Бунт рэжысёра-палітыка

Славуты брытанскі рэжысёр вырашыў раскалоць Лейбарысцкую партыю. Тое, што Кен Лоўч (брытанскі кіношнік, лаўрэат Канскага і Берлінскага фестываляў) заўсёды быў палітычна ангажаваным, вядома ўсім. Нейкім чынам яму заўсёды ўдавалася сумяшчаць сваю творчасць і палітычную актыўнасць. 



Спачатку ён быў лейбарыстам, пасля падаўся да трацкістаў. Апошнім часам яго бачылі ў кампаніі Джорджа Галоўэя (былы лейбарыст, які заснаваў сваю партыю Respect). Гэта без уліку актыўнага ўдзелу Лоўча ў грамадскіх кампаніях салідарнасці з Палесцінай, лонданскімі бамжамі, чачэнскімі сепаратыстамі і Джуліянам Асанжам. Аднак усё ранейшае выглядае дробяззю ў параўнанні з тым, што Кен задумаў зараз.

Рэжысёр выступіў суаўтарам адкрытага ліста з заклікам стварэння на Альбіёне новай партыі — «Левае адзінства» (LU). Ініцыятары нават не хаваюць, што набор кадраў у новую структуру будзе ісці за кошт лейбарыстаў, якія расчараваліся ў сваім кіраўніцтве. У прынцыпе, брытанская гісторыя ведае шмат спробаў стварэння партый, альтэрнатыўных лейбарысцкай. Аднак цяпер — асаблівы выпадак. Брытанская палітычная сістэма развальваецца на вачах. Бацькоў-заснавальнікаў LU, відавочна, акрыляе ўздым правапапуліскай Партыі незалежнасці Аб’днанага Каралеўства (UKIP). UKIP, якая больш гучна за кансерватараў крытыкуе Еўрасаюз і смела агучвае нацыяналістычныя ксенафобскія лозунгі, цяпер карыстаецца падтрымкай каля 10 працэнтаў брытанскіх выбаршчыкаў.

Падобны сцэнар падзей — разбурэнне рэфармісцкага цэнтра — Лоўч і яго сябры рыхтуюць для левага спектра брытанскай палітыкі. І ўсё, быццам, гэтаму спрыяе. Сапраўды, лейбарысты ніяк не могуць набыць форму, хаця, здавалася, знаходжанне ў апазіцыі ў часы крызісу павінна прыносіць ім дывідэнты. Між тым, рэйтынг партыі — толькі 35 працэнтаў (у партыі кансерватараў не нашмат менш). Аднак значна горш тое, што электарат не верыць у здольнасць цяперашніх лейбарыстаў кіраваць краінай. Паводле апытанняў, толькі 24 працэнты брытанцаў мяркуюць, што штаб Эда Мілібэнда (лідар лейбарыстаў) кампетэнтны ў пытаннях дзяржаўнага менеджменту. Увогуле, толькі 46 працэнтаў тых, хто галасаваў на апошніх выбарах за лейбарыстаў, хацелі б, каб Мілібэнд быў партыйным лідарам на парламенцкіх выбарах 2015 года.

Фрустрацыю ў стане лейбарыстаў тлумачаць па-рознаму. Напрыклад, шмат хто лічыць, што Эд па асабістых якасцях не цягне на лідара. Быццам, Мілібэнд не можа дакладна сфармуляваць і даслаць людзям адказ на пытанне: чаму іх жыццё палепшыцца ў выпадку змены кабінету. Другія кажуць, што галоўны яго пралік — у тым, што лейбарысты лёгка аддалі кансерватарам імідж палітычнай сілы, якая абараняе сям’ю і здольная несці адказнасць за свае ўчынкі. Апошнім часам сярод лейбарыстаў папулярная думка, што яны занадта доўга ігнаравалі негатыўны ўплыў эміграцыі на стан брытанскага пралетарыяту. Гістарычнай падзеяй называе прэса нядаўні выступ аднаго з дэпутатаў-лейбарыстаў, які патрабаваў забараніць буйным кампаніям «Tesco» і «Next» браць на працу эмігрантаў.

Аднак хапае і тых, хто сцвярджае, што Эду Мілібэнду бракуе паслядоўнага класавага падыходу. «Партыі лейбарыстаў не ўдалося давесці да грамадства галоўны аргумент — не выдаткі на сацыяльнае забеспячэнне разбурылі брытанскую эканоміку, а крызіс нічым не стрыманага капіталізму», — гаворыцца ў адной з пракламацый левай апазіцыі. Яшчэ ў сакавіку левымі была заснаваная ініцыятыва за стварэнне новай левай партыі. Генезіс новай арганізацыі ішоў вельмі павольна, і невядома, чым бы ён закончыўся, калі б не казус Стэфані Ботрыл (Stephanie Bottrill).

Стэфані — 53-гадовая хатняя гаспадыня з аднаго з раёнаў Лондану пакончыла з сабою, паколькі павінна была з’ехаць з роднага дому з-за немагчымасці плаціць новы падатак, т.зв. bedroom tax. Трагічнае становішча брытанцаў накшталт Стэфані ілюструе той факт, што падатак складаў усяго 10 фунтаў на тыдзень. Аднак гэта сума настолькі падарвала бюджэт жанчыны, што тая вырашыла пайсці з жыцця.

Перад тым, як здзейсніць акт суіцыду, Стэфані напісала эмацыйны ліст, у якім пераклала ўсю адказнасць за сваю смерць на ўрад. Той факт, што закон пра bedroom tax быў падтрыманы ў парламенце лейбарыстамі, быў выкарыстаны апанентамі Мілібэнда як галоўны аргумент для крытыкі кіраўніцтва партыі.

На хвалі абурэння курсам Мілібэнда ў грамадстве павялічыўся інтарэс да ідэі стварэння альтэрнатыўнай лейбарыстам партыі. Яшчэ больш спрыяла праекту рэформа мадэлі адносін з прафсаюзамі, якую пачаў сам Мілібэнд. Раней чальцы прафсаюзаў аўтаматычна станавіліся афіляванымі чальцамі лейбарысцкай партыі, а частка іх прафсаюзных складак ішла ў фонд партыі. Мілібэнд абвясціў пра пачатак перагляду ўзаемаадносін з прафсаюзамі. Сяброўства ў прафсаюзе больш не будзе азначаць аўтаматычнага сяброўства ў партыі.

Паколькі прафсаюзы і так сварыліся з лейбарыстамі, і нават паспрабавалі выставіць свайго кандыдата на мясцовыя выбары ў адным шатландскім горадзе, не выключана, што прафцэнтры пачнуць гуляць у палітыку самастойна.

Як след, згаданы ліст за подпісам Кена Лоўча пра неабходнасць новай левай партыі быў успрыняты ў грамадстве вельмі сур’ёзна. Пасля яго публікацыі, як казаў Гарбачоў, «працэс пайшоў». Петыцыю за стварэнне «Левага адзінства» хутка падпісалі больш за 10 тысяч чалавек. Ужо створаныя каля 100 асяродкаў будучай арганізацыі. Дарэчы, арганізацыі структур новай партыі дапамог нядаўні рэліз дакументальнага фільму «Дух 45-га», які зрабіў усё той жа Кен Лоўч. Гэта фільм пра тое, як на базе народнага адзінства, якое паўстала падчас вайны, у пасляваеннай Англіі былі праведзеныя глабальныя для свайго часу сацыяльныя рэформы.

Непасрэдна новая партыя павінна паўстаць у лістападзе, калі яе актывісты збяруцца на канферэнцыю. Галоўная задача — пачаць стварэнне лакальных партыйных структур, на базе якіх можна будзе праводзіць парламенцкую кампанію ў 2015-м. Настрой у сяброў LU баявы. У грамадстве відавочны рост левых і пацыфісцкіх настрояў у сувязі з чуткамі пра магчымую вайну ў Сірыі. Таксама варта згадаць, што ў 2015 годзе ўпершыню галасаваць можна будзе з 16-ці гадоў. Як вядома, маладым людзям уласцівыя больш радыкальныя погляды, што можа прынесці новастворанай партыі добрую порцыю галасоў.

Праўда, гэта кампанія будзе не лёгкай. Да выбараў засталося вельмі мала часу — каля 20 месяцаў. У дадатак унутры яшчэ нават не створанай партыі ўжо з’явіліся сектанцкія платформы, якія высвятляюць, хто ў кіраўніцтве апартуніст або рэвізіяніст. Таксама не факт, што прафсаюзная бюракратыя пагодзіцца падтрымліваць LU. Яшчэ не забыліся, як прафсаюзы віталі ліберальныя рэформы Тоні Блэра. Шмат тут вырашыць прызначаны на канец верасня Кангрэс прафсаюзаў.

Нарэшце, лейбарысты наўрад ці так проста здадуць свае пазіцыі. Эд Мілібэнд ужо заявіў, што партыя рыхтуецца выступіць з серыяй ініцыятыў, якія тычыцца тэмы сацыяльнай абароны. А адзін з прыхільнікаў Мілібэнда нагадаў, што Маргарэт Тэтчэр таксама ніколі не была папулярнай ні ў народзе, ні ў сваёй партыі. Аднак як толькі прыходзіў дзень галасавання, выбаршчыкі дружна абіралі Жалезную лэдзі. 

Каментаваць