Бывай, Салідарнасць!

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы сімвалізуюць заканчэнне дамінавання ў польскай палітыцы пакалення, што ідэйна сфармавалася ў часы «Салідарнасці». Арыенціры новай хвалі пакуль малазразумелыя.
 



Прадстаўнікі «Салідарнасці» прайгравалі на выбарах у Польшчы і раней — дастаткова ўзгадаць канфуз Леха Валенсы, які па выніках сваёй вельмі слабай прэзідэнцкай кадэнцыі фактычна даў зялёнае святло для вяртання ва ўладу экс-камуністаў. Аднак правал Браніслава Камароўскага — абсалютна з іншай оперы. Той жа Валенса прайграваў тым, з кім быў у адным палітычным дыскурсе, які паўстаў па выніках Круглага стала — нефармальнай кампраміснай дамовы ўлады і апазіцыі ў 1989 годзе.

Што тычыцца Камароўскага, то яго раскаталі таксама як фронтмена ідэалагічнай плыні, носьбіта ідэалогіі таго самага Круглага стала. Хаця фармальна яго крыўдзіцель — Анджэй Дуда — прадстаўляе адну з фракцый «Салідарнасці», перамогай апошні абавязаны не сваёй выбарчай праграме. Відавочна, што галасаванне 24 мая набыло ў электаральных масах падтэкст антысістэмнага пратэсту, асабліва для моладзі. Менавіта сацыяльная група 19–24 гады зрабіла кандыдата ад партыі «Права і справядлівасць» новым прэзідэнтам. Колькасць тых, хто галасаваў за Дуду ў гэтай сацыяльнай групе выбаршчыкаў, складае каля 66–70 працэнтаў.

Часткова ў гэтым вінаваты сам Камароўскі, які на кожным кроку нават без асаблівай нагоды падкрэсліваў сваю прыналежнасць да пакалення камбатантаў «Салідарнасці». Пры гэтым культ герояў антыкамуністычнага супраціву 1980-х гадоў у прамовах экс-гаранта трансфармаваўся ў нейкую канцэпцыю канца гісторыі. Паводле Камароўскага атрымлівалася, што гісторыя Польшчы закончылася з падзеннем камуністаў, пасля чаго ў краіне надышлі часы сапраўднага Эдэму. Сама ідэя рэформы існуючай мадэлі міжволі падавалася крамольнай, паколькі ўтрымлівала элемент замаху на парадак рэчаў, што паўстаў у выніку мужнай барацьбы палякаў з камунізмам.

Прычым сам парадак рэчаў быў яўна не ідэальны, як, магчыма, падавалася Камароўскаму. Гэта цудоўна пракаментаваў адзін з публіцыстаў на радыё «Tok», які звярнуў увагу на лозунг Камароўскага — «Бліжэй да людзей». Па словах публіцыста, такі лозунг, які маглі прыдумаць толькі марсіяне, цудоўна ілюструе сітуацыю, калі эліта адарвалася ад людзей і аднаасобна карыстаецца эканамічнымі дасягненнямі Польшчы за апошнія дзесяцігоддзі.

Не дзіўна, што былыя лідары таго антыкамуністычнага падполля сталі аб’ектамі жартаў і  фотажаб. Выданне «Rationalista» звяртае ўвагу на правал акцыі напярэдадні выбараў, калі такія VIP, як той жа Адам Міхнік, заклікалі галасаваць за Камароўскага.  Як піша выданне, «палітыкі, знакамітасці, каментатары, чые погляды павінны былі пераламаць сітуацыю на карысць Камароўскага, успрымаліся як рэлікты сістэмы, якую мае замяніць Дуда. Калі яны і аказвалі нейкі ўплыў на маладых, то цалкам супрацьлеглы — галасы «саланістаў» (так называюць у Польшчы эліту) яшчэ больш мабілізавалі выбаршчыкаў галасаваць супраць дзейнага прэзідэнта».

Так ці інакш, галасаванне супраць Камароўскага ўпісвалася не ў ідэю карэкцыі сістэмы, а ў лозунг яе поўнай перазагрузкі, што пасуе ваяўнічым тэзісам кандыдата-папуліста Павела Кукіза, які ў першым туры атрымаў трэцяе месца. Прэса пагаджаецца, што 24 мая за Бугам пачалася змена палітычнай эліты. Новая генерацыя будзе будавацца на новых каштоўнасцях і міфах.

Хаця наўрад ці цяперашні крызіс аўтарытэтаў Другой Рэчы Паспалітай прывядзе да татальнага падзення інтарэсу да эпасу «Салідарнасці». Хутчэй за ўсё, з’явяцца новыя трактоўкі сучаснай гісторыі Польшчы, на базе якіх будуць выбудоўвацца новыя дактрыны масавых рухаў. Напрыклад, могуць быць запатрабаваныя погляды таго ж Кукіза, які разглядае Круглы стол як здраду апазіцыйных лідараў інтарэсам народу.

Паўплывае на новы характар лідараў і змена фармату палітычнага руху, які ўсё больш сыходзіць у інтэрнэт. Сярод экспертаў папулярна думка, што новую генерацыю польскіх палітыкаў трэба шукаць у інтэрнэце. Сапраўды, выбары зрабілі некалькі блогераў публічнымі фігурамі нацыянальнага маштабу. Аднак самі тэхналогіі мабілізацыі аматараў сацыяльных сетак у оф-лайн рэжыме пакуль слаба распрацаваныя.

Таксама трэба прызнаць, што польскім інтэлектуалам не вельмі сімпатычныя новыя тэндэнцыі. Як адзначаюць эксперты, прадстаўнікі маладога пакалення, што выраслі пры дэмакратыі і не ведалі вайсковага становішча, слаба шануюць такую прававую катэгорыю, як дэмакратычныя свабоды. Значна больш важную ролю для іх адыгрывае тэма эканомікі і сацыяльныя льготы, ад якіх залежыць узровень спажывання, што прыняты ў моладзевым асяроддзі.

Абыякавасць да тэмы дэмакратычных свабодаў у перспектыве стварае глебу для выбуху папулізму, што давялі апошнія выбары. Той жа Дуда падчас кампаніі абяцаў выбаршчыкам рэформы, праводзіць якія прэзідэнт, паводле польскай Канстытуцыі, папросту не кампетэнтны. Шмат кажуць пра ролю харызмы для цяперашніх палітычных рухаў. Так, лічыцца, што Дональд Туск мог перамагчы Дуду, калі б балатаваўся ў прэзідэнты, а не надаў перавагу працы ў Еўракамісіі.

Большасць заходніх СМІ пабачылі ў выніках прэзідэнцкіх выбараў відавочны дрэйф Польшчы ў бок Венгрыі. На старонках італьянскай прэсы гуляе думка пра тое, што выбары 24 мая былі плебісцытам наконт стаўлення палякаў да цяперашняга вельмі ліберальнага Папы Францыска. Журналісты таксама прагназуюць удзел Польшчы ў вайсковым канфлікце ва Украіне як следства перамогі кансерватараў на парламенцкіх выбарах у кастрычніку.

З іншага боку, польскія палітычныя трэнды аказаліся моцна ўпісаныя ў агульнаеўрапейскія працэсы. Прызнаецца, што выбух антысістэмных пратэстаў у Польшчы быў бы больш сціплы без нядаўняй перамогі грэчаскай партыі «СІРЫЗА» або добрых паказнікаў іспанскага руху «Падэмас». Такім чынам, наўрад ці Польшча зможа быць ізаляванай ад Заходняй Еўропы, дзе дэмакратычныя інстытуты гістарычна больш моцныя. Хапае і ўнутраных фактараў, якія могуць заблакаваць трансфармацыю краіны ў другую Венгрыю. Таму, думаецца, новая генерацыя польскіх палітыкаў так ці інакш усё роўна будзе дзейнічаць, абапіраючыся на спадчыну Круглага стала.

Абмеркаванне:

  • Pychu
  • 2015-05-31 14:50:05
Сумна, што няма тут глыбокіх думак, толькі капіяваньне польскіх мэдыяў. Кажучы пра ідэі, Анджэй Дуда бліжэйшы Салідарнасьці больш чым Камароўскі. Напісаў бы я больш, але яшчэ не вельмі добра
размаўляю на беларускай. Тольскі скажу, што "Gazeta Wyborcza" ВЕЛЬМІ дрэнная крыніца.

Каментаваць