Ці патрэбна эротыка арабскай рэвалюцыі?

 Публікацыя 20-гадовай актывісткай сваіх ню-здымкаў у блогу ўзарвала Егіпет і павялічыла шансы на прыход да ўлады ісламістаў.



 Публікацыя 20-гадовай актывісткай сваіх ню-здымкаў у блогу ўзарвала Егіпет і павялічыла шансы на прыход да ўлады ісламістаў.

Дзяўчыну завуць Магда Алія Эль-Махдзі. Яна — студэнтка амерыканскага ўніверсітэта ў Каіры і вядомая як медыя-актывіст, удзельніца апошняй рэвалюцыі супраць дыктатуры Хосні Мубарака. Выкладваючы свае эратычныя здымкі ў блог на рэсурсе Blogspot, яна наўрад ці думала пра такі шквал эмоцый. Па яе словах, яна проста імкнулася прадэманстраваць свабоду думкі і хацела паспрыяць эмансіпацыі жанчын у Егіпце, каб вызваліць іх ад сэксуальных комплексаў у духу рэвалюцыі.
 
«Ідуць судовыя працэсы супраць мадэляў, якія пазіравалі для мастакоў і скульптураў яшчэ ў 1970-я гады. Схаваныя кніжкі пра эратычнае мастацтва, знішчаныя скульптуры аголеных людзей антычных часоў. А цяпер здымай адзенне і паглядзі на сябе ў люстэрка. Такім чынам ты можаш выратаваць сваё цела, якое ты так зневажаеш. Пазбаўся сваіх сэксуальных комплексаў назаўжды. І толькі пасля гэтага ты адчуеш, чаму патрэбна свабода выражэння поглядаў», — напісала пад здымкамі Алія.
                                                                
Пасля таго, як выявы былі выкладзеныя на блог, Эль-Махдзі паслала паведамленне пра гэта на Twitter. Наступнай раніцай яна прачнулася самай славутай дзяўчынай у краіне. Так, толькі за тыдзень тую старонку ў сеціве наведалі больш за 2 мільёна карыстальнікаў. На форуме пакінулі свае каментары каля 12 тысяч чалавек. У інтэрнэце можна знайсці шмат чатаў, прысвечаных учынку Эль-Махдзі. Прычым спрачаюцца юзеры не наконт эстэтычных якасцяў і цялеснага хараства Эль-Махдзі, а пра яе акцыю ў кантэксце актуальнага палітычнага моманту.
 
Эротыка ад Эль-Махдзі аказалася ў фокусе палітычных дэбатаў паміж кансерватарамі і лібераламі. Думаецца, што першыя і так не прайшлі б міма падобнага замаху на мараль. Яшчэ ніводная дзяўчына ў Егіпце не адважвалася на такі крок. Аднак паколькі ўся краіна жыве хуткімі парламенцкімі выбарамі, выявы Эль-Махдзі сталі для іх галоўнай тэмай прапаганды. Палітыкі з вядучай ісламісцкай партыі «Браты-мусульмане» сцвярджаюць, што ў выпадку перамогі лібералаў або левых усе егіпецкія жанчыны будуць падобныя на Эль-Махдзі. «Свабода — гэта не прастытуцыя», — галоўны лозунг крытыкаў выхадкі Аліі.
 
Егіпецкае грамадства нельга назваць цалкам архаічным у плане правоў жанчыны, аднак маральных табу тут хапае. Напрыклад, публічны пацалунак лічыцца адміністратыўным парушэннем. Прыкладна палова жанчын у краіне дасюль носяць паранджу. Сям’я лічыцца сакральным інстытутам. Адным словам, агітацыя ісламістаў знайшла падтрымку ў вялікім сегменце грамадства. Акрамя таго, узгадалі, што бой-фрэнд Эль-Махдзі правёў чатыры гады ў турме за тое, што абразіў прэзідэнта Мубарака і ісламскія каштоўнасці.
                                                                                  
Такая істэрыка вакол эротыкі, натуральна, перапужала лібералаў. Яны як мага хутчэй узялі дыстанцыю ад феміністкі, якая нібыта з’яўляецца актывісткай Руху 6-га красавіка (адна з вядучых моладзевых дэмакратычных груповак у краіне). Спікер Руху 6-га красавіка зрабіў заяву для тэлевізійнага каналу Al-Arabija, у якой паінфармаваў, што ў яго арганізацыі няма нікога, хто «мог бы практыкаваць такога кшталту ўчынкі». Ён нават кажа, што Рух 6-га красавіка — гэта аб’яднанне маладых кансерватараў, якія б, па яго словах, ніколі б не прынялі ў свае шэрагі дзяўчыну, якая паводзіць сябе падобным чынам. Дарэчы, у таго руху, здаецца, доўгія рукі. Пасля агучанай заявы лідара арганізацыі Эль-Махдзі напісала, што ніколі не была сябрам Руху 6 красавіка. 
 
Насцярожанасць умераных лібералаў цалкам зразумелая. У іх перад вачыма стаіць прыклад Тунісу, дзе на першых пасля дыктатуры свабодных выбарах перамога дасталася ісламістам. Як піша прэса, перамагчы ім дапамог анімацыйны фільм «Персеполіс», які лібералы шмат паказвалі па тэлевізіі ў якасці контр-прапаганды ісламскага фундаменталізму. «Персеполіс» — французскі поўнаметражны анімацыйны фільм па аднайменнай аўтабіяграфічнай навеле французскай пісьменніцы іранскага паходжання Маржан Сатрапі. Стужка распавядае пра сумны лёс жанчыны ў Іране пасля перамогі ісламістаў. Вялікая колькасць тунісцаў успрыняла ідэі, выкладзеныя ў стужцы «Персеполіс», як заклік да сексуальнай рэвалюцыі.
 
Здаецца, егіпецкія лібералы ўжо маральна гатовыя прайграць выбары. «International Business Newspaper» цытуе аднаго з актывістаў дэмакратычнага студэнцкага руху ў Каіры: «Фатаграфіі Эль-Махдзі — гэта самая кепская рэч для ліберальнага руху ў Егіпце. Яе акцыя дазволіць кансерватарам давесці, што яны маюць рацыю. Яе ўчынак дыскрэдытуе лібералаў. Такой думкі прытрымліваюцца нават феміністкі».
 
Праўда, некаторыя фракцыі егіпецкага грамадства і арабскага свету падтрымалі ўчынак Эль-Махдзі. «Рэвалюцыйная феміністка размясціла ў інтэрнэце выявы свайго аголенага цела ў якасці маніфестацыі сваёй свабоды. Я ўражаны яе адвагаю», — такі каментар пакінуў Ахмад Авадала, адзін з лідараў руху за правы чалавека. За феміністку заступілася арабская грамада ў ЗША і шматлікія лідары іранскай палітычнай дыяспары. Адзін з іх кажа, што акцыя Эль-Махдзі — не што іншае, як «абсалютны акт бунту супраць ісламізму». Знайшліся ў яе фанаты і ў асяроддзі егіпецкай артыстычнай субкультуры і журналісцкай супольнасці. На думку адной журналісткі, «сапраўдная рэвалюцыя супраць дыктатуры не можа адбывацца без культурных зменаў, якія ў тым ліку тычацца сэксуальных забабонаў».
 
А ў Ізраілі ўзнікла нават група паслядоўнікаў Эль-Махдзі. Яе сябры фатаграфуюцца аголенымі і выкладваюць свае выявы ў інтэрнэце з подпісам: «У гонар Аліі Эль-Махдзі. Яе сёстры з Ізраілю».
 
Між тым, сама Эль-Махдзі праз нейкі час пасля той гісторыі кудысьці знікла. Яна не ўдзельнічае ў дэбатах у інтэрнэце, а ўсе яе тэлефоны не працуюць. І, здаецца, правільна зрабіла. Раней шэраг радыкальных ісламісцкіх сектаў ужо заявілі пра намер забіць дзяўчыну.

Каментаваць