Будзем мерацца сцягамі

Плошчы дзяржаўнага сцяга ўжо ёсць у Туркменістане, Азербайджане, Таджыкістане и Пащночнай Карэі. Часта ў прэсе можна сустрэць інфармацыю пра тое, што ідэю будаваць гіганцкія сцягштокі — асноўны элемент архітэктурнай прасторы Плошчы дзяржаўнага сцяга — прыдумаў Туркменбашы, Сапармурат Ніязаў.



На самай справе, такія аб’екты існавалі і раней. Вялізарныя сцягштокі з нацыянальнымі сцягамі да развалу СССР былі ў Бразіліі, Малайзіі. А на мяжы Паўднёвай Карэі і КНДР такіх вялізарных сцягштокаў аж два. У сярэдзіне нулявых у Паўднёвай Карэі пабудавалі сцягшток вышынёй каля 100 метраў, які можна было пабачыць з таго боку 38-й паралелі, што падзяляе карэйскі паўвостраў. У адказ Кім Ір Сэн загадаў пабудаваць сцягшток, вышэйшы за паўднёвакарэйскі. Так пачалася незвычайная «вайна сцягштокаў», якая заключалася ў тым, што кожны бок па чарзе нарошчваў вышыню сваёй канструкцыі. Перамаглі прыхільнікі ідэй Чучхэ, якія пабудавалі слуп у 160 метраў (нейкі час ён быў самым высокім сцягштокам у свеце). У дождж сцяг даводзіцца тэрмінова спускаць, паколькі вялізарнае мокрае палотнішча можа абрынуць усю канструкцыю. Каб узняць сцяг, патрэбна каманда ў 50 чалавек.

 

Паколькі Ніязаў быў аматарам мегапраектаў (нават марыў пра велізарны лядовы палац у цэнтры пустыні Каракумы), ён захапіўся ідэяй Плошчы дзяржаўнага сцяга. У адрозненні ад лядовага палацу, Плошчу сцяга ён паспеў пабачыць пры жыцці. Плошча дзяржаўнага сцяга ў Ашхабадзе была адчынена ў чэрвені 2008 года. Вышыня сцягштоку складае 133 метры. Затое памеры сцяга былі самымі вялікімі ў свеце — 52 на 35 метраў. Важыць такі сцяжок усяго 400 кілаграмаў.

 

Панарама гіганцкага сцяга выклікала рэўнасць у суседніх дыктатараў, якія таксама захацелі сабе такую ж цацку. Гэта стала залатой жылай для амерыканскай кампаніі «Trident Support», якая праектуе падобныя сцягштокі, беручы за кожную замову ў сярэднім калі 3 мільёнаў долараў.

 

Першым загарэўся мець гіганцкі сцягшток Ільхам Аліеў. 17 лістапада 2007 года прэзідэнтам Азербайджана быў падпісаны ўказ аб стварэнні ў Баку Плошчы дзяржаўнага сцяга, будаўніцтва якой ацанілі ў 32 мільёны долараў. 1 верасня 2010 у Баку адбылося ўрачыстае адкрыццё Плошчы дзяржаўнага сцяга. Сцягшток вышынёй 162 метра адразу трапіў у кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі сцягшток у свеце. Аднак Аліеў не доўга задзіраў нос. У 2011 годзе Таджыкістан, які святкаваў 20-ю гадавіну незалежнасці, вырашыў пераплюнуць азербайджанцаў. 24 мая 2011 года гіганцкі афіцыйны таджыкскі штандар быў узняты на вышыню 165 метраў.

 

Натуральна, трэба задацца пытаннем, ці сапраўды тыя плошчы і пейзажы з велізарным сцягам выклікаюць у людзей прыступ патрыятызму? Пытанне дыскусійнае, калі паглядзець, што пішуць на інтэрнэт-форумах тамтэйшыя жыхары. Вось, напрыклад, як рэагавалі таджыкскія юзеры на навіну пра тое, што ўлады Туркменістану павялічылі плошчу сцяга ў Ашхабадзе, каб яна была большай за сцяг у Душанбэ: «Прапаную па даўжыні сцягу і з абодвух бакоў прышыць палоскі па 1,20 метры шырынёй і абыйсці туркменаў». «Аказваецца, ёсць яшчэ ў свеце дурнейшы за наш урад». «Трэба тэрмінова сабраць экстранае пасяджэнне ўрада, распрацаваць стратэгічны план па стварэнне новага сцягштоку, мабілізаваць усе рэсурсы краіны для дасягнення гэтай мэты. Калі не хопіць унутраных рэсурсаў, трэба ўзяць крэдыт у замежных дзяржаў, праводзіць агітацыю ва ўсіх СМІ з прыцягненнем дзяцей, школьнікаў і студэнтаў, каб вызначыць памер сцяга такім чынам, што ён пакрываў сваім ценем усю тэрыторыю Цэнтральнай Азіі. Таджыкскі народ не дазволіць сябе крыўдзіць. Сцяг для нас — сэнс жыцця. Нам не патрэбна ні свабода, ні праца, ні адукацыя, і тым больш годнае жыццё. Нам патрэбны СЦЯГ, а ўсё астатняе — глупства. Нашы нашчадкі годна ацэняць наш унёсак у гісторыю і будуць ганарыцца гэтым». «Трэба нешта новае цяпер прыдумаць, каб у кнігу Гінеса патрапіць. Напрыклад, самы доўгі гімн, або адключыць электрычнасць на 25 гадоў». «Так, спадары, супакоіліся!!! Ствараем акцыянернае таварыства, усе дружна добраахвотна-прымусова купляем акцыі «Сцяг Тадж» і пашыраем наш сцяг, які і без таго вісіць як майткі».

 

Акрамя таго, што сцяг часта вісіць «як майткі», не выклікаючы адназначна ніякага патрыятычнага ўздыму, ён становіцца ахвярай прыроднай стыхіі. Стыхіі, якой ніводны, нават самы-самы вялікі дыктатар не здольны даваць дырэктывы. Часам гэта прыводзіць да камедыйных сітуацый. Адна з іх здарылася падчас візіту ў Баку Дзмітрыя Мядзведзева ўвосень 2010 года, які на той час быў прэзідэнтам Расіі. Вось што пісаў на сваім блогу нейкі бакінец — сведка тых падзей.

 

«Эфект» падкраўся непрыкметна. Напярэдадні ноччу «нацыянальны набытак, плоць і сэрца Азербайджана» — велізарнае палотнішча сцяга — апынулася разадрана на анучы. Злодзей — гарэзны вецер з Каспія. І вось тут Аліеў і прадэманстраваў цуд аператыўнага адміністравання: ён нават не стаў губляць часу на арышт вінаватых. Загадаўшы тэрмінова падняць новы сцяг, прэзідэнт Азербайджана адправіўся на сняданак з госцем. Але ўжо ў час сняданку Аліеў атрымаў яшчэ адзін аперкот: свежы сцяг падняўся толькі на 74 метры, пасля чаго ад яго адарвалася 20% плошчы. Давялося Аліеву ўзгадняць з госцем новую праграму яго знаходжання ў Азербайджане, а таксама прыдумляць маршруты, старанна аб’язджаючы пампезную Плошчу сцяга».

 

Акрамя таго, Плошча дзяржаўнага сцяга — тэрыторыя, вельмі небяспечна для яго суседзяў. Так, уначы 2 лютага 2011 года пры моцным ветры бакінскі сцягшток пачаў моцна раскачвацца. Паводле звестак МНС Азербайджана, былі прынятыя неабходныя і неадкладныя меры па бяспецы — на некаторы час сцяг быў спушчаны, а жыхары суседняга 9-павярховага дома эвакуяваныя з-за пагрозы таго, што 220-тонны сцягшток можа зваліцца на дах іх будынку. У прынцыпе, тым жыхарам яшчэ пашанцавала. Падчас будаўніцтва Плошчы сцяга шэраг дамоў па суседству з будпляцоўкай проста давялося выселіць з-за небяспекі.

 

Застаецца пачакаць, каб даведацца, ці пойдзе Мінск на рэкорд — захоча пабудаваць большы сцягшток, чым у Душанбэ? Аднак доўга ў кнізе Гінеса наша плошча дзяржаўнага сцягу ў любым выпадку не пратрымаецца. У Маскве таксама думаюць пра падобную плошчу. І, хутчэй за ўсё, за коштам там не пастаяць. Напрыклад, агучваецца ідэя ўзняць расійскі трыкалор над Астанкінскай тэлевежай.

 

Каментаваць