Чаму прайграў рускі свет?

Нягледзячы на эйфарыю, выкліканую анексіяй Крыму, руская дыяспара Латвіі не прагаласавала на парламенцкіх выбарах за прарасійскую партыю. чаму праіграў «Рускі саюз Латвіі»? А можа Рускі свет у Латвіі яшчэ сябе праявіць?



Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтрвыбаркама, партыя «Рускі саюз Латвіі» (РСЛ) не змагла пераадолець неабходны для праходжання ў парламент пяціпрацэнтны бар’ер, у агульнай колькасці набраўшы 14 344 галасы, або 1,58%. Магчыма, гэты правал лідарам РСЛ неяк можа кампенсаваць той факт, што ў латвійскіх турмах за «Рускі саюз Латвіі» прагаласавала 12,3% мясцовай публікі.

Навіна пра правал РСЛ цягне на сенсацыю як мінімум па прычыне таго, што выбары адбываліся на фоне відавочнай актывізацыі рускамоўных дыяспар у краінах СНД і Балтыі, выкліканай вясновымі падзеямі ў Крыме. У дадатак у Латвіі правы рускамоўных — гэта старая балячка з-за наяўнасці катэгорыі т. зв. «неграмадзян». «Неграмадзянамі» сталі першапачаткова ўсе жыхары Латвіі, якія не з’яўляюцца нашчадкамі грамадзян, што пражывалі на яе тэрыторыі да 1940 года. Сёння гэты статус маюць больш за 300 тысяч чалавек. Усяго ў краіне каля 25 працэнтаў насельніцтва — нашчадкі перасяленцаў савецкіх часоў.

Усе апытанні паказвалі, што латышскія рускія з вялікай сімпатыяй ставяцца да аперацыі «крымнаш». Толькі 8 працэнтаў гэтай камуны асудзілі Пуціна за яго крымскую авантуру. Гэтыя настроі выяўляліся ў электаральных паказчыках. Увесну на палітычную сцэну вярнулася радыкальная праруская партыя. Гаворка пра той самы РСЛ, які раней двойчы запар не праходзіў на выбарах у Сейм. На выбарах у Еўрапарламент 25 мая партыя Таццяны Жданок і Міраслава Мітрафанава атрымала адно з васьмі дэпутацкіх месцаў па латвійскай квоце. Аднак, як мы бачым, ужо ўвосень інтарэс рускамоўных выбаршчыкаў да праграмы і лозунгаў РСЛ зноў знік. Што здарылася?

Латышскімі палітыкамі і палітолагамі прапануецца самы шырокі спектр версій адказу. Некаторыя лідары РСЛ, безумоўна, спісваюць усё на нейкія тэхнічныя недапрацоўкі і каверзы канкурэнтаў. Перш за ўсё, гэта байкот з боку найбуйнейшага рускамоўнага СМІ ў краіне — Першага балтыйскага канала, які ходзіць пад латышскім мэрам Нілам Ушаковым з яго памяркоўна-рэфармісцкай партыяй «Згода», што таксама арыентуецца на рускамоўных.

Не маючы медыйнага рэсурсу, РСЛ звярнуўся па дапамогу да іншых СМІ, што, быццам, стала актам суіцыду. «Яны (лідары Рускага свету) сталі ахвярамі падману піяр-менеджараў, якія выкарыстоўвалі фіктыўныя даследаванні медыярынку. Можна з поўнай упэўненасцю сказаць: гэта непрафесіяналізм менеджараў піяр-кампаній, якія растрацілі рэсурсы на СМІ, што не маюць наогул ніякіх рэйтынгаў і наогул ніяк не ўплываюць на выбаршчыка», — піша адзін з палітолагаў.

Адзін з лідараў РСЛ Міраслаў Мітрафанаў прызнаў свае памылкі як арганізатара кампаніі, аднак пры гэтым лічыць, што вінаваты таксама выбаршчык, які «аказаўся не гатовым» да прамых лозунгаў «Расійскага саюзу Латвіі». Сітуацыю, якая склалася ў рускай грамадзе, палітык пракаментаваў радкамі з песні нейкага шансанье: «Мы волки, и нас, по сравнению с собаками, мало».

Адзін з фактараў правалу РСЛ, безумоўна, звязаны з апатыяй рускамоўнага выбаршчыка. Паводле статыстыкі, больш за 40 працэнтаў ад агульнай колькасці выбаршчыкаў адмовіліся ад удзелу ў выбарах. І сярод гэтых 40 працэнтаў значная частка — гэта нелатышы.

Праўда, абыякавасць электарату па сутнасці ёсць таксама праявай негатоўнасці падтрымаць радыкальныя змены, да якіх заклікае РСЛ.

Ёсць думка, што крыніца праблем — гэта назва партыі. Нагадаем, што ў студзені 2014 года на з’ездзе партыі «За правы чалавека ў адзінай Латвіі» (ЗаПЧЕЛ) было прынята рашэнне адмовіцца ад ранейшай назвы і называцца далей «Рускім саюзам Латвіі». Рэбрэндынг, калі верыць ініцыятарам, аказаўся карысным на пачатковым этапе. Як піша адзін з актывістаў РСЛ, «новая назва стала дэмакратычным выклікам палітыцы кіруючай эліты па будаўніцтву недэмакратычнай «латышскай Латвіі». Аднак пасля Майдану ў Кіеве назва, на яго думку, стала хутчэй маргіналізаваць рух. Быццам, у рускамоўнага насельніцтва ўзнік страх таго, што і ў Латвіі можа паўтарыцца нешта падобнае.

А вось расійскія СМІ лічаць, што РСЛ стаў ахвяраў палітычнага ціску: «Рускі саюз Латвіі» атрымаў вельмі мала галасоў, паколькі ёсць дзяржаўная ідэалагічная ўстаноўка. Зусім нядаўна некалькі кіраўнікоў гэтай партыі былі запрошаныя спецслужбамі (Паліцыяй бяспекі) на допыт. Сістэма вельмі простая. Грамадству РСЛ падаваўся як партыя, якая прадстаўляе ў Латвіі інтарэсы Крамля, працуе на яго грошы і рыхтуе новы Данбас», — піша калінінградскі рэсурс baltya.ru.

Незалежныя палітолагі згодныя, што рускамоўны выбаршчык аказаўся не гатовы падтрымаць радыкальныя лозунгі РСЛ. Аднак матывавалі яго не страх перад латышскімі спецслужбамі, рэпартажы з Майдану, а перш за ўсё эканамічны прагматызм. Андрыс Кударс, латвійскі даследчык рускамоўнай грамады, адзначае: прычыны таго, што «ўкраінскі сцэнар» у Латвіі не спрацаваў, у асноўным крыюцца ў эканоміцы. «Ва Украіне дзяржаўныя структуры былі слабымі і неразвітымі. Напрыклад, пенсіянеры ў Крыме атрымлівалі нашмат больш нізкія пенсіі, чым у Расіі», — кажа даследчык. Латвія, па словах Кударса, прадстаўляе сваім жыхарам больш магчымасцяў. «Я сам нарадзіўся ў Латгаліі. І нават з улікам усіх сацыяльных праблем у рэгіёне, тут няма радыкалаў, якія былі б гатовыя ваяваць, каб стаць часткай Расіі. Людзі ведаюць, што ўмовы жыцця ў Расіі, асабліва за межамі Санкт-Пецярбурга або Масквы, нашмат горшыя».

Можна пагадзіцца з думкай, што рускія ў Латвіі паступова ўсведамляюць: латышы, з якімі яны жывуць і працуюць побач, становяцца ім значна бліжэйшымі і больш зразумелымі, чым былыя землякі-расіяне. Фармуецца свая палітычная культура, якая трымае дыстанцыю ад забабонаў расійскіх палітыкаў і іх саюзнікаў у Латвіі. Гэтую плынь прадстаўляе партыя «Згода», якая атрымала большасць на выбарах, хаця ў склад ураду не трапіла.

Праўда, не выключана, што Рускі свет у Латвіі яшчэ зможа праявіць сябе, паколькі «Згода» Ушакова — праект дастаткова малады, ідэалагічна слаба аформлены, і часам нават малазразумелы. Нарэшце, як кажуць кампетэнтныя асобы, у фінансавым плане «Згода» моцна залежыць ад Масквы.

Каментаваць