Ці трэба баяцца чайна-таўнаў?

Нечакана адной з тэмаў цяперашняй выбарчай прэзідэнцкай кампаніі стаў праект «Чайна-таўн» — кітайскі квартал, які збіраюцца пабудаваць у сталіцы. Апазіцыя кажа: гэта кепска. Улада — добра. А што гаворыць сусветны вопыт?



Нечакана адной з тэмаў цяперашняй выбарчай прэзідэнцкай кампаніі стаў праект «Чайна-таўн» — кітайскі квартал, які збіраюцца пабудаваць у сталіцы. Апазіцыя кажа: гэта кепска. Улада — добра. А што гаворыць сусветны вопыт?

У час выбараў сфармавалася два падыходы. Кандыдат Алесь Міхалевіч адзначыў «неабходнасць інфармавання грамадскасці пра наступствы, да якіх можа прывесці інтэнсіфікацыя кантактаў Беларусі з сучасным Кітаем». Апаніруючы такому падыходу, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Людзі едуць да нас з дабром. Што кепскага, калі Кітай адчыніць сваю культуру Беларусі?»

Перш за ўсё, у цэнтры набіраючай ход палемікі апынуўся праект комплексу жылых і сацыяльных аб'ектаў, які будзе пабудаваны ў Мінску кітайскімі працоўнымі і галоўных чынаў з кітайскіх будаўнічых матэрыялаў. Іншымі словамі, у нас можа ў хуткім часе ўзнікнуць свой Чайна-таўн. Па афіцыйнай прэсе ўжо гуляе тэма пра «мінскі Пекін».

Чайна-таўн — спалучэнне англійскіх слоў «China» (Кітай) і «town» (горад) — назва кітайскіх этнічных анклаваў у замежных гарадах. Чайна-таўны можна сустрэць па ўсім свеце: ад Масквы да Пхеньяна. Самы вялікі на цяперашні дзень кітайскі квартал —    нью-ёркскі Чайна-таўн, дзе жыве больш за 600 тысяч чалавек. Гэта без уліку таго, што ў горадзе яшчэ тры малых Чайна-таўна.

Непасрэдна станаўленню сеткі Чайна-таўнаў папярэднічаў Пекінскі трактат, які ўрад імперыі Цын падпісаў з заходнімі дзяржавамі ў 1860 годзе. Адпаведна яму кітайцы атрымалі права вольна пакідаць радзіму. Хаця самыя старыя Чайна-таўны на планеце — у Нагасакі (Японія) і ў Бангкоку (Тайланд) былі заснаваныя больш за 200 гадоў таму.

У Еўропе кітайская эміграцыя фармавалася з былых маракоў, якія заставаліся ў мясцовых партах і зараблялі грошы за кошт таго, што аказвалі землякам паслугі перакладчыкаў або юрыстаў. Прарыў быў зроблены ў Брытаніі, якая завербавала вялікую групу кітайцаў на гандлёвы флот. Як следства, у Ліверпулі і Лондане з 1890 года пачынаюць узнікаць кітайскія калоніі. Такім жа чынам — у якасці запрошаных гастарбайтэраў — кітайцы дабраліся да Парыжу. Ва Усходняй Еўропе азіяцкія камуны фармаваліся на базе в'етнамскіх працоўных, якіх завезлі сюды ў рамках эканамічнай дружбы з гераічным В'етнамам.

Чайна-таўны — не статычная з'ява. Яны як жывыя арганізмы: паміраюць, рухаюцца, адраджаюцца. Так, праз эканамічны бум у Каліфорніі на пачатку ХХ стагоддзя рыэлтэры паклалі вока на кітайскі квартал у цэнтры горада. У выніку раён паступова стаў турыстычным, хаця і захаваў старую назву. Між тым, сапраўдны Чайна-таўн — месца, дзе кампактна жывуць кітайскія імігранты, перакачаваў на поўдзень горада. Ледзь не сканаў у свой час згаданы вышэй Чайна-таўн у НьюЁрку. Першыя кітайцы прыйшлі на Манхэтан у 1870 годзе, і іх колькасць стала расла да 1943-га, калі ўрад кардынальна скараціў іміграцыйную квоту для кітайскіх грамадзян. Калонія перажывала заняпад да 1968 года, калі квоту зноў пашырылі. У тых жа старых амерыканскіх Чайна-таўнах апошнімі гадамі назіраецца адток моладзі. У трэцім-чацвёртым пакаленні прадстаўнікі эміграцыі дастаткова добра інтэграваныя ў мясцовае грамадства і могуць, асабліва моладзь, выжыць самастойна. У Чайна-таўнах часам застаюцца толькі старыя.

Што ўяўляе сабой звычайны Чайна-таўн? Па-першае, ён выдзяляецца архітэктурным стылем. На ўваходзе ставяць прыгожыя вароты, на тратуарах можна сустрэць так званых Paifang (скульптуры льва). Будынкі намагаюцца рабіць з элементамі азіяцкага дызайну. Аднак гэта не норма.

Трэба прызнаць, што Чайна-таўны — гэта дзяржава ў дзяржаве. Тут размаўляюць як на афіцыйнай мове, так і на кітайскай. Нават тэксты на банкаматах звычайна напісаныя на дзвюх мовах. Некаторыя знаёмыя з Сінявокай, якіх заносіла ў Чайнатаўн Нью-Ёрку, кажуць, што там бездань людзей, якія не ведаюць англійскай мовы.

Якія прафесіі характэрныя для жыхароў Чайна-таўнаў? Эмігранты трымаюць танныя рэстараны з традыцыйнай кітайскай кухняй, маленькія сувенірныя крамы, казіно, клубы і масажныя салоны. Аднак пры гэтым галоўнай візітнай карткай кварталаў лічыцца кухня. У Чайна-таўнах развіты малы бізнес. Галоўным чынам гандаль імпартнымі таварамі паўсядзённага спажывання. Хапае вулічных гандляроў. Еўрапейцы ахвотна наведваюць Чайна-таўны, каб набыць экзатычныя лекі ўсходняй медыцыны. Абавязковы элемент кожнага Чайна-таўну — вялікі рынак садавіны.

Паколькі сярод кітайцаў шмат будыстаў, тут можна сустрэць будысцкіх манахаў і крамы, дзе прадаюцца прадметы культу.

У сацыяльным жыцці Чайнатаўнаў вялікую ролю адыгрывае сям'я. Сем'і фармуюць сямейныя асацыяцыі, якія дапамагаюць адна адной і арганізуюць рознага кшталту святочныя мерапрыемствы, збіраюць грошы на ўтрыманне старых, разам шыюць касцюмы да кітайскага новага году—самае вялікае свята ў Чайна-таўнах, якой прыцягвае шмат людзей.

Натуральна, сярод эмігрантаў ёсць злачыннасць. Яна сфармавалася яшчэ ў ХІХ стагоддзі на базе групы самаабароны, якія абаранялі камуну ад мясцовых або іншых этнічных бандаў. Паступова тыя групоўкі сталі сакрэтнымі злачыннымі арганізацыямі, кшталту славутай Трыяды. На пачатку ХХ стагоддзя па Чайна-таўнах пракацілася г. зв. «Войны тонга» — разборкі паміж рознымі кланамі мафіі за кантроль над тэрыторыяй. Паколькі эміграцыя з Азіі вельмі мабільная, тыя мафіёзныя войны працягваюцца да цяперашняга дня.

Часам турысты могуць таксама трапіць пад раздачу. У 1983 годзе ў Сіэтле было забіта 13 наведвальнікаў картачнага клубу (праўда, клуб быў нелегальны). Але такія інцыдэнты можна пералічыць на пальцах адной рукі. Звычайна кітайская мафія працуе са сваімі суайчыннікамі. Яна трымае транзіт нелегальных эмігрантаў на Захад, прастытуцыю, гандаль наркотыкамі. І зноў жа шмат залежыць ад геаграфіі. У Гаване або Маскве Чайна-таўн — дастаткова мірнае месца.

Папулярная думка пра тое, што Чайна-таўны — гэта своеасаблівы плацдарм для працы кітайскіх спецслужбаў за мяжой. Аднак, як дэманструе статыстыка па ЗША, дзе Чайна-таўнаў вельмі шмат, кітайскія разведчыкі намагаюцца працаваць праз студэнтаў, паколькі займаюцца галоўным чынам тэхналагічным шпіянажам. Цікава, што самыя буйныя кітайскія камуны ў Штатах увогуле не вызнаюць КНР, падтрымліваюць Кітайскую Рэспубліку (Тайвань).

Вось у агульных словах, што ўяўляюць Чайна-таўны. Ці патрэбныя яны ў Мінску — вырашаць мінчукам. Галоўнае, каб выбар быў свабодны.

Каментаваць