Чаму сыходзіць Рымскі Папа

Ніхто не сумняваўся, што журналісты не павераць у словы Рымскага Папы Бенедыкта XVI пра тое, што прычынай яго адстаўкі ёсць салідны ўзрост і фізічная стомленасць. Прапануем агляд самых арыгінальных газетных версій апошніх падзей у Ватыкане.



Перш за ўсё прэса пачала правяраць афіцыйную версію адстаўкі і хутка знайшла некаторыя супярэчлівыя дэталі. Аказваецца, апошні раз 85-гадовы Рымскі Папа хадзіў да ўрача тры месяцы таму. Італьянскае выданне «IlSole 24» у гэтай сувязі ахвотна цытуе Федэрыка Ламбардзі, галоўнага спікера Ватыкана, які сказаў: «Сапраўды, Папа перанёс аперацыю на сэрцы, аднак гэта не мае ніякага дачынення да рашэння пра яго сыход з пасады кіраўніка каталіцкай царквы».

Аднак галоўны недавер да афіцыйнай версіі звязаны з асобай Бенедыкта. Усе ведаюць яго як ультракансерватара, які жорстка стаіць на абароне традыцый Касцёлу. Такі фундаменталіст не можа не ведаць, што адстаўка супярэчыць канону і можа падарваць аўтарытэт Папскага інстытуту.

Таксама мелі месца цікавыя супадзенні. Так, у адным нямецкім сатырычным календары на старонцы за 10 лютага (напярэдадні заявы пра адстаўку) выяўлены Папа, які глядзіць тыраж нейкага лато. У руце пантыфіка білет латарэі, усе лічбы яго супадаюць з тымі, якія абвешчаныя. Папа пры гэты кажа: «Божа, зрабі так, каб усе лічбы супалі. У такім разе я пайду ў адстаўку».

Усе таксама ўзгадваюць кнігу «Petrus Romanus: The Final Pope Is Here», якая выйшла ў красавіку 2012 года. Яе аўтары Томас Хорн і Крыс Путнам прадказалі, што цяперашні Папа Рымскі ў гэтым годзе добраахвотна напіша заяву пра адстаўку, адпаведна прадказанню ірландскага біскупа Св. Малахія (1094–1148).

Пачаць непасрэдны экскурс у свет сенсацый і відавочнай «ліпы» можна з публікацыі на амерыканскім сайце www.msn.com. Сайт лічыць, што цяперашні Рымскі Папа спяшаецца пакінуць святы трон, каб не стаць стрэлачнікам за сэксуальны скандал, які, быццам, вось-вось выбухне ў Ватыкане. З улікам таго, што сэксуальныя скандалы вакол Касцёла апошнім часам сталі справай ледзь не звычайнай, СМІ кажуць, што гэты скандал абяцае быць грандыёзным.

Газета «Guardian» лічыць, што прычына сыходу — набіраючая ход судовая справа, якая цягнецца з 2011 года, калі некалькі сэксуальных ахвяр Касцёлу вырашылі засудзіць каталіцкую царкву за злачынства супраць гуманізму. Таксама варта ўзгадаць, што 4 лютага адбылася прэм’ера дакументальнага фільма «Mea Maxima Culpa: Silence in the House of God». Уплывовае выданне «Los Angeles Times» у рэцэнзіі на стужку піша: «Пасланне «Mea Maxima Culpa» відавочнае. Ніводны сябра іерархіі Каталіцкай царквы не вінаваты на фоне гэтай хвалі гвалту і, натуральна, не можа быць вінаватым чалавек, які знаходзіцца на яе чале і прыкрываецца тэзісам, што ён бязгрэшны».

Ужо згаданы сайт www.msn.com не выключае, што апошнім часам усплылі скандальныя фрагменты, звязаныя з мінулым пантыфіка. Быццам, нехта мае кампрамат пра падрабязнасці яго дзейнасці ў «Гітлерюгенд». Сам Бенедыкт XVI кажа, што яго прымусілі запісацца ў арганізацыю, называючы гэты этап сваёй біяграфіі «цёмнымі часамі». Чым канкрэтна займаўся малады Ёзэф Ратцынгер у шэрагах «Гітлерюгенд», ніхто не ведае.

Найбольш фантазуюць наконт прычын адстаўкі Бенедыкта XVI італьянцы. Так, амаль у духу галівудскіх трылераў «IlSole 24» кажа, што ў Ватыкане рыхтавалася змова супраць Папы. Змову раскрылі, аднак Папу паспелі атруціць. Медыкі гарантуюць яму максімум 12 месяцаў жыцця, якія ён хоча правесці ў спакоі.

Вядучая італьянская газета «Corriere della Sera» падазрае, што галоўную ролю ў рашэнні пантыфіка адыграў скандал «Vatileaks», калі канфідэнцыйныя паперы Бенедыкта XVI былі выкладзеныя ў інтэрнэце яго дварэцкім Паола Габрыэле. Габрыэле, які пасля паспеў пасядзець у турме і быў амніставаны ў снежні мінулага года, сцвярджаў, што хацеў даць факты карупцыі ў Ватыкане і вывесці на чыстую ваду тых, хто маніпуляваў пантыфікам. Пасля «Vatileaks» Папа стварыў спецыяльную камісію, якой даручыў праверыць словы Паола. Паводле «Corriere della Sera», нядаўна рапарт працы камісіі лёг на стол Ратцынгера, які ў шоку ад прачытанага (усе версіі Габрыэле былі пацверджаныя), таму і вырашыў пакінуць Ватыткан.

Таксама італьянская прэса са спасылкай на словы архібіскупа Вінчэнца Пагліа (Vincenzo Paglia) піша пра абвастрэнне канфрантацыі ўнутры Ватыкану. Быццам, не на жарт сутыкнуліся ліберальная і ўльтракансерватыўная фракцыі. Рэтраграды, да якіх належыць Бенедыкт XVI, апошнім часам знаходзяцца ў глухой абароне. Ім патрэбны больш малады і агрэсіўны лідар. Так нарадзілася ідэя адправіць цяперашняга Папу Рымскага на пенсію. Пры гэтым відавочна, што Бенедыкт XVI захавае вялікі ўплыў на ватыканскую палітыку.

Сярод іншых тэорый і версій варта згадаць матэрыял у брытанскай «The Independent». Газета лічыць, што Бенедыкт XVI сышоў, паколькі хоча даць прыклад наступным пантыфікам, каб яны не сядзелі на святым троне да смерці. Быццам, пасля Бенедыкта XVI усе наступныя Папы будуць сыходзіць у адстаўку ў 85 гадоў. Цікава, што некаторыя кажуць пра тое, што Папа ўжо не будзе мець такой асабістай улады. Паступова Касцёл пачне ўводзіць калегіяльны прынцып кіравання.

А вось нямецкая «Frankfuter Rundshau» упэўненая, што адстаўка Папы звязаная з тым, як да яго ставіліся суайчыннікі. Нягледзячы на тое, што апошні раз немец кіраваў Касцёлам 500 гадоў таму, самі немцы, сапраўды, апошнім часам больш смяяліся з кансерватыўнага Бенедыкта XVI. Дастаткова згадаць скандал з сатырычным часопісам «Titanic», які апублікаваў фотажабу — Папа, на вопратцы якога жоўтая пляма. Пасля журналістаў выклікалі ў суд. Па словах нямецкага кардынала, такія выхадкі Ратцынгер успрымаў вельмі балюча.

Калі ўжо пайшло пра сатырыкаў, то ёсць сэнс назваць іхнія версіі. Тут, зразумела, фантазія не мае межаў. Нехта піша, што Ратцынгер збег з Ватыкану, каб узначаліць царкву мармонаў. Другія жартуюць, што ён будзе ўладкаваны ў кампанію «Microsoft», каб будаваць першую ў свеце сакральную сацыяльную сетку.

Жарты жартамі (большасць агучаных вышэй тэорый, сапраўды, падобныя на прыкол), аднак Касцёл сапраўды стаіць на парозе вялікіх перамен. Адстаўка Бенедыкта XVI, які фактычна ўзяў на сябе ўсе правалы Касцёла, дазваляе яго наступніку пачаць усё наноў. Не дарма нямецкая левая газета «Tageszeitung» параўнала адстаўку Ратцынгера з пачаткам рэвалюцыі ў каталіцкай царкве.

Каментаваць