Чаго чакаць палякам ад правых палітыкаў

Парламенцкія выбары ў Польшчы апынуліся сапраўднай катастрофай як для левых, так і для цэнтрысцкіх сілаў. Усе пяць партый, якія прайшлі ў парламент, — правыя. Гэта азначае, што да ўлады ў Варшаве прыйшлі прыхільнікі максімальна цвёрдага курсу ў адносінах з афіцыйным Мінскам.



Фота Reuters


Нагадаем, кансерватыўная партыя "Права і справядлівасць" набрала 37,58% галасоў, што дае ёй права на 232 мандата ў Сойме. Другое месца заняла ліберальная партыя "Грамадзянская платформа" (24,09% —137 дэпутатаў у Сойме).На трэцім месцы апынуўся новы рух рок-музыкі, акцёра ды палітыка Паўла Кукіза “Kukiz'15” з 8,81%. (Паўгады таму ён на прэзідэнцкіх выбарах заняў 3-е месца, атрымаўшы 21% галасоў).

Таксама ў парламент прайшла партыя Nowoczesna ("Сучасная") з 7,6%. Nowoczesna пад кіраўніцтвам Рышарда Пятру — гэта класічныя лібералы, нават па асобных пазіцыях лібертарыянцы.

Нарэшце, у Сойм прайшла "Польская сялянская партыя" з 7,55% галасоў. А вось аб'яднаныя левыя атрымалі толькі 7,5% і не ўвойдуць у парламент.

Ліберальна-кансерватыўная партыя "Грамадзянская платформа" дзеючага прэм'ера Эвы Капач папярэднія восем гадоў лідыравала на выбарах, і сфармаваны ёю ўрад не дрэнна кіраваў краінай. Хаця і атрымала масу абвінавачванняў у карупцыі, забюракратызаванасці, непатызме, залежнасці ад Брусэля і Берліна. Але назіральнікі прызнаюць: яшчэ ніколі ў сваёй гісторыі Польшча не была настолькі шчаснай і бяспечнай, як апошнія 10 гадоў.

У Беларусі чамусьці прынята лічыць, што "Права і справядлівасць" правыя — толькі ў сацыяльных і (знешне)палітычных пытаннях. А у эканамічнай палітыцы, маўляў, PiS — левыя папулісты, якія занялі нішу левых сацыял-дэмакратаў. Але гэта не так. Два гады таму мне давялося перакладаць з польскай мовы праграму PiS (грунтоўная, дарэчы, кніга). Так што магу засведчыць: іх праграма — нават вельмі рынкавая, PiS дэкларуе падтрымку польскаму бізнесу, выступае супраць бюракратыі, умяшання дзяржавы ў справы бізнесу і супраць навязвання Польшчы непрымальных рашэнняў Еўрасаюза.

Пра тое, чаму адбыўся разварот польскага грамадства ў правы бок НЧ тлумачыць Анджэй Почобут, беларускі карэспандэнт Gazeta Wyborcza:

Грамадзянская Платформа кіравала Польшчай 8 гадоў, два тэрміна. Гэта было незвычайна, гэта была першая партыя, якая змагла ўтрымаць уладу так доўга. У выніку грамадства стомлена, грамадства захацела змен, і як вынік — перамога PiS. Апошнія гады нервам польскай палітыкі быў спрэчка гэтых двух партый і таму менавіта PiS успрымаўся як альтэрнатыва. Правал левых партый — гэта віна іх кіраўніцтва, якое ішло ад паразы да паразы не робячы з гэтага ніякіх высноваў. Калі б яны стварылі адзіную кааліцыю, яны былі б ў парламенце, а так упершыню там не будзе левых. На левым флангу — крызіс, адсутнасць яркіх лідэраў. Старых, яшчэ камуністычных дзеячаў грамадства ўжо сур'ёзна не ўспрымае. Думаю, што цяпер у левых будзе час зрабіць высновы са склаўшайся сітуацыі. У любым выпадку ёсць левы электарат, і калі палітыкі змогуць правесці выразную кампанію ў іх ёсць шанцы вярнуцца ў парламент.

Каментаваць