Чаму не ідуць рэформы?

Лёс рэформаў — адно з самых актуальных пытанняў ва ўкраінскай палітычнай дыскусіі. Чаму ў краіне праз год пасля Майдану няма заўважных зменаў? Пра гэта журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з украінскім палітолагам Юрыем Паляніным.



— Ва ўкраінскім грамадстве нарастае песімізм. Асноўны фактар — адсутнасць на фоне падзення ўзроўню жыцця канкрэтных пазітыўных перамен, нягледзячы на цэлы пакет рэформаў, накіраваных на барацьбу з карупцыяй, на празрыстасць вертыкалі. Хто сабатуе рэформы?

— Па-першае, структура дзяржаўнага кіравання, якая павінна нешта рэфармаваць, цяпер не вертыкальная, а гарызантальная. Камандзе Парашэнкі давялося зрабіць стаўку на мясцовыя кланавыя структуры. Такая сістэма існавала і раней, аднак цяпер яна агалілася напоўніцу. Найбольш дэманстратыўна праявілася тэндэнцыя ў Днепрапятроўску, дзе алігарх-губернатар меў прыватнае войска. Ад Закарпацця ў Вярхоўную раду абраныя ўсе браты сямейства Балога — мясцовага губернатара і алігарха. Раней так дэманстраваць кланавасць лічылася неэтычна. У выніку цэнтр не ў стане адкрыта дыктаваць сваю волю на перыферыі, паколькі ад губернатара-алігарха залежыць палітычная лаяльнасць у рэгіёне. З улікам вайны праблема бяспекі больш важная.

— Не так даўно быў канфлікт Парашэнкі і Каламойскага. Ён закончыўся пасля таго, як віцэ-прэзідэнт ЗША патэлефанаваў прэм’еру Яцанюку, які падтрымліваў алігарха Каламойскага, і загадаў яму падпарадкавацца прынятым законам. Калі Захад мае такі ўплыў на ўкраінскі палітычны працэс, чаму ён не можа гэтак жа прымусіць алігархаў праводзіць рэформы?

— Адстаўка Каламойскага не змяніла сітуацыю ў Днепрапятроўску. Ён жа не прадаў свой бізнес. Апарат застаўся той жа самы, а новы губернатар належыць да таго ж клану. Справа ў тым, што Каламойскі быў хутчэй франтменам клану дняпроўскіх і пайшоў у адстаўку з-за свайго скандальнага характару, аднак структура кіравання ў такіх групоўках больш складаная. Напрыклад, раней днепрапятроўскіх прадстаўляў Сяргей Цігіпка, хаця па сутнасці за ім сталі грошы алігархаў Каламойскага і Дабралюбскага. Каб нешта рэфармаваць, трэба рэфармаваць унутраны свет алігархічных кланаў, а як гэта рабіць, ніхто не ведае.

— Ці існуюць сярод чыноўнікаў прыхільнікі Партыі рэгіёнаў, якая сабатуе рэформы?

— Ва ўкраінскіх умовах гэта дастаткова складанае пытанне. Напрыклад, Парашэнка быў міністрам ва ўрадзе Партыі рэгіёнаў, і ўвогуле сузаснавальнікам партыі бела-блакітных. Ці можна яго лічыць інсайдэрам Януковіча? У часы выбараў у Вінніцкай вобласці (вотчына Парашэнкі) існавала практыка, калі камуністы і парашэнкаўцы ніколі не балатаваліся на адным участку. Трэба казаць пра тое, што наш чыноўнік мысліць сітуацыйна — калі рэформа яму на карысць, ён падтрымлівае, а калі не — наадварот. Падтрымка рэформаў вельмі часта ў тым ліку звязаная з прагматычным жаданнем падсесці на фінансавыя патокі, якія ідуць у рамках крэдытаў. З улікам крызісу, гэта стала важнай крыніцай даходаў.

— Няўжо Захад не разумее, што грошы, якія ідуць на рэформы, проста марнуюцца?

— Натуральна, разумее, аднак гульня тут больш маштабная. ЗША хочуць прамога сутыкнення Масквы і Кіева. Еўропа гатовая размяняць Украіну на Данбас і Крым. Маскве яўна хочацца большага. Аднак ніхто з буйных геапалітычных актораў не будзе проста так выходзіць з Украіны. Усе знешнія цэнтры працягнуць падтрымліваць свае лобі. Знешняе фінансаванне пад рэформы працягнецца, аднак праблема ў тым, што на агульны стан рэчаў не паўплывае, нават калі структура кіравання будзе больш эфектыўнай і празрыстай. Украіна (як мінімум у бліжэйшыя гады) ужо не здольная кардынальна палепшыць стандарты жыцця. Справа ў тым, што вайна ідзе не ў аграрным цэнтры або на захадзе, а на ўсходзе, дзе знаходзіцца індустрыяльная інфраструктура — нерв украінскай эканомікі. Патрэбны каласальныя сродкі, каб адбудаваць разбураныя шахты і заводы, зноў стварыць вытворчыя кадры. Ніхто не будзе ўкладваць грошы ў рэанімацыю ўкраінскай індустрыі.

— Рэвалюцыі на Майдане падавалася як апошняя і рашучая бітва ўкраінцаў за еўрапейскую інтэграцыю. Ці могуць адрадзіцца прарасійскія або рэваншысцкія настроі ва ўмовах падзення ўзроўню жыцця, адсутнасці зменаў?

— Пакуль прамаскоўскіх сентыментаў, прынамсі ў Кіеве, не бачна. Праеўрапейскія мары дасюль вельмі моцныя ў масавай свядомасці. Хутчэй, пакуль адсутнасць зменаў у народзе кампенсуецца ўстаноўкай, што ў ведамствах заселі бюракраты і мафія Януковіча, агенты Масквы. У гэтым плане, думаю, сітуацыя ва Украіне ў бліжэйшы час закансервуецца ў форме дастаткова аўтарытарнага рэжыму з моцнай нацыяналістычнай рыторыкай. Прычым не думаю, што для гэтага не трэба будзе адмяняць асноўныя дэмакратычныя свабоды. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі свядома і масава галасавалі за палітыкаў моцнай рукі.

Каментаваць