Чаму Пілсудскі не ўзяў Маскву?

Напярэдадні святкавання Дня незалежнасці Польшчы ў мясцовых кнігарнях з'явілася скандальная кніга. Яе аўтар абвінавачвае Пілсудскага ў тым, што той не ўзяў Маскву.  



Фота wallegro.ru


Для тых, хто больш-менш сочыць за польскім кніжным рынкам, імя Пятра Зыховіча (Piotr Zychowicz) ужо вядомае. За Бугам ён лічыцца каралём жанру альтэрнатыўнай гісторыі. Зыховіч старанна капаецца ў архівах і мемуарах у пошуках малавядомых фактаў, акуратна ўстаўляе іх у наратыў гісторыі, творча выкарыстоўвае кампаратыўны метад. У выніку пабудаваныя ім гістарычныя гіпотэзы для чытача не падаюцца такімі ўжо і байкамі.

Спачатку Зыховіч захапляўся альтэрнатыўнай гісторыяй Другой сусветнай вайны. Дакладней, ён працаваў над сцэнарам гісторыі, які б мог паўстаць у выпадку, калі б Рыбентроп улетку 1939-га падзяліў Еўропу не з Молатавым, а з Юзэфам Бекам, тагачасным дырэктарам польскага МЗС. У такім разе, на думку Зыховіча, Польшчу б чакалі бліскучыя часы. Атакаваўшы разам з Гітлерам СССР, Варшава магла б вярнуць сабе тэрыторыі Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Пазней, калі ў вайну ўступілі ЗША, Польшча магла зрабіць тое, што і ў 1943–1944 гадах Італія, Балгарыя і Румынія, якія перабеглі на бок антыгітлераўскай кааліцыі. У такім разе па выніках вайны Польшчы была б самым буйным гульцом у разбуранай Еўропе.

У наступных кнігах Зыховіч прайшоўся па забабонах польскай эліты 1940-х, якая катэгарычна адмовілася гуляць у калабарацыйныя гульні з нямецкімі акупантамі. Адваротная стратэгія, маўляў, дазволіла б захаваць жыццё мільёнам палякаў, падтрымліваць нацыянальна-культурнае жыццё з дапамогай марыянетачнага ўраду, а таксама атрымаць права на фармаванне сваіх мілітарных структур, якія б пасля пералому ў вайне зноў жа перайшлі на бок Чэрчыля—Рузвельта.

Чарговая кніга Зыховіча «Пілсудскі—Ленін. Або як палякі выратавалі бальшавізм і страцілі шанс на будаўніцтва імперыі» — новы рубеж у ягонай творчасці. На гэты раз у фокусе інтарэсу Зыховіча апынулася грамадзянская вайна ў Расіі, удзельнікамі якой таксама былі палякі. Больш за тое, як сцвярджае аўтар, Пілсудскі мог выйсці з яе абсалютным пераможцам. Для гэтага яму патрэбна было проста ўзяць Маскву. Прычым зрабіць гэта было няцяжка праз спецыфіку сітуацыі на фронце. Як мінімум двойчы бальшавікі вымушаны былі канцэнтраваць свае рэсурсы на іншых напрамках, агаляючы заходні. І двойчы Пілсудскі ўпускаў унікальны шанс прыняць на Чырвонай плошчы парад перамогі.

Першы раз фартуна магла ўсміхнуцца палякам увосень 1919 года, калі маладая савецкая рэспубліка, падавалася, аганізуе пад ударамі белых армій і ўнутраных паўстанняў. Аднак у гэты крытычна час Пілсудскі раптам аддаў загад: прыпыніць наступ на Мазыр — стратэгічны пункт для абароны Саветаў. Калі верыць Зыховічу, пасіўнасць польскай арміі на заходнім напрамку дазволіла бальшавікам перакінуць адсюль войскі на дзянікінскі фронт і выратаваць сітуацыю. Другі раз палякам, падавалася, пашанцавала ў пачатку 1920 года, калі ўся Чырвоная Армія змагалася на Поўдні. І зноў Пілсудскі не аддаў загад наступаць на Маскву.

Паводле Зыховіча, маршалам рухаў стары комплекс — лепш чырвоныя, чым белыя. Апошнія, маўляў, ніколі не пагодзяцца з існаваннем незалежнай Польшчы. Акрамя таго, аўтар падазрае, што Ленін вёў таемныя перамовы з Пілсудскім праз знаёмых польскіх сацыялістаў. Гэта была фатальная памылка Пілсудскага, вынікам якой стаў наступ бальшавікоў у 1920 годзе, Рыжскі мір, Пакт Рыбентропа — Молатава і г.д.

Пасыпаўшы галаву попелам за памылкі маршала, Зыховіч пераходзіць да ўлюбёнай тэмы — фантазій наконт таго, што было б у адваротным выпадку. Прарыў польскіх легіёнаў на Маскву ў 1919 годзе стаў бы, паводле Зыховіча, першым крокам на шляху будаўніцтва федэрацыі з удзелам Польшчы, Украіны, Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі… Першую скрыпку ў такім саюзе гулялі б, натуральна, палякі, затое другую — беларусы. Як кажа Зыховіч у інтэрв’ю выданню «Onet», «Беларусы ставіліся да польскага праекту паважна», «з беларусамі няцяжка было наладзіць супрацоўніцтва».

Рэакцыя на кнігу Зыховіча ў польскім грамадстве дастаткова цікавая. Як і раней, яе ацэнкі абсалютна палярныя. Але гісторыкі ў шоку ад хімераў Зыховіча, які наўмысна апускае шмат фактаў. Напрыклад, рэакцыйны светапогляд белых генералаў, якія ў лепшым выпадку бачылі незалежную Польшчу ў межах Царства Польскага, пазіцыю Антанты, у тым ліку Англіі і Францыі, якія падтрымлівалі белых, супярэчлівае стаўленне ўкраінцаў і літоўцаў да праекту адраджэння Рэчы Паспалітай.

У прынцыпе, рэакцыя на папярэднія кніжкі аўтара была падобнай. Аднак на гэты раз сітуацыя больш цікавая, паколькі кніга з’явілася на іншым палітычным фоне. Яна выйшла сінхронна з трыумфальным прыходам да ўлады польскіх правых, электарат якіх жыве тымі самымі гістарычнымі міфамі, што тыражуе Зыховіч. Апошняе дазваляе ўзняць правакацыйнае пытанне: ці ўплывае жанр альтэрнатыўнай гісторыі на масавую палітычную свядомасць? 

Каментаваць