Ці быць Сібірскай дзяржаве?

Падчас пратэстаў шахцёраў Междурэчанска прагучалі заклікі да стварэння незалежнай Заходне-Сібірскай рэспублікі. Што стаіць за падобнымі лозунгамі?



Падчас пратэстаў шахцёраў Междурэчанска прагучалі заклікі да стварэння незалежнай Заходне-Сібірскай рэспублікі. Што стаіць за падобнымі лозунгамі?

Па-першае трэба адзначыць, што рух за незалежнасць або шырокую аўтаномію Сібіры мае даўнюю традыцыю. Вытокі барацьбы сібіракоў супраць цэнтра трэба шукаць у развіцці тамтэйшай грамадска-палітычнай думкі ў першай палове XIX стагоддзя. Тады за Уралам з’явіліся першыя канцэпцыі, адпаведна якім Сібір павінна была паўтарыць шлях краін Лацінскай Амерыкі і ЗША. Пазней сібірскі аўтанамізм быў упісаны ў канцэпцыі народнікаў, якія выступалі за мадэль шырокага мясцовага самакіравання.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пражэкт незалежнай Сібіры пачаў набываць контуры. У кастрычніку 1917 года ў Томску прайшоў Першы Сібірскі абласны з’езд, які абраў Сібірскую абласную раду і прыняў рашэнне пра тое, што Сібір павінна мець сваю заканадаўчую, выканаўчую і судовую галіны ўлады. Планавалася стварыць Сібірскую абласную думу і кабінет міністраў. Быў нават прыняты сцяг новай дзяржаўнай адзінкі — поле, падзеленае па дыяганалі на белую і зялёную часткі.

З прыходам бальшавікоў сібірскае дзяржаўнае будаўніцтва прыпынілася. У пачатку 1918 года шэраг сябраў абласной рады прынялі ўдзел у падрыхтоўцы антыбальшавіцкага паўстання. Яны ўваходзілі ў склад Часовага сібірскага ўраду, які пазней падмяў пад сябе Калчак. Пасля ўсталявання савецкай улады ў Сібіры, прыхільнікі яе незалежнасці падаліся за мяжу.

Напачатку 1990-х гадоў ва ўмовах распаду СССР барацьба за незалежнасць у шматлікіх рэгіёнах Расіі зноў актывізавалася. Сібір не была выключэннем. У канцы 1989 года ў Томску быў створаны камітэт «Сібір», які выпусціў зварот «Да пытання пра канфедэрацыю Сібірскіх земляў». Аўтары заклікалі да стварэння незалежнай дзяржавы Канфедэрацыя Сібірскіх Земляў. У той ж час у Томску была створана Партыя незалежнасці Сібіры (ПНС), якую ўзначаліў дэпутат Томскай абласной рады Барыс Пяроў. У 1998 годзе нават узнікла фантомнае Вызваленчае войска Сібіры. Аднак з прыходам Пуціна сібірскіх незалежнікаў загналі ў рамкі культурнай і краязнаўчай дзейнасці.

І вось прывід вяртаецца. Упершыню пра лозунгі за аддзяленне Сібіры ад Расіі праінфармаваў 14 мая сайт чачэнскіх сепаратыстаў «Каўказ-цэнтр». Пазней гэту інфармацыю пацвердзілі больш аўтарытэтныя СМІ. У прыватнасці расійскія інфармацыйныя агенцтвы «Новы Рэгіён» і «Фінанс», а таксама кіеўская медыя-група «Заўтра».

 «У Кузбасе неспакойна. 14 мая ў Междурэчанску прайшоў несанкцыянаваны мітынг, цяпер гучаць заклікі да стварэння Заходне-Сібірскай Рэспублікі», — пісалі журналісты партала «Фінанс». У сваю чаргу, іх калегі з «Новага рэгіёна» асобна адзначылі, што «працоўны народ абураны і заклікае насельніцтва Кемераўскай вобласці выйсці са складу Расіі».

«Нацыянальна-вызвольная барацьба» жыхароў Кузбаса выклікала шырокае абмеркаванне ў расійскім грамадстве. Прычына відавочная: упершыню ў сучаснай гісторыі самі расіяне патрабавалі дэманціраваць імперыю.

Дададзім, што ва ўсім гэтым ёсць цікавы сімвалізм. Мала хто ведае, аднак першы несанкцыянаваны мітынг часоў Перабудовы, якая прывяла да краху СССР, адбыўся менавіта ў Междурэчанску 11 ліпеня 1986 года. Таксама сімвалічна назва шахты «Распадская», масавая смерць шахцёраў на якой справакавала хваляванні.

У расійскай грамадскай думцы дамінуюць некалькі версій адказаў на пытанне, нашто сібіракам спатрэбілася асобная дзяржава.

Па-першае, ёсць тэорыя змовы, якую актыўна раскручваюць у блізкіх да Крамля выданнях. Калі верыць ім, бунт на Кузбасе арганізавалі замежныя цэнтры, напрыклад, украінскія «аранжавыя».

Аднак нават сярод патрыётаў з’явіліся праціўнікі Масквы. «Масква — гэта тормаз і клаака, у якой гіне нацыянальная самасвядомасць. Рускім Маскоўскі каганат адвёў ролю бясплатнай рабскай сілы», — заўважае Нацыянальна-дэмакратычны альянс.

Лібералы і левыя лічаць, што гаворка не ідзе пра сепарацыю. Хутчэй, згаданыя вышэй заклікі — ускосная рэакцыя на гвалт з боку АМАПу. «Да 14 мая тэма ўзнаўлення Заходне-Сібірскай Рэспублікі шырокага развіцця не мела. Атрымліваецца, што галоўнымі падбухторшчыкамі сепаратысцкіх настрояў з’яўляецца не замежны разведцэнтр, а расійскія ўлады, якія кідаюць на разгон мірных дэманстрацый баявікоў з банды «АМАП», — заяўляе Левы фронт.

Калі меркаваць па артыкулах у інтэрнэце, большасць расіян разумеюць матывы кемераўскага сепаратызму і нават падтрымліваюць яго. Прычына простая: буйны сацыяльны кантраст паміж сталічным мегаполісам і правінцыяй.

Вось што піша адзін з правінцыялаў: «У рэгіёнах часта можна пачуць, што вось быццам гэты завод ці гэту краму купілі масквічы, тут забралі бізнес пад сябе масквічы і г.д. Іншы раз гэтыя міфічныя масквічы не маюць ніякага дачынення да Масквы, акрамя таго, што іх банк ці фірма зарэгістраваныя ў Маскве. Але гэты стэрэатып пра шыкуючых масквічоў у правінцыі ўсё больш і больш дамінуе ў настроях мясцовых жыхароў. Яшчэ з савецкіх часоў на побытавым узроўні масквічам зайздросцілі. Жыць у сталіцы было больш камфортна. Але тады мы жылі ў стабільным маналітным грамадстве, і падобныя настроі былі хутчэй сімвалічнымі. Зараз на ўскрайках Расіі сур’ёзна кажуць пра аддзяленне ад цэнтра. У Сібіры і ў Прымор’і, у Калінінградзе і на Кубані згодныя з лозунгам «Масква для масквічоў». Толькі дадаюць пры гэтым: «Няхай гэтыя масквічы жывуць у сваёй Маскве і не рабуюць нашы рэгіёны!»

Хаця падобныя думкі вельмі папулярныя, ніякіх практычных наступстваў пакуль няма. Як прызнаюць самі «аўтаномы», усё вырашаецца ў сталіцы. Пакуль не падымуцца масквічы, статус-кво захаваецца. А які масквіч будзе пратэставаць супраць цяперашніх парадкаў?

Аднак пасля падзеяў у Междурэчанску нешта ўсё роўна змянілася. Відавочна, што пуцінскі агітпрап цяпер не спраўляецца з задачай кансалідацыі краіны. Людзям усё больш надакучвае ў тым ліку імперская рыторыка з муляжамі ядзерных боегаловак на парадзе.
 

Каментаваць