Ці патрэбны нам такі Грунвальд

У гэтым годзе святкуецца 600-годзе бітвы пад Грунвальдам. Польская ліберальная і левая прэса заклікае перагледзець стаўленне да гэтай падзеі.

Шматлікія нацыяналістычныя канцэпцыі будуюцца на створаных у ХІХ стагоддзі (час нараджэння паняцця «нацыя») міфах пра гераічныя бітвы продкаў. У палякаў гэта, відавочна, Грунвальдская бітва, калі ў 1410 годзе аб’яднанае войска Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага разбіла тэўтонаў.



У гэтым годзе святкуецца 600-годзе бітвы пад Грунвальдам. Польская ліберальная і левая прэса заклікае перагледзець стаўленне да гэтай падзеі.

Шматлікія нацыяналістычныя канцэпцыі будуюцца на створаных у ХІХ стагоддзі (час нараджэння паняцця «нацыя») міфах пра гераічныя бітвы продкаў. У палякаў гэта, відавочна, Грунвальдская бітва, калі ў 1410 годзе аб’яднанае войска Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага разбіла тэўтонаў.

Міф пра Грунвальд быў адным з галоўным чыннікаў мабілізацыі польскага народа, асабліва ў часы, калі Польшча была пазбаўлена дзяржаўнасці. Святкаванні па ўсяму свету 500-й гадавіны Грунвальда ў 1910 годзе сталі яскравай маніфестацыяй актуальнасці польскага пытання і намераў палякаў вярнуць дзяржаўнасць і незалежнасць. Усім вядома гісторыя з карцінай Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва» (1878), якую гітлераўцы доўга, але марна шукалі падчас акупацыі Польшчы. Польскія патрыёты схавалі палатно, разумеючы сімвалічную сілу твора.

Аднак ці патрэбны цяперашняй незалежнай і дэмакратычнай Польшчы стары міф пра Грунвальд як сімвал супраціву нямецкай экспансіі? Польская левая і ліберальная прэса ўсё часцей спрабуюць глядзець на Грунвальд больш комплексна, у кантэксце тагачаснай гісторыі ўсёй Еўропы. Прапануюцца новыя падыходы і трактоўкі той падзеі.

Каб зразумець цяперашнюю неадэкватнасць нацыяналістычных міфаў ХІХ стагоддзя, трэба згадаць іншую бітву. Маю на ўвазе бітву ў Тэўтабургскім лесе, тысячную гадавіну якой Германія святкавала ў мінулым годзе.

Нагадаем, што ў 9 годзе нашай эры плямёны старажытных германцаў атакавалі тры рымскія легіёны. У выніку націск Рыму на поўнач быў спынены. Гэта бітва займае ў гістарычнай памяці немцаў не меншае месца, чым Грунвальд у палякаў. Культ бітвы ў Тэўтабургскім лесе ўзнік у пачатку ХІХ стагоддзя, калі Германія была акупавана Напалеонам. Пра яе шмат згадвалі падчас працэсу аб’яднання Германіі, якому супрацьстаяла Францыя. Нарэшце, са спасылкай на тую бітву Бісмарк праводзіў напрыканцы ХІХ стагоддзя антыкаталіцкую кампанію, так званы «Культуркампф».

І вось прыйшоў тысячагадовы юбілей. Нечакана для сябе немцы канстатавалі, што міф пра тую бітву састарэў і сёння абсалютна не патрэбны. Аказалася, што былыя нацыяналістычныя інтэрпрэтацыі нелагічныя. Відавочна, што перамога над легіёнамі не мела ніякага стратэгічнага значэння для германцаў. Тое, што не змагла зрабіць рымская зброя, зрабілі хрысціянскія місіянеры. Больш таго, дзякуючы прыходу рымлян і ўключэнню рэгіёна ў кола агульнай еўрапейскай культуры, у Германіі з’явіліся першыя навуковыя ўстановы, гарады і г.д.

Ну а калі заглыбіцца ў даследаванне бітвы ў Тэўтабургскім лесе, сітуацыя выглядае яшчэ больш цікавай. Як высвятляюць гісторыкі, пераможцы бітвы ў Тэўтабургскім лесе ў хуткім часе дружна сталі калабарантамі. Адзін з сыноў лідэра германцаў увогуле зрабіў кар’еру рымскага сенатара. Іншыя правадыры германскіх кланаў праз нейкі час папросту пагадзіліся за розныя бонусы несці ахову паўночных кардонаў Рыму.

Гадавіна бітвы ў Тэўтабургскім лесе стала дэманстрацыяй неадэкватнасці старых догмаў, неадпаведнасці іх цяперашняму часу, духу інтэграцыі народаў ЕС. Палітыкі і гісторыкі ФРГ не маглі прайсці побач з круглай датай, аднак надаць ёй нейкае актуальнае гучанне так і не здолелі. Адзіныя, хто актыўна эксплуатаваў тэму бітвы, — правыя нямецкія радыкалы. Для іх тая бітва і зараз актуальная. Толькі змагацца трэба не з рымлянамі, а амерыканскай масавай культурай і эмігрантамі.

Ці не чакае падобны лёс Грунвальд? Цалкам магчыма, з улікам пэўных абставін. Па-першае, тэма кампенсацый выгнаным у 1945 годзе з Польшчы немцам працягвае заставацца актуальнай. Па-другое, у наступным годзе ў Польшчы пройдуць выбары прэзідэнта. Зрабіць піяр на Грунвальдзе вельмі прывабна. Дарэчы, правыя партыі ў 2005 годзе ўжо выкарыстоўвалі элементы міфу пра Грунвальд падчас сваёй кампаніі.

Праўда, нічога новага яны не прыдумалі. Яшчэ ў 1960 годзе ў сацыялістычнай Польшчы мела месца вялікая прапагандысцкая кампанія ў абарону новых усходніх межаў Польшчы з праекцыяй на юбілей Грунвальда.

Між тым, калі разглядаць бітву 1410 года комплексна, яна выглядае далёка не так, як у вядомым рамане Генрыха Сянкевіча «Крыжакі». Перш за ўсё канфлікт Мальбарка, Кракава і Вільні не быў этнічным або цывілізацыйным. Дастаткова згадаць, што ў самой Польшчы, як правіла, жыхарамі гарадоў былі немцы. Нават у Кракаве — сталіцы Польшчы — размаўлялі па-нямецку. Бытавая і правая культура ў гарадах была падобнай.

Па падліках гісторыкаў, на грунвальдскім полі ў войску Ордэна саміх немцаў было не больш за 500 чалавек. Іншыя — паспалітае рушэнне з Памор’я, дзе на той час жылі пераважна палякі. У сваю чаргу, у стане палякаў было шмат немцаў з Малой Польшчы. Найбольш радыкальныя рэвізіяністы Грунвальда ўвогуле задаюць пытанне, ці не трэба рэабілітаваць Конрада Мазавецкага, які запрасіў Тэўтонскі ордэн на польскія землі? На іх думку, альтэрнатывай саюзу з немцамі быў бы рост уплыву на палякаў паганскай культуры балтаў.

Канцэпцыі публіцыстаў, якія заклікаюць перагледзець міф пра Грунвальд, пакуль дастаткова слабыя і патрабуюць больш аргументаў. Яны звычайна прапануюць разглядаць бітву як нейкі перыферыйны еўрапейскі феадальны канфлікт. Аднак стары нацыяналістычны польскі міф пра Грунвальд, відавочна, таксама кепска пасуе еўрапейскай павестцы дня ХХІ стагоддзя.

Па матэрыялах польскай прэсы

Каментаваць