Ці любяць грузіны Сталіна?

Дэмантаж помніка Сталіну на яго радзіме ў горадзе Горы выклікаў шырокую палеміку наконт цяперашняга стаўлення грузін да асобы правадыра народаў.

Сам помнік генералісімусу знялі ўначы, вельмі хутка і пры малым супраціве. Толькі 30 камуністаў выйшлі на абарону манумента. Абаронцы сцвярджаюць, што калі б манумент дэмантавалі ўдзень, народу было б значна больш.



Дэмантаж помніка Сталіну на яго радзіме ў горадзе Горы выклікаў шырокую палеміку наконт цяперашняга стаўлення грузін да асобы правадыра народаў.

Сам помнік генералісімусу знялі ўначы, вельмі хутка і пры малым супраціве. Толькі 30 камуністаў выйшлі на абарону манумента. Абаронцы сцвярджаюць, што калі б манумент дэмантавалі ўдзень, народу было б значна больш.

Улады тлумачаць неабходнасць дэмантажу вельмі проста: у ХХІ стагоддзі ў цэнтры краіны, якая бачыць сябе сябрам ЕС, не можа быць помніку дыктатару. Дарэчы, на месцы Сталіна плануецца паставіць помнік ахвярам расійскай агрэсіі жніўня 2008 года. Што да помніка, які дэмантавалі, то яго зробяць фрагментам экспазіцыі «Музея ахвяр расійскай і савецкай акупацыі». У гэты комплекс увойдзе і частка дома-музея Іосіфа Сталіна, які знаходзіцца ў тым жа Горы.

«Мы не можам адкрываць музей акупацыі Грузіі і пакідаць помнікі арганізатарам той самай акупацыі. У нашай краіне не могуць адначасова існаваць манументы героям, якія аддалі жыццё ў барацьбе супраць сістэмы, і помнікі тым, хто знішчыў вялікую частку нашай інтэлігенцыі», — заявіў прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Адначасова ён абвясціў пра пачатак у Грузіі новай эпохі — «эпохі без правадыра народаў».

Аднак шмат што ў рыторыцы ўладаў не клеіцца. Праблема стаўлення да асобы Сталіна ў грузінскім грамадстве відавочна значна больш складаная.

Як прыклад, дадзеныя апытання, якое правяло ў верасні 2009 года па замове рэдакцыі грузінскага штотыднёвіка «Квірыс палітра» («Палітра тыдня») адно мясцовае сацыялагічнае агенцтва. Грузінаў пыталіся пра іх стаўленне да ідэі дэмантажу помніка Сталіну. Тады большасць (68,4%) выказалася «супраць», а 13,8% — «за».

Такія настроі на першы погляд цалкам зразумелыя. Грузінамі рухаюць нацыяналістычныя матывы, якія нарадзіліся не на пустым месцы.

Хаця Сталін заўсёды быў паслядоўным праціўнікам праекту Грузінскай дэмакратычнай рэспублікі (1918–1921), маштаб ягонай асобы не параўнальна большы ў праекцыі на бацькоў грузінскай незалежнасці. Акрамя таго, сярод насельніцтва, асабліва старых людзей, моцная настальгія па савецкіх часах. У рэспубліцы, якая атрымлівала датацыі з цэнтру, быў неблагі ўзровень жыцця.

А пасля ХХ з’езду КПСС Сталін увогуле стаў складовай часткай местачковага нацыяналізму. У Грузіі ўзнялася хваля пратэсту супраць «выкрыцця культу асобы Сталіна», якое праводзіў Мікіта Хрушчоў. У сакавіку 1956 года масавыя выступленні адбыліся ў Тбілісі, Батумі, Сухумі і Руставі. 2 сакавіка ў сталіцы Грузіі сотні студэнтаў і школьнікаў патрабавалі аднавіць «добрае імя Сталіна». Натоўп расстралялі. А пратэст 9 сакавіка ў грузінскай сталіцы быў задушаны пры дапамозе танкаў.

Гісторык Лёў Балаян так піша пра тыя падзеі: «Складана было Хрушчову дэмантаваць помнікі Сталіну ў сталіцы Грузіі: насельніцтва арганізавала вакол іх кругласутачнае дзяжурства. Уладам давялося пайсці на «вайсковую хітрасць»: была абвешчана «атамная паветраная трывога». Тым часам, пакуль наіўныя грузіны хаваліся ў бамбасховішчах і вуліцы апусцелі, салдаты дэманціравалі ўсе тры манумента. Адзіны помнік І.В. Сталіну, які атрымалася тады абараніць, і які захаваўся і дагэтуль, стаяў у Горы, на радзіме правадыра».

З улікам усяго сказанага, учынак Саакашвілі разглядаюць папросту як кан’юнктурны палітычны жэст. Звяртае ўвагу і тое, што дэмантаж помніка дзіўным чынам прыпаў на візіт прэзідэнта Расіі ў ЗША.

Некаторыя кажуць пра праяву звычайнай русафобіі. У прынцыпе, помнік ахвярам «рускай агрэсіі» сапраўды можна было ўсталяваць дзе хочаш, у якім заўгодна месцы, нават у Тбілісі, на праспекце Шата Руставелі. Але ўлады абралі менавіта Горы, менавіта цэнтральную плошчу, менавіта месца, звязанае з асобай Сталіна, якога так любіць просты рускі абывацель.

Некаторыя аглядальнікі бачаць у акцыі Саакашвілі праяву рэўнасці да папулярнасці Пуціна. Розніца паміж Расіяй і Грузіяй толькі ў тым, што расійскае грамадства амаль здабыло палітыка, партрэт якога гатова «павесіць на сцяну» замест сталінскага. У той час, як ніводны грузінскі лідэр пакуль нават блізка не дасягнуў узроўню папулярнасці лепшага сябра ўсіх савецкіх фізкультурнікаў.

У сваю чаргу, афіцыйная грузінская прэса кажа, што часы культу асобы ў Грузіі мінулі. Нават прапануецца блок доказаў.

Па-першае, часы мяняюцца — змяняюцца і погляды. З крахам савецкага рэжыму сталі вядомыя шматлікія, факты і лічбы, што пацягнула за сабой рэзкі «абвал сталінскіх рэйтынгаў», — піша блізкая да адміністрацыі Саакашвілі газета «Грузія сёння». Яна спасылаецца на вынікі праведзенага ў Грузіі апытання. Рэспандэнты паставілі Сталіна толькі на трэцяе месца пасля Давіда Будаўніка і царыцы Тамары.

Па-другое, Сталіна любяць толькі ў Горы, які корміцца з турыстаў-сталіністаў. Тая ж «Грузія сёння» адзначае: «Кажучы пра стаўленне грузінаў да Сталіна, варта «падзяліць» краіну на дзве часткі: Горы, месца, дзе ў 1878 годзе нарадзіўся маленькі Сасо Джугашвілі, і астатнюю частку Грузіі, у якой Іосіфа Сталіна разглядаюць як неадназначную асобу расійскай і грузінскай гісторыі».

Папулярны і тэзіс пра тое, што Сталін больш належыць да расійскай, чым да грузінскай гісторыі. Нават на ўзроўні палітычнай культуры і свядомасці. Вядома захапленне Сталіна асобамі Пятра Першага і Івана Жахлівага — канструктарамі Расійскай імперыі.

Што да падзей 1956 года, то, на думку антысталіністаў, галоўным чыннікам пратэстаў была прысутнасць у выступах Хрушчова антыгрузінскай рыторыкі. Крытыка Сталіна з боку Хрушчова выпадкова выклікала адчуванне нацыянальнага прыніжэння.

Нарэшце, як піша ўрадавая прэса, ні адзін грузін не будзе любіць Сталіна, паколькі менавіта ён заклаў бомбу пад грузінскае дзяржаўнае адзінства, даўшы санкцыю на стварэнне абхазскай і паўднёвай асецінскай аўтаномных рэспублік. У выніку быццам тое рашэнне і прывяло да цяперашніх сепаратысцкіх канфліктаў.

Цяжа казаць, хто ў гэтай спрэчцы мае рацыю. Тыя, хто кажуць, што Сталін дасюль кумір грузінаў. Або тыя, хто сцвярджае адваротнае. У любым выпадку, ёсць сэнс узгадаць адзін факт. У 1989 годзе, калі прыехаўшыя з Тбілісі нацыяналісты паспрабавалі разбурыць помнік Сталіну, на яго абарону са зброяй у руках выйшла амаль усё насельніцтва Горы. У 2010-м пастамент бацькі народаў абаранялі ўсяго 30 чалавек.

Каментаваць