Чаго чакаць ад пана Дуды?

Хоць Польшча — парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка, прэзідэнт грае важную функцыю ў фармаванні знешняга курсу дзяржавы. Прэса СНД намагаецца зразумець, як Анджэй Дуда паўплывае на польскую ўсходнюю палітыку.



Спіч новаабранага польскага гаранта падчас інагурацыі 6-га жніўня ў прэсе літаральна ледзь не расклалі па паліцах. У тым ліку — зразумець ху із Дуда, спрабуюць на прасторах былога «вялікага і магучага», дзе Польшчу успрымаюць як фронтмэна ЕС на усходніх кардонах і вядучага рэгіянальнага амерыканскага саюзніка.

Яшчэ напярэдадні ў СМІ краін Садружнасці пачаліся спекуляцыі наконт тэзаў, якія меў агучыць у сваёй першай афіцыйнай прамове новы польскі прэзідэнт. Расійскія медыі чакалі, што новы гаспадар Бельведэру атакуе папярэдніка Камароўскага за падтрымку бандэраўцаў з Майдану. Украінскія, у сваю чаргу, марылі пачуць ад новага кіраўніка Польшчы дакладнае пасланне наконт падтрымкі аспірацый Украіны стаць сябрам Еўрасаюза.

І першыя, і другія памыліліся ў разліках. Дуда падчас прамовы адмовіўся ад радыкальнага перагляду існуючых алгарытмаў. Па яго словах, замежнай палітыкі Польшчы патрэбна «не рэвалюцыя, а карэктывы». Галоўнай такой карэктывай Дуда бачыць узмацненне мілітарнай бяспекі краіны — задача не толькі непасрэдна палякаў, аднак і краін-сябраў NATO, ад якога выступоўца нават патрабаваў гарантый.

Адсутнасць e інаўгурацыйнай прамове блоку пра ўкраінскае пытанне дала лаяльным расійскім СМІ падставу казаць пра перамогу ў Варшаве нейтральнай опцыі. Маскоўская «Парламентская газета» піша: «Можна меркаваць, што ён (Дуда) не стане безаглядна падтрымліваць сённяшняе кіраўніцтва Украіны, як гэта рабіла адміністрацыя папярэдняга прэзідэнта, не стане скрозь пальцы глядзець на афіцыйную заканадаўчую гераізацыю ідэйных паслядоўнікаў тых, хто ў 1943-м арганізаваў Валынскую разню. (…) Цалкам магчыма, што разуменне нацыянальных інтарэсаў Польшчы яе новым прэзідэнтам падштурхне яго адысці ад палітычнай канфрантацыі з Расіяй і разгарнуць узаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва».

Аднак з такім падыходам не пагаджаюцца ў Кіеве і ў лагеры расійскай апазіцыі. Дуда сапраўды нічога не сказаў пра Украіну 6-га жніўня, аднак напярэдадні будучы прэзідэнт даў шэраг цікавых каментароў. Гэтыя заявы, на думку антыпуціністаў, сведчаць пра ягонае жаданне пакінуць Польшчу ў статусе важнага гульца ва ўкраінскім працэсе. Па-першае, Дуда заклікаў змяніць «нармандскі фармат» перамоваў па Украіне, дадаўшы да іх Польшчу. З улікам гэтага блізкая да антыпуцінскай апазіцыі радыёстанцыя «Эхо Москвы» паведаміла, што «ў цяперашні час не варта чакаць, што ў польска-рускіх адносін будзе прыкметнае паляпшэнне».

Па-другое, Дуда нечакана ўзгадаў пра праект Чарнаморска-балтыйскага саюзу (ЧБС). Напярэдадні інаўгурцыі ў адным з інтэрв’ю ім было сказана: «Я абдумваю ідэю стварэння партнёрскага блока дзяржаваў ад Балтыйскага да Чорнага і Адрыятычнага мораў. (…) Дзяржава моцная тады, калі яе атачаюць саюзнікі — гэта таксама элемент павелічэння сілы», — перакананы Дуда.

Гэтая фраза багата цытуецца ва Украіне, дзе апошнім часам  расчараваліся ў непаслядоўнасці ЕС. З іншага боку, канфлікт на Данбасе спрыяў росту кааперацыі Варшавы, Вільнюса і Кіева, як бы ствараючы фундамент для магчымых палітычных канструкцый. Дарэчы, фармальны нейтралітэт Мінска лічыцца знакам таго, што ў арбіту такой канструкцыі патэнцыйна можа ўвайсці і Беларусь.

«Новы прэзідэнт Польшчы абяцае адрадзіць «Міжмор’е», ускосна намякаючы на новыя перспектывы. Канфедэратыўны строй «Міжмор’я» можа стаць наймацнейшым штуршком для развіцця рэгіёну, у тым ліку дзякуючы ўключэнню новых рынкаў і магчымасцяў лагістыкі паміж Еўропай і Азіяй. Украіна на гэтым шляху атрымлівае моцную ролю — ролю аднаго з лакаматываў канфедэрацыі — своеасаблівыя «Злучаныя Штаты Еўропы». Дамаўляючыся і ўступаючы ў саюз з роўнымі, Украіна, магчыма, забяспечыць будучыню і ўстойлівае развіццё для свайго народа, а таксама ўвасабленне мары кожнага ўкраінца — удзел у еўрапейскіх працэсах з улікам інтарэсаў нацыі», — піша выданне «Хвиля».

У сваю чаргу расійскія медыя намагаюцца асудзіць захапленне ўкраінскім грамадствам ідэі адраджэння БЧС.  Выданне rosinform піша: «Ідэя Рэчы Паспалітай ад Балтыйскага да Чорнага мора з дамінаваннем Польшчы з’яўляецца гістарычным міфам, які, так ці інакш, прайграецца ў пэўных культурных і палітычных асяроддзях польскага грамадства. Адсюль і гэты вядомы метафарычны вобраз Варшавы як адваката Кіева ў Еўропе. Украінскі крызіс дае шанец польскім палітыкам актыўна праявіць сябе на гэтым напрамку. Дуда будзе выступаць тут з рознымі палітычнымі ініцыятывамі. Аднак варта ўлічваць, што адносіны ва ўсе перыяды гісторыі паміж гэтымі суседзямі былі, мякка кажучы, няпростыя. Можна не сумнявацца, што Варшава, пры ўсіх сваіх геапалітычных амбіцыях, будзе вельмі асцярожна будаваць свае адносіны з радыкальна нацыяналістычным Кіевам».

Менш патрыятычна экзальтаваная прэса ў Расіі і Украіне прапануе дачакацца парламенцкіх выбараў у кастрычніку, па выніках якіх мы атрымаем комплексны малюнак усіх польскіх галінаў улады на бліжэйшыя пяць год. З улікам яе спецыфікі Дуда, хутчэй за ўсё, і будзе рабіць знешнепалітычныя крокі — у тым ліку на ўсходнім накірунку.

Каментаваць