Былога прэзідэнта Чада асудзілі да пажыццёвага зняволення

Сенегальскі суд прызнаў былога прэзідэнта Чада Хісэна Хабрэ вінаватым у злачынствах супраць чалавечнасці і прысудзіў яго да пажыццёвага зняволення.


 


У панядзелак, 30 мая, спецыяльны трыбунал у Дакары прызнаў 73-гадовага дыктатара вінаватым у згвалтаваннях, захопе жанчын у сэксуальнае рабства і замове забойстваў падчас кіравання краінай з 1982 па 1990 год. Адвакаты Хабрэ маюць 15 дзён, каб абскардзіць вырак, паведамляе www.dw.com.

 

Пацярпелыя і сваякі загінулых віталі прысуд, многія пасля абвяшчэння прысуду абдымаліся ў зале суда, адзначае ВВС.

 

У ходзе судовага працэсу Хабрэ, які атрымаў мянушку "афрыканскі Піначэт", адмаўляўся прызнаць легітымнасць суда, а таксама адмаўляў, што па яго загаду былі забітыя 40 тысяч чалавек.

 

У 2013 годзе Хабрэ арыштавалі ў Сенегале, куды экс-прэзідэнт Чада збег пасля дзяржаўнага перавароту ў 1990 годзе.

 

Судовы працэс праходзіў выключна на тэрыторыі Сенегала. Гэта першы выпадак, калі былы кіраўнік афрыканскай дзяржавы паўстаў перад судом у іншай краіне. Суд распачаўся 20 ліпеня 2015 года. У ходзе судовых слуханняў было апытана 93 ахвяры і 33 сведкі злачынстваў Хабрэ. Пры гэтым абвінавачванне заявіла, што валодае інфармацыяй пра больш за 2 000 пацярпелых ад рэжыму ў Чадзе.

 

У дакументах тайнай паліцыі, выяўленых пасля ўцёкаў Хабрэ з краіны, дэталёва апісаны звыш за 1 200 забойстваў, а таксама выпадкі катаванняў і жорсткага абыходжання ў адносінах да больш за 12 300 ахвяр. Створаная ў Чадзе камісія па расследаванню злачынстваў часоў дыктатуры ўскладае на Хабрэ адказнасць за 40 000 забітых і зніклых без вестак людзей.

 

Першапачаткова экс-прэзідэнт Чада карыстаўся заступніцтвам сенегальскага ўрада, аднак у выніку ціску міжнароднай супольнасці ў мінулым годзе Сенегал нарэшце распачаў судовы працэс. Суд Чада раней завочна вынес экс-лідару смяротны прысуд за пагрозу канстытуцыйнаму ладу краіны.

 

 

 

Каментаваць