Чарэ — жах туркменаў

Смерць у Ашхабадзе трох чалавек, якіх сагналі сустракаць туркменскага прэзідэнта, выклікала ў праваабаронцаў заклапочанасць «чарэ» — практыкай туркменскіх уладаў па прымусоваму згону людзей на святочныя мерапрыемствы.



Трагедыя адбылася яшчэ 4 жніўня падчас урачыстага адкрыцця сталічнага стадыёна. Аднак пацвердзіць інфармацыю пра смерць людзей праваабаронцы змаглі толькі напрыканцы жніўня.

У той дзень тэмпература паветра перавышала 40 градусаў. Чакалася, што прэзідэнт краіны прыедзе на аб’ект а 8-й раніцы, таму людзей сагналі на пляцоўку ўжо а 5-й. Але ў выніку Гурбангулы Бердымухамедаў прыехаў на адкрыццё толькі ў 11:45. Пазней высветлілася, што прэзідэнт вырашыў спачатку агледзець іншыя аб’екты.

Амаль сем гадзін людзі былі пад пільным наглядам спецслужбаў, не маглі выпіць вады, паесці або схадзіць у прыбіральню. У выніку за гадзіны чакання прытомнасць страцілі 50 чалавек, 14 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей, былі шпіталізаваныя яшчэ да пачатку мерапрыемства. У выніку двух дарослых і адно дзіця выратаваць не атрымалася, яны памерлі.

Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што ўсе дарогі ў радыусе 3 кіламетраў ад стадыёна былі перакрытыя да 13 гадзін. Таму медыкі не змаглі даставіць пацярпелых у кардыяцэнтр, які знаходзіўся па-за ачапленнем.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў Туркменіі падчас урачыстых мерапрыемстваў, куды прымусова зганяюць грама­дзян, гінуць або церпяць людзі. Можна ўзгадаць, як узімку 2010 года падчас адкрыцця нейкай тэкстыльнай фабрыкі сотні дарослых і навучэнцаў захва­рэлі ў выніку пераахаладжэння — паліцыя і супрацоўнікі спецслужбаў не дазвалялі ім адысці ў прыбіральню. У выніку людзі вымушаныя былі заставацца ў мокрай бялізне на працягу некалькіх гадзін.

У чэрвені гэтага года прахо­дзіў футбольны матч паміж туркменскай і іранскай зборнымі, падчас якога трое гледачоў памерлі наўпрост на стадыёне з-за цеплавога ўдару. Парадокс у тым, што сапраўдных фанатаў футболу на стадыён не пусцілі. Каб стварыць малюнак татальнага інтарэсу туркменаў да спорту, стадыён нашпігавалі работнікамі бюджэтнай сферы, якія ў выніку сталі ахвярамі спякоты.

Апісаныя з’явы туркмены называюць «чарэ». «Чарэ» — рознага кшталту мерапрыемствы, дзе людзям адводзіцца роля прымусова арганізаванай масоўкі. Хутчэй за ўсё, база для «чарэ» была закладзеная яшчэ ў часы позняга СССР, калі на базе працоўных калектываў святкавалася ўвядзенне ў эксплуатацыю новых аб’ектаў. Аднак на Усходзе, дзе моцныя традыцыі дэспатыі, пачаў рабіцца акцэнт на ролі кіраўніцтва і асабіста лідара краіны ў рэалізацыі якога заўгодна праекту.

Па ходу станаўлення ў Туркменіі дыктатарскага рэжыму «чарэ» стаў сапраўдным грамадскім інстытутам. Калі меркаваць па туркменскіх сайтах, ніхто, акрамя праваабаронцаў, асабліва не здзіўляецца таму, што за нейкі час да прыезду важнага чыноўніка ўсіх пачынаюць ганяць на рэпетыцыі яго сустрэчы, якія могуць адбывацца як раніцай, так і ўвечары. Яўка асобна кантралюецца кіраўнікамі прадпрыемстваў, у тым ліку прыватных.

Адным з элементаў «чарэ» таксама з’яўляецца ачыстка тэрыторыі ўздоўж аўтатрасы ад мясцовага аэрапорта да абласнога цэнтра або да месца правядзення ўрачыстасці. Пры гэтым увесь участак аўтадарогі (напрыклад, ад аэрапорта да месца прыпынку картэжу кіраўніцтва) папярэдне разбіваецца на адрэзкі. Адрэзкі раздаюцца арганізацыям і ўстановам рэгіёну.

Усе працы калектывы павінны выканаць за кошт прыбытку прадпрыемства. Калі ж прадпрыемства стратнае, то ўсе фінансавыя выдаткі кладуцца на плечы работнікаў гэтых прадпрыемстваў. Адмова ад выканання загаду башлыкоў (тур.: «адміністратыўны кіраўнік») пагражае работніку звальненнем.

Самы цяжкі выпадак з магчымых версій «чарэ», калі на іх запланаваны прыезд і ўдзел самога аркадага (тур.: «заступнік» — афіцыйная мянушка Бердымухамедава). У такім выпадку негалосныя правілы вельмі строгія: людзі павінны быць на месцы сустрэчы ўжо ў 5–6 гадзін раніцы або ўвогуле начаваць на аб’екце. Нервы і стомленасць кіраўнікоў і работнікаў культуры з-за працяглых рэпетыцый, перажыванне з нагоды таго, ці пройдзе ўсё гладка, павялічваюць градус напружанасці і вядуць да шматлікіх бытавых канфліктаў.

Апошнім часам тыя канфлікты таксама часта ўзнікаюць на глебе праверкі ўдзельнікаў «чарэ» на прадмет наяўнасці ў іх мабільных тэлефонаў. Прычынай стала падзенне прэзідэнта з каня падчас спартовых мерапрыемстваў у 2012 годзе. Каб не дапусціць надання галоснасці апісанай сцэны, спецслужбы запатрабавалі ад усіх прысутных здаць мабільнікі. Пазней нават увялі кантроль на ўсіх міжнародных рэйсах, што, праўда, не дапамагло — запіс усё роўна з’явіўся з сеціве.

Дарэчы, па некалькі гадзін чакаць прэзідэнта даводзіцца не толькі грамадзянам краіны, але і замежным дыпламатам. Так, у дзень народзінаў Бердымухамедава дзясяткі паслоў розных краіны вымушаны былі яго чакаць некалькі гадзін, стоячы з вялізнымі букетамі з сотні белых ружаў (менавіта гэтыя кветкі было рэкамендавана падарыць прэзідэнту).

Калі чытаеш пра туркменскае «чарэ», нельга не рабіць праекцыю на Беларусь. У нас да візітаў аднаго вядомага палітыка мыюць асфальт, фарбуюць каровам капыты, а чыноўнікі на сустрэчах не могуць выйсці ў прыбіральню. Відавочна, у нас ёсць сваё, магчыма, не такое брутальнае беларускае «чарэ».

Каментаваць