.

Немалаважную ролю ў трыумфе Дутэртэ адыгралі і іншыя кандыдаты ў прэзідэнты. Усе апаненты «Бруднага Гары» належалі да старой палітычнай эліты, за якой цягнецца шлейф карупцыйных афер і асабістых скандалаў. У дадатак яны так ненавідзелі адзін аднаго, што выкарысталі выбары для ўзаемнага зліву кампрамату. У выніку на аднаго з праціўнікаў Дутэртэ наўпрост падчас выбарчай гонкі распачалі крымінальную справу па падазрэнні ў карупцыі.

Феномен Дутэртэ толькі пачалі аналізаваць, і трэба сказаць, што ацэнкі вельмі розныя. Заходняя грамадскасць бачыць у новым філіпінскім прэзідэнце не толькі копію папуліста Дональда Трампа. Некаторыя лічаць, што выбар філіпінцаў — не самы кепскі варыянт для краіны, дзе цэлыя рэгіёны кантралююцца экстрэмісцкімі групоўкамі. Тым больш, што Дутэртэ зарэкамендаваў сябе як асоба, якая здольная дамаўляцца з экстрэмістамі і інтэграваць іх у прававое поле. Падчас працы мэрам ён праявіўся як прыхільнік правоў жанчын, і нават выдаў спецыяльны закон супраць дыскрымінацыі па прыкмеце полу. Даваа-Сіці вядомы таксама тым, што тут паважаюць прадстаўнікоў нацыянальных і рэлігійных меншасцей.

«Washington Post» адзначае: «Дутэртэ захапіў думкі выбаршчыкаў, абяцаючы хуткія рашэнні праблем краіны. Аднак пры гэтым ён стаў антыподам такім з’явам, як палітычнае расчараванне, фанабэрыстасць эліты на адрас простага чалавека». «Яго (Дутэртэ) перамога — гэта следства дэфіцыту барацьбы з крыміналам, наркотыкамі, беднасцю, ростам коштаў і беспрацоўем». Левая прэса ў Еўропе лічыць, што інтарэс да сацыяльнай праблематыкі і гендарнай роўнасці дазваляе разглядаць Дутэртэ як дэміурга новай генерацыі сацыяльнага прагрэсіўнага руху на Філіпінах.

Праўда, першыя крокі новага гаранта цяжка назваць прагрэсіўнымі. Радрыга Дутэртэ ўжо паабяцаў увесці смяротнае пакаранне за цэлы пакет злачынстваў, сярод якіх ужыванне забароненых наркотыкаў і рабаванне. Па яго словах, тыя, хто будзе асуджаны за два злачынствы, будуць павешаныя двойчы. Белы дом з гэтай нагоды заклікаў новаабранага прэзідэнта паважаць правы чалавека. У сувязі з пералічанымі вышэй супярэчлівымі ўчынкамі і заявамі Дутэртэ, варта пагадзіцца з высновай аднаго з піцерскіх інтэрнэт-выданняў: «Ніхто на цяперашні момант не ведае, куды пойдзе пры Дутэртэ стомільённая астраўная дзяржава Філіпіны».


Каментаваць