Бунт фракцый і яго наступствы

Пасля абвяшчэння вынікаў мясцовых выбараў, у тым ліку ў Маскоўскую думу, на якіх абсалютную большасць галасоў атрымала «Адзіная Расія» (ЕР), камуністы, ліберал-дэмакраты і эсэры пакінулі парламент. 24 кастрычніка іх лідэраў прыняў прэзідэнт і паабяцаў «згладзіць шурпатасці». Што гэта было? І пачаткам якіх падзей можа стаць?



Пасля абвяшчэння вынікаў мясцовых выбараў, у тым ліку ў Маскоўскую думу, на якіх абсалютную большасць галасоў атрымала «Адзіная Расія» (ЕР), камуністы, ліберал-дэмакраты і эсэры пакінулі парламент. 24 кастрычніка іх лідэраў прыняў прэзідэнт і паабяцаў «згладзіць шурпатасці». Што гэта было? І пачаткам якіх падзей можа стаць?

Прадстаўнікі партыі ўлады лічаць, што мела месца спроба спантаннага палітычнага шантажу з боку тых, хто мясцовыя выбары прайграў і хацеў пераглядзець вынікі за кошт нападу на ўладу. Аднак бунт быў падаўлены. Што да перспектыў, то нічога не пагражае ЕР далей кіраваць краінай, маючы карт-бланш ад народу.

Ірына Яравая, сябра прэзідыуму ЕР, сцвярджае: «Пасля таго, як прэзідэнт сустрэўся з прадстаўнікамі парламенцкіх фракцый, ён цвёрда даў зразумець, што палітычны ціск не мае перспектывы. Тэзіс пра тое, што выбары прайшлі — і прайшлі закона, — перастаў выклікаць сумневы... «Адзіная Расія» апынулася адзінай партыяй, якая не словам, а справай падтрымала людзей, выканала ўсе раней дадзеныя абяцанні. Менавіта на гэтых перавагах мы будавалі сваю выбарчую кампанію. Нам паверыла большая колькасць расіянаў. Прыкметнае падзенне электаральнай падтрымкі КПРФ, ЛДПР і «Справядлівай Расіі» — гэта рэальнае адлюстраванне стаўлення выбаршчыкаў, а не вынік маніпуляцый выбаркамаў».

Аднак большасць аглядальнікаў пагаджаецца, што дэмарш быў свядомай рэакцыяй апазіцыі на працэс закручвання гаек. Між тым, матывы байкоту сесіі маглі быць не такія ўжо ідэалістычныя.

«Гэты бунт быў у значнай ступені не з нагоды бягучых выбараў у мясцовыя заканадаўчыя органы ўлады, а з нагоды выбараў 2011 года ў Думу. Да парламенцкіх выбараў 2011 года засталося 2 гады, і камуністы, і Жырыноўскі, і эсэры, якія далучыліся да іх, зразумелі, што калі яны цяпер не выбрыкнуць, не пададуць свой голас, то ў 2011 годзе не яны і не іх выбаршчыкі будуць вырашаць, быць ім у Думе ці не», — лічыць палітолаг Сяргей Рубанаў.

Згадаем яшчэ адну цікавую версію. Яе агучыў палітолаг Зміцер Кастэнка: «Усё гэта добра зрэжысіраваная паліттэхналагічная акцыя супраць Лужкова. Камуністы з Міронавым ніколі рукі адзін аднаму не пададуць. А Жырыноўскі ўсё робіць выключна за вялікія грошы, або па інструкцыі Крамля. І звычайна, па абедзвюх прычынах адразу. Трэба было паказаць, што Лужкоў шчэміць дэмакратыю, правёў выбары па-чачэнску. І яго за гэтыя ўчынкі трэба здымаць. Без добра распрацаванага ў Крамлі плану яны б ніколі не дамовіліся».

Версія таго, што ўвесь бунт з самага пачатку быў задуманы ў Крамлі, таксама папулярная сярод расійскіх палітолагаў. «Сустрэча Мядзведзева з лідэрамі трох думскіх партый, з якіх да апазіцыі можна аднесці толькі КПРФ, уяўляе добра падрыхтаваны «выпуск пары». У выніку ўсе задаволеныя. Лідэры думскай апазіцыі — тым, што зрабілі сабе выдатны піяр, праявілі палітычную самастойнасць і абурэнне. Прэзідэнт — тым, як умела выпусціў пару», — лічыць Уладзімір Рыжкоў.

Аднак у канцэпцыю змовы не вельмі верыцца, паколькі бунт фракцый мае наступствы, якія не пажаданыя для іх.

Па-першае неяк невыразна павёў сябе ў такой сітуацыі Зюганаў. Агульнае расчараванне выклікаў спіс яго патрабаванняў да Мядзведзева. Аналізуючы паводзіны камуністаў, Ігар Баранаў піша: «Адкрыў я афіцыйны сайт КПРФ, каб даведацца, што казаў «галоўны камуніст краіны» дзяржаўнаму лідэру за кубкам гарбаты. Адны агульныя словы».

У сувязі з гэтым некаторыя палітолагі ўжо назвалі 24 кастрычніка днём смерці парламенцкай апазіцыі. Пазапарламенцкая апазіцыя на гэтым фоне выглядае трохі лепш.

Каспараў у тым жа «Эхо Москвы» заявіў, што няма іншай альтэрнатывы, як этычны грамадскі супраціў.

«На гэты электаральны працэс мы не ўплываем. Аднак улада не можа існаваць у вакууме. Пакуль мы прызнаём за ёй права на гвалт, фальсіфікацыі, права на крадзеж, улада і існуе. У нейкі момант большасць людзей, большасць з актыўнай меншасці, пачынаюць гэта не прызнаваць. І вынікі вельмі хутка настаюць. Гэта тое, што адбывалася ў канцы 1980-х гадоў. Калі ўлада губляе давер цалкам. Тое, што было ў Расіі ў 1917 годзе: зусім была не катастрафічная палітычная сітуацыя, на франтах усё стабілізавалася, прамысловасць больш-менш працавала. Але ўлада страціла крэдыт даверу ў актыўнай часткі грамадства», — падсумоўвае Каспараў.

Нарэшце прызнаўшы недахопы выбарчай сістэмы, так ці інакш патрэбна нешта рабіць, аднак наўрад ці гэта адлюструецца на выніках выбараў.

«Галоўнае — улада не можа караць фальсіфікатараў. Бо менавіта яны забяспечылі перамогу «Адзінай Расіі» ў снежні 2007-га, і Мядзведзева ў сакавіку 2008 года. Прыцягваць іх да крымінальнай адказнасці — значыць разбурыць асновы сістэмы, якая склалася, на якой трымаецца ўся ўлада. Ужо ў сакавіку 2010 года мы ўбачым, як усё паўтарыцца, — магчыма, яшчэ ў большым маштабе», — падкрэслівае Уладзімір Рыжкоў.

А гэта значыць, што ў сакавіку наступнага года, каб захаваць твар, апазіцыя будзе вымушана зрабіць нешта кшталту байкоту пасяджэння парламенту. Пытанне ў тым, як доўга такія выбрыкі будуць успрымацца насельніцтвам.

Праўда, тут магчымы яшчэ адзін варыянт. Яго разглядае Аляксандр Пруднік: «Палітычная структура, якая складаецца ў нашай краіне, не з’яўляецца абсалютна новай. Сістэма, пры якой ёсць адна дамінантная партыя, і дзве-тры партыі, якія заўсёды, на ўсіх выбарах у абавязковым парадку атрымліваюць вызначаны працэнт галасоў і вызначаную колькасць месцаў у заканадаўчых органах улады, адпрацаваная. Такая сістэма была, напрыклад, у Польшчы, дзе акрамя кіруючай Польскай аб’яднанай працоўнай партыі была яшчэ і Дэмакратычная партыя, была і Сялянская партыя. У Кітаі нават у часы поўнай камуністычнай дыктатуры, у часы Мао ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны таксама было некалькі партый. Усе яны траплялі туды па гарантаваным спісе. Вось гэту гарантаваную пазіцыю і патрабуюць для сябе кіраўнікі так званых «апазіцыйных» партый. Яны ведаюць, што цяпер дзяржава і эліта ў іх больш не мае патрэбы. І яны просяць, каб з улікам іх заслуг ім быў гарантаваны вызначаны пансіён на палітычнай ніве».

Каментаваць