Цар і Царыца

Грамадскасць Паўночнага Каўказа пратэстуе супраць трактоўкі вобразу царыцы Марыі Цямрукаўны ў нашумелым фільме Паўла Лугніна «Цар».

Рэжысёр Павел  Лугнін справакаваў шмат крыку. Ён закрануў цэлы пласт вельмі супярэчлівых тэмаў расійскай гісторыі, якія актуальныя дасюль. У прыватнасці, рэжысёр, супрацьпаставіўшы вобразу Івана Жахлівага вобраз мітрапаліта Філіпа, відавочна паставіў пад сумнеў аўтарытэт улады як абсалюту. Таксама ў фільме яўна праходзіць паралель паміж апрычнінай і сталінскім тэрорам.



Грамадскасць Паўночнага Каўказа пратэстуе супраць трактоўкі вобразу царыцы Марыі Цямрукаўны ў нашумелым фільме Паўла Лугніна «Цар».

Рэжысёр Павел  Лугнін справакаваў шмат крыку. Ён закрануў цэлы пласт вельмі супярэчлівых тэмаў расійскай гісторыі, якія актуальныя дасюль. У прыватнасці, рэжысёр, супрацьпаставіўшы вобразу Івана Жахлівага вобраз мітрапаліта Філіпа, відавочна паставіў пад сумнеў аўтарытэт улады як абсалюту. Таксама ў фільме яўна праходзіць паралель паміж апрычнінай і сталінскім тэрорам.

Таму нядзіўна, што дэбаты вакол фільма хутка выйшлі за межы спрэчак гісторыкаў і культуролагаў. «Цар» стаў прадметам палітычнай дыскусіі. Некалькі рускіх нацыяналістычных груповак і патрыятычных гісторыкаў звярнуліся з лістамі ў адміністрацыю Мядзведзева з заклікам забараніць пракат «Цара», прыраўняўшы яго да парнаграфіі.

Вось фрагмент аднаго з такіх лістоў: «Яны (стваральнікі фільма) робяць на экране крывавую фантасмагорыю: вар’яцкі цар-параноік з вечна адкрытым ротам, крыважэрныя сабакі-апрычнікі… Рускі народ выглядае як дзікае крыважэрнае быдла. А між тым, цар Іван Жахлівы выклікаў і выклікае нянавісць ворагаў Расіі па адной прычыне: ён узвялічыў яе палітычную ролю ў свеце, яе эканамічную і ваенную магутнасць».

У прынцыпе, у Крамлі маглі асабліва не звяртаць увагі на чалабітныя ад такіх маргінальных груп, як Саюз праваслаўных харугваносцаў (СПХ), сябры якога праславіліся экзатычнымі акцыямі. Такімі, напрыклад, як спаленне кніг пра прыгоды Гары Потэра, якія, на іх думку, утрымліваюць «ерась», або пахаванне цацкі малпы, на труне якой напісана «Дарвінізм. Атэізм».

Аднак у дадатак фільм «Цар» стаў часткай складанага і вельмі балючага ў Расіі каўказскага пытання. Справа ў тым, што ў стужцы відавочна негатыўна выведзена асоба Марыі Цямрукаўны, жонкі Івана Жахлівага, этнічнай кабардзінкі.


Марыя Цямрукаўна, да хрышчэння Кучэней, — другая жонка Івана Жахлівага, дачка кабардзінскага князя Цямрука. Яны — Марыя і Іван — пабраліся шлюбам 20 ліпеня 1561 года. Адзінае іх дзіця — царэвіч Васіль — памёр ва ўзросце двух месяцаў у 1563 годзе. У 1569-м памерла і сама Марыя.

Да рэвалюцыі расійскія гісторыкі пісалі пра царыцу Марыю не надта прыхільна. Вось як характарызуе яе Мікалай Кастамараў: «Жаніцьба гэта не мела добрага ўплыву на Івана. Ёсць звесткі, што яна (Марыя) актыўна ўплывала на палітыку мужа ў перыяд 1561–1569 гадоў і, верагодна, выступала адным з ініцыятараў апрычніны. Сама новая царыца пакінула па сабе памяць злой жанчыны. Цар працягваў весці п’янае і распуснае жыццё і нават, як кажуць, аддаваўся распусце ненатуральнай з Фёдарам Басманавым».

Сучасныя гісторыкі больш асцярожна падыходзяць да ўчынкаў Марыі Цямрукаўны. «У некаторых гісторыкаў узнікае спакуса прыпісаць кабардзінскай прынцэсе лютасць нораваў. Быццам, падабалася ёй не толькі паляванне і «мядзведжыя забавы», але і катаванні з пакараннямі смерцю. Але ці можна лічыць, што норавы сярэднявечнага Каўказа моцна адрозніваліся ад расійскіх? Нават Еўропа XVI стагоддзя была ахоплена крывавым кашмарам рэлігійных войнаў», — піша адзін з іх.


У СССР вобраз каўказкай прынцэсы на троне асабліва нікога не цікавіў. Думаецца, праблема была ў асобе яе мужа, які не ўпісваўся ў каноны прагрэсіўнага манарха. Затое пасля перабудовы царыца Марыя стала адным з афіцыйных герояў не толькі Кабарды, але і ўсяго расійскага Паўночнага Каўказа. Справа ў тым, што ў часы сярэднявечча асабліва ніхто не разбіраў, дзе кабардзінцы, а дзе чэркесы або адыгейцы.

У гонар царыцы ўзведзены помнікі, названы вуліцы і плошчы. У кабардзінскіх газетах адзначаюць: «Так, менавіта кабардзінцы — прадстаўнікі аднаго з адыгейскіх плямёнаў — сталі першымі каўказцамі, якія прыйшлі на зямлю сталіцы Расіі. Насуперак спекуляцыям, шлюб гэты даследчыкі лічаць шчаслівым. Марыя ва ўсім актыўна садзейнічала мужу. І нават адыгрывала значную ролю ў выбудоўванні адносін з Крымам, бо знаходзілася ў роднасных сувязях і з татарскай шляхтай. Мяркуючы па ўсім, нягледзячы на асаблівы нораў Івана Жахлівага, гэты шлюб быў адносна спакойным. Таму развагі пра гвалтоўную смерць царыцы можна лічыць недарэчнымі».

Падчас святкаванняў 450-й гадавіны ўстанаўлення стасункаў паміж Расіяй і Кабардой два гады таму Марыю назвалі «сімвалам дыпламатычнага і выгоднага саюзу жыхароў Каўказу і рускіх».


І вось на экраны выходзіць фільм Лугніна. Марыя Цямрукаўна выглядае ў ім абсалютна вартай свайго мужа — ненармальная, капрызная, дрэнна адукаваная жанчына. Акрамя ўсяго, яе мараль вельмі кульгае. Прыдворны блазан называе яе «вавілонскай блудніцай». Увогуле, Марыі як персанажу яшчэ пашанцавала. У першым варыянце сцэнару царыца павінна была біць сябе пугай, каб кампенсаваць мазахісцкія схільнасці. Праўда, у фінальным варыянце засталіся сцэны, дзе яна б’е іншых.

Кабардзінская грамадскасць не разумее, што адбываецца. Вось фрагмент посту аднаго з інтэрнэт-форумаў: «Ці ведаюць самі рускія, пра што распавядаюць? Павел Лугнін выяўляе яе як чачэнку-шахідку, якая абколатая псіхатропамі. Пацікавіўся б для пачатку, ці магла яна дазволіць сабе спаць голай, цалавацца, сядзець пры мужы і дарослых? Мова пра кабардзінскую дзяўчынку, княжну. Жах! Нас усіх пакрыўдзілі».

Не падабаецца грамадскасці і тое, што ролю Марыі даверылі татарскай актрысе Раміле Іскандэр.

Як вынік — кампанія супраць фільма «Цар». 4 лістапада выхад стужкі на шырокі экран ператварыўся ў Кабардзе ў маніфестацыю пратэсту. Мясцовы друк з радасцю адзначыў, што ніводная фірма не пагадзілася рабіць рэкламу твору Лугніна. У залі на 450 месцаў прысутнічала толькі 14 чалавек.

Цяжка прагназаваць, чым закончыцца дзіўная гісторыя вакол сярэднявечнай княжны, жонкі Івана Жахлівага. Пакуль афіцыёз крытыкуе вытворцаў карціны, сыходзячы з пазіцыі лаяльнасці Маскве. «Вось як, аказваецца, Лугнін бачыць саюз Расіі і Каўказа — як Саюз двух самадураў», — піша адна з газет.

Каментаваць