Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Бунт на «Востраве д’ябла»

У Гвіяне — заморскім дэпартаменце Францыі ў Паўднёвай Амерыцы — працягваюцца масавыя народныя выступы, якія могуць адбіцца на лёсах Еўропы.

У свой час у калонію Гвіяна з Францыі высылалі найбольш небяспечных (і ў тым ліку палітычных) злачынцаў. Трапічны клімат і не вядомыя еўрапейцам хваробы рабілі побыт зэкаў вельмі цяжкім. Найбольш змрочную славу мела турэмная зона пад назвай «Востраў д’ябла», дзе выжываў толькі кожны дзясяты. Усяго з 1852 да 1956 года, калі згаданую пенітэнцыярную ўстанову зачынілі, тут адбывалі пакаранне 56 тысяч чалавек.

Вобраз Гвіяны пачаў мяняцца дзякуючы Шарлю дэ Голю. Спачатку, у 1946 годзе, ён даў усім тубыльцам — крэолам, індзейцам і нашчадкам рабоў, — французскае грамадзянства. Пасля, у 1964-м, загадаў пабудаваць касмічны цэнтр, які стаў візітоўкай дэпартаменту. У нашы часы Гвіянскі касмічны цэнтр (GSC) — важны аб’ект касмічнай інфраструктуры ўсяго Еўрасаюза.

Нягледзячы на тое, што касмічная галіна ва ўсім свеце развіваецца вельмі інтэнсіўна, на дабрабыце жыхароў Гвіяны гэта адбіваецца мала. Каля траціны насельніцтва краю не карыстаюцца святлом і водаправодам. 22 працэнты гаянцаў не маюць працы.

Часткова сітуацыю ратуе тое, што Гвіяна фармальна застаецца часткай Францыі. Як следства, Парыж павінен клапаціцца пра суайчыннікаў. Прыкладна палова бюджэту краю фармуецца за кошт датацый з цэнтру. Дзякуючы гэтаму жыхары Гвіяны — найбольш заможныя ў Паўднёвай Амерыцы, што, аднак, не выклікае асаблівай эйфарыі ў саміх абарыгенаў. Будучы французамі, яны арыентуюцца на стандарты французскіх правінцый і дэпартаментаў, сярод якіх Гвіяна па ўсіх паказчыках — стабільна самы бедны край.

Акрамя сацыяльнай, ёсць яшчэ адна праблема. Мара пра французскі пашпарт штурхае шмат жыхароў суседніх краін эміграваць у Гвіяну з надзеяй у будучыні перабрацца ў Еўропу. Прычым, нелегалы звычайна жывуць кампактна. Такія этнічныя кварталы даўно ператварыліся ў інкубатары крыміналу. Не дзіўна, што ўзровень злачынстваў у Гвіяне ўтрая большы, чым у метраполіі.

Менавіта тэма крыміналу стала дэтанатарам, які ўзарваў гаянскае грамадства. З 27 сакавіка ў краі пачаўся агульны страйк, маштабы якога сапраўды шакуюць. З 250 тысяч жыхароў краю ў пратэстах удзельнічае да ста тысяч чалавек. Яны блакуюць дарогі і працу адміністрацый. Напэўна, найбольш гучнай акцыяй у межах выступаў стала блакіроўка запуску ракеты з пляцоўкі таго самага GSC.

Выклікае інтарэс таксама і мадэль кіраўніцтва бунтам. Увесь пратэст нефармальна падпарадкаваны групе «500 братоў». Нават прозвішчы яе сяброў невядомыя, паколькі на публіцы яны з’яўляюцца выключна з закрытымі тварамі.

Асноўныя патрабаванні пратэстоўцаў — палепшыць стан грамадскай бяспекі, медыцыны і адукацыі, дазволіць культывацыю земляў, што належаць дзяржаве. Ёсць у гэтым спісе і арыгінальныя пункты: напрыклад, прыняць для Гвіяны аналаг «плану Маршала». Праўда, на першым этапе гаянцы гатовыя задаволіцца тым, што Парыж пералічыць у мясцовы бюджэт 2,5 мільярда еўра (французскі ўрад гатовы прапанаваць не больш за мільярд).

Трэба сказаць, што гаянцы абралі вельмі спрыяльны час для выступу. У красавіку Францыя абірае прэзідэнта, і кандыдаты на Елісейскі палац, натуральна, вымушаныя неяк каментаваць паўстанне па той бок Атлантыкі. Аглядальнікі нават не выключа­юць, што эскалацыя ў Гвіяне здольная паўплываць на рэйтынгі кандыдатаў і вынікі выбараў, ад якіх залежыць будучыня ЕС.

Найбольшыя праблемы з-за Гвіяны, падаецца, у Марын Ле Пэн — кандыдаткі ад «Нацыянальнага фронту». Патрабаванні пратэстоўцаў у Гвіяне фрагментарна падобныя на выбарчыя тэзісы NF: спыніць міграцыю і дэпартаваць усіх нелегалаў. Аднак звычайна этнічныя французы, на якіх абапіраецца Ле Пэн, вельмі грэбліва ставяцца да гаянцаў, сярод якіх вельмі мала еўрапеоідаў.

Што тычыцца афіцыйнага Парыжу, то пагасіць бунт за акіянам намагаюцца за кошт адпраўкі туды чыноўнікаў высокага рангу. Пакуль перамовы ідуць беспаспяхова, у тым ліку праз слабую папулярнасць цяперашняга прэзідэнта Франсуа Аланда.

Яшчэ адзін фактар правалу перамоваў — радыкальная пазіцыяй групоўкі «500 братоў», якая складаецца, як піша прэса, з прадстаўнікоў бедных кварталаў. 2 красавіка, пасля правалу чарговага раунду перамоваў, міністр заморскіх тэрыторый Эрыка Барэйт вярнулася ў Парыж для кансультацый. Між тым, у Гвіяне абвясцілі новую мабілізацыю.

Цугцванг у адносінах паміж цэнтрам і Гвіянай можа прывесці да таго, што ў дэпартаменце будуць набываць падтрымку ідэі незалежнасці. Нягледзячы на тое, што выхад са складу Францыі будзе азначаць стопрацэнтны абвал усіх сацыяльных стандартаў, у Гвіяне ёсць прыхільнікі суверэнітэту. На апошніх выбарах за «Walwari» — партыю незалежнікаў, — галасавала каля 7 працэнтаў выбаршчыкаў.



Абмеркаванне:

  • З-пад Менску
  • 2017-04-09 11:04:00
Вы, мабыць, пра Гвіяну? А то Гаяна ўжо даўно незалежная і зьяўлялася калоніяй Вялікабрытаніі.

Каментаваць