Буда больш не перародзіцца

Калі верыць Далай Ламе, якога канфлікт з Пекінам прымусіў жыць у эміграцыі, яго душа можа пасля смерці не вярнуцца на землю. Пра гэта 79-гадовы манах паведаміў нямецкаму «Welt am Sonntag».



У інтэрв’ю журналісту Далай Лама сказаў, што, магчыма, з’яўляецца апошнім у лініі пераўвасабленняў Буды (менавіта гэта разумеюць пад паняццем Далай Лама). Паводле яго слоў, душа Далай Ламы пасля 14-ці папярэдніх перараджэнняў на працягу амаль пяці стагоддзяў не зможа перарадзіцца ў несвабодным Тыбеце.

Манах таксама прапанаваў абраць свайго пераемніка шляхам вольных выбараў. Такія выбары, як лічыць Далай Лама, можна правесці нават у акупаваным кітайцамі Тыбеце, пры ўмове, калі ўлады пашыраць рэлігійна-культурную аўтаномію. На цяперашні час усе рэлігійныя ўстановы ў краі знаходзяцца пад пільным кантролем спецслужбаў, якія бачаць у іх галоўны інкубатар ідэй сепаратызму.

Інтэрв’ю ў «Welt am Sonntag» не засталася без увагі Пекіна. Спікер МЗС КНР адразу заявіў, што лідар тыбетцаў некарэктна трактуе будысцкі прынцып рэінкарнацыі. Па словах дыпламата, урад КНР «працягне падтрымліваць традыцыі і рытуалы будызму, у тым ліку пасля смерці Далай Ламы».

Нашто кітайскім камуністам (і, адпаведна, атэістам) так моцна клапаціцца пра будысцкую царкву? Усе проста — выбары новага Далай Ламы згодна з усталяванай традыцыяй будуць катастрофай для тыбецкай апазіцыі. Паводле традыцыі, пасля смерці Далай Ламы манахі пачынаюць пошук хлопчыка, у якога ўсялілася душа нябожчыка. Паколькі Тыбет сёння з’яўляецца часткай Кітаю, па-сутнасці, новага Далай Ламу будзе прызначаць ЦК Кампартыі. Новая рэінкарнацыя Буды, відавочна, будзе выхаваная ў духу вернасці лозунгу пра тое, што Тыбет — частка кітайскай дзяржавы. Таксама зразумела, што чарговы Далай Лама ўжо не будзе самастойнай фігурай: яго палітыку пачнуць фармаваць пекінскія інструктары.

Такі варыянт развіцця падзей вельмі небяспечны для тыбецкай апазіцыі. Перахоп кітайцамі брэнда інстытуту Далай Ламы дазваляе ім маніпуліраваць тыбетцамі, якія, будучы вернымі традыцыі, павінныя падпарадкавацца новаму духоўнаму кіраўніку.

Тыбецкая апазіцыя будзе пазбаўленая рэшткаў легітымнасці: Далай Лама — апошні кіраўнік незалежнага Тыбету, што, дарэчы, афіцыйна прызнавалі і ў Пекіне. Гэты нюанс даваў шанс незалежнікам на дыялог з КНР і дыпламатычнае прызнанне ў свеце. Нарэшце, цяжка пераацаніць ролю Далай Ламы ў справе кансалідацыі тыбецкага руху. Смерць Далай Ламы будзе спрыяць фрагменталізацыі супраціву на розныя і, магчыма, процілеглыя фракцыі. Глеба для такіх расколаў існуе: напрыклад, у 1990-я гады частка незалежнікаў выказала нязгоду з рашэннем Далай Ламы адмовіцца ад гвалтоўных метадаў барацьбы за тыбецкі суверэнітэт.

Варта адзначыць, што ў шэрагах тыбецкай эміграцыі даўно разумелі выклікі, якія могуць прынесці выбары новага Далай Ламы. У 1990-я гады існаваў план правядзення падпольных паралельных афіцыйным выбараў лідара тыбецкіх будыстаў. Так, напрыклад, у 1995 годзе сярод тыбецкіх хлопчыкаў быў тайна ад улады абраны альтэрнатыўны пекінскаму Панча Лама — другая асоба ў іерархіі тыбецкіх манахаў.

Спецслужбы адразу выкралі яго і яго сям’ю. Лёс хлопчыка, якога на Захадзе называюць самым маладым вязнем сумлення, дасюль не вядомы. Не жадаючы рызыкаваць, апазіцыя вымушана шукаць у будысцкіх талмудах нейкую зачэпку, каб аспрэчыць будучую працэдуру абрання «кішэннага» Далай Ламы і адначасова прыдумаць механізм, як надаць пераемніку Далай Ламы высокі статус у вачах тыбетцаў.

    

З улікам гэтага зразумелае змаганне, якое пачалася зараз паміж знаўцамі будызму. Пракітайскія знаўцы выступаюць у абарону архаічных прынцыпаў будызму, якія, па іх словах, цяперашні Далай Лама не мае права самастойна змяняць. Таксама яны спасылаюцца на той факт, што ў пачатку ХVІІІ стагоддзя, будучы сатэлітам Пекіну, тыбетцы вымушаны былі прызнаць права кітайскага імператара фармальна абіраць новага Далай Ламу. Паводле рытуалу, імператар падчас адпаведнай цырымоніі даставаў са спецыяльнай залатой вазы паперку з прозвішчам новага кіраўніка Тыбету. У Пекіне так моцна носяцца з гэтым, што для абрання Панча Ламы цалкам скапіравалі старажытны рытуал з вазай і паперкай з прозвішчам пераможцы выбараў.

Знаўцы будызму, якія сімпатызуюць тыбецкай палітычнай эміграцыі, лічаць, што апісаны рытуал меў месца толькі ў час знаходжання пры ўладзе некаторых прадстаўнікоў маньчжурскай дынастыі, якія прынялі будызм. У дадатак, калі ім верыць, цэнтр не ўплываў на выбар новага Далай Ламы і на фармаванне яго светапогляду. Па сутнасці, кітайскі імператар толькі зацвярджаў абраную ў Лхасе кандыдатуру. Калі прымяняць сучасныя тэрміны, гэта можна лічыць ратыфікацыяй.

Наўрад ці аргументы гісторыкаў і тэолагаў пераканаюць Пекін. Там яшчэ ў 2007 годзе зацвердзілі дакументы пад экстравагантнай назвай «Інструкцыя па арганізацыі рэінкарнацыі жывога Буды ў тыбецкім будызме». Паводле інструкцыі, дзяржава павінна кантраляваць абранне новага Далай Ламы на ўсіх этапах. 

Праўда, не факт, што такія цалкам падкантрольныя выбары будуць здольныя забяспечыць Пекіну лаяльнасць тыбетцаў. Вышэй згадвалася, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў сінхронна апазіцыйнаму быў абраны афіцыйны Панча Лама. Аднак, як піша прэса, у народзе гэтага хлопчыка сапраўдным Панча Ламай не лічаць, нягледзячы на яго піяр у СМІ. Калі апісаная гісторыя паўторыцца з пракітайскім Далай Ламай, дыяспара і далей застанецца галоўным выразнікам ідэй і традыцый тыбетцаў. Хаця смерць Далай Ламы, безумоўна, прымусіць яе мяняць метады дзейнасці і мадэлі прэзентацыі.

Каментаваць