Цар-птушка, уладар нябёсаў

Шмат хто з рускіх пабачыў у палёце Пуціна з жураўлямі элементы нейкага невядомага рэлігійнага культу. Прапануем агляд расійскіх блогаў і аналітыкі на гэтую тэму.
 

Прэзідэнт Расіі на дэльтаплане дапамагаў жураўлям знайсці шлях на Поўдзень. Навіна, як кажуць, узарвала грамадскую думку. Як правіла, сцэна палёту Пуціна выклікала смех. Карыстальнікі сеціва прапануюць сабраць усіх айчынных vіp-чыноўнікаў «у адзін клін і адправіць у Афрыку на корм гіенам» або «арганізаваць пілатаваны палёт на Сонца з удзелам падобных таварышаў».

Затое другое месца ў блогасферы стабільна займаюць каментары, аўтары якіх кажуць, што адчулі ад пабачанай сцэны прыліў жаху.

«Мяне чамусьці жураўлі з Пуціным на чале не насмяшылі. У мяне з’явілася ірацыянальная трывога», — піша адзін з блогераў. Такой жа думкі трымаецца і вядомая журналістка Ксенія Сабчак. У яе карціна жураўлінага кліну з Пуціным на чале ў небе выклікала пачуццё таго, што набліжаецца апакаліпсіс.

Адсюль адзін крок да таго, каб трактаваць жураўліны клін Пуціна як нейкі таямнічы рытуал. Да такой высновы штурхае і нежаданне прызнаць Пуціна закончаным вар’ятам. Проста не хочацца верыць у дыягназ, якія шматлікія блогеры ставяць гаспадару Крамля.

«Сітуацыя значна горшая. Улада канчаткова і беззваротна запала ў маразм. У СССР смяяліся з таго, як Брэжнеў вешае на сябе ордэны. І, здавалася, сапраўды, ну навошта смяшыць народ? Не вешай сабе ўвесь час ордэны і не з’яўляйся ў іх на публіцы. І ўсё. Але чалавеку, які не пакутуе на маразм, гэта лёгка зразумець. А маразматыку? Відавочна, для яго неспасціжная гэта простая праўда. А ліслівае асяроддзе баіцца штосьці сказаць супраць», — піша блогер Ёfgtr.

Як магчымы варыянт доказу таго, што Пуцін псіхічна здаровы, прапануецца ідэя пра тое, што ў Крамлі забаўляюцца нейкімі магічнымі штучкамі. Тым больш, што ў аўтарытарных краінах такія рэчы сустракаюцца вельмі часта. Дастаткова ўзгадаць, як у Гаіці падчас дыктатуры Дзювалье насіліся з культам вуду. Па сутнасці, элементы паганскіх культаў прысутнічаюць і ў свяце «Дажынкі».

Адсюль каментары кшталту: «Пуцін у пошуках папулярнасці вырашыў увасобіць сабой маці-прыроду. Гэта ўсё адно, як на першамайскую дэманстрацыю Хрушчоў выйшаў бы ў касцюме кукурузы. Я асабіста нічога фенаменальнага тут не бачу — тут, прынамсі, без падману, як з амфарамі. Палёт Пуціна ўражвае не нашмат мацней, чым пастаянныя эпатажныя акцыі яго былога сябра, Берлусконі, які, скажам, мог прылюдна пацалаваць упадабаную ім жанчыну».

Блогер Combo адзначае: «У жураўліным палёце, які стаў ахвярай крытыкі прыземленых абывацеляў, ёсць насамрэч штосьці сакральнае, штосьці такое, ад чаго шчыміць сэрца. Нешта такое, што хапае за душу, за горла тонкімі пальцамі. Прэзідэнт-журавель — гэта памяць пра старажытныя лясныя містэрыі, пра таемныя паганскія пераўвасабленні, пра Дзікае Паляванне каралёў Поўначы! Нараджаецца ідэя, асляпляльная, зіготкая, усёпаглынальная ідэя Вялікай містэрыі. Цар-птушка, уладар нябёсаў, Птушыны змей — Кецалькаатль».

Тэзу пра метафізіку жураўлінага кліну актыўна падтрымалі некаторыя прапуцінскія СМІ. Вось што піша Аляксандр Праханаў: «У Пуціне ёсць штосьці сапраўды загадкавае, таямнічае, метафізічнае... Можа, у ім прысутнічае анёл ці якая-небудзь іншая крылатая істота. Ці птушка. І ён сам спрабуе разгадаць у сабе вось гэту таямнічую сутнасць, ён спрабуе свет».

Адзінае, што не могуць зразумець аўтары тэорый пра загадкавы свет Пуціна, якую глабальную ідэю ўтрымлівае віраж яго дэльтаплану?

Чырвона-карычневыя пабачылі тут праяву прыроды савецкага чалавека: «У акцыі з жураўлямі прысутнічае рэха савецкай нерэалізаванай мары. А я добра ведаю, што такое савецкая нерэалізаваная мара. Яна сядзіць унутры. Пакуль не вырвеш — не чалавек».

Іншыя лічаць, што гэта быў пратэст супраць інтэрнэту, дзе, як вядома, акапаліся апаненты рэжыму. «Яго палёт каштоўны для тых грамадзян краіны, якія не зусім яшчэ перамясціліся ў віртуал, — лічаць «Известия». — Яго забаўны палёт — не піяр... Ён проста рэальна хацеў паляцець, хоць ведае, як гэта адгукнецца. Чыста па-пацанску ведае. І гэта яго заводзіць. Яму амаль шэсцьдзесят. Гэта палёт як ён ёсць. Вось вам. А такое не проста спараджае выбух у блогасферы. Яно рэальна выносіць блогасферы мозг... Геніяльна!»

Нарэшце, тут пабачылі фрагменты нейкіх культаў, напрыклад, антычных. «Пуцін — бусел з глыбіні стагоддзяў. Ператвараць самога сябе ў буйную птушку мог выключна Зеўс. Гэта сур’ёзная заяўка для Пуціна. Гэта не паэт і не «тварь дрожайшая». Гэта ўлада, грамабой. Калі Бога няма, дык амаль усё дазволена, а калі ты сам Бог — дазволена наогул усё», — піша блогер Natasha. Яна таксама дае прагноз наконт таго, у які касцюм апранецца ВВП бліжэйшым часам: «Зеўс любіў ператварацца ў вялікую рагатую жывёлу. Гэта ў прэзідэнта яшчэ наперадзе».

Самую цікавую версію прадставілі знаўцы старажытнай кітайскай міфалогіі: «Але паўстае пытанне — на што гэта? І тут мы ўспамінаем, што ў хроніках народаў старажытнасці жураўлі часта згадваюцца як прыродныя і лютыя ворагі карлікаў. Меў месца культ жураўлёў і ў Кітаі. У нататках кітайскага гісторыка VII стагоддзя гаворыцца, што да поўдня ад Дацынь (гэта значыць, Рымскай імперыі) знаходзіцца краіна карлікаў, дзе людзі ростам толькі каля 90 см. Калі карлікі апрацоўваюць палі, на іх нападаюць белыя жураўлі».

Адсюль робіцца рэзюме: «Такім чынам, Пуцін, які ўзносіцца ў нябёсы і ўзначальвае жураўліны клін, прэтэндуе на тое, каб вынішчыць карлікаў... але навошта?» Адказ знаходзяць хутка: «Мядзведзеў — агент карлікаў. Таму Пуцін становіцца героем і вядзе жураўлёў на татальную вайну. Бітва на Небе, бітва на Зямлі. Высновы і прагнозы занадта відавочныя, каб іх агучваць».

Вось такая жураўліная метафізіка. Усё гэта часткова нагадвае запойнае трызненне. Аднак нічога іншага, акрамя метафізікі, каб зразумець логіку ўчынкаў Пуціна, здаецца, не застаецца.

Можна толькі дадаць, што на форумах узнікла цэлыя фракцыя тых, хто лічыць, што магія Пуціна ў выпадку, калі ён уяўляў з сябе птушку, не спрацавала. Усё з-за таго, што прэзідэнту не далі дзюбу. Людзі не хаваюць эмоцый: «Аднак жа ўсё робіцца ў Расіі праз ж... Нават дзюбу не далі. Ну які журавель без дзюбы, скажыце мне калі ласка?»
 

Каментаваць