Чарговая рэвізія гісторыі

 
За год да 70-й гадавіны варшаўскага паўстання польскаму грамадству прапануецца пераглядзець яго ўрокі і прызнаць паўстанцаў сталінскімі калабарантамі.



«Новы час» ужо пісаў пра бум, які перажывае за Бугам жанр «альтэрнатыўная гісторыя». У авангардзе працэсу ідзе правы публіцыст Пётр Зыховіч (Piotr Zychowicz). Яго леташняя кніга «Пакт Рыбентроп—Бек» стала бестселерам. Такі поспех ёй, безумоўна, прынесла бязмежная фантазія аўтара. Папросту дух захоплівае ад версіі гісторыі Другой сусветнай вайны, якую прапануе Пётр.

На яго думку, у 1939 годзе польскі палітыкум павінен быў прыняць гітлераўскі ўльтыматум з патрабаваннем перадачы немцам Гданьску. У такім выпадку Рыбентроп падпісаў бы дамову не з Молатавым, а яго польскім калегам Бекам. Тактычны саюз з палякамі дазволіў бы Вермахту лёгка перамагчы СССР. Наступствам краху Сталіна магло, на думку аўтара, стаць адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.

Аднак гэта толькі падводка да кульмінацыйнага раздзелу кнігі.

Як толькі Берлін уступае ў канфлікт з ЗША, Варшава робіць адзюльтэр былому саюзніку і пераходзіць на бок антыгітлераўскай кааліцыі. Апошняя для разгрому Вермаху ў Еўропе пускае ў ход атамную зброю. У выніку на фінальным этапе вайны на руінах Еўропы застаецца толькі адна дзяржава-гегемон. Гэта, зразумела, Польшча.

Той факт, што кніжка стала лідарам продажаў, сведчыць пра адпаведныя трэнды ў польскай калектыўнай думцы. Прычым кніга Зыховіча карыстаецца попытам, нягледзячы на іранічныя каментары сур’ёзных гісторыкаў. Тыя ахвотна закідвалі аўтара пытаннямі накшталт: што б было, калі Гітлер раней за ЗША змог стварыць атамную бомбу? Які лёс чакаў бы польска-нямецкі хаўрус, калі б у ЗША перамаглі фракцыі ізаляцыяністаў, і краіна ўвогуле адмовілася б ад удзелу ў вайне?

Пазітыўная рэакцыя аўдыторыі падштурхнула Зыховіча на новыя правакацыйныя канцэпцыі. Не так даўно пабачыла свет яго кніжка «Obікd’44». Яе тэзісы гучаць яшчэ больш правакацыйна, паколькі на гэты раз Зыховіч замахнуўся на адзін з галоўных польскіх нацыянальных міфаў — спадчыну Арміі Краёвай (АК) і славутае Варшаўскае паўстанне.

На думку аўтара, лідары АК і ўвогуле ўвесь тагачасны польскі эміграцыйны ўрад былі палітычнымі лузерамі. Яны цалкам прадаліся брытанцам, якія за спіной палякаў гандляваліся з СССР наконт будучыні Польшчы. У выніку Чэрчыль прадаў Польшчу Сталіну на канферэнцыі ў Тэгеране 1943 года. Прычым усе пра гэта ведалі, аднак галосна не казалі. Менавіта лонданская эміграцыя і кіраўніцтва АК, нашпігованай, калі верыць аўтару, агентамі з НКУС, быццам, навязалі польскаму падполлю памылковую ўстаноўку барацьбы з нямецкімі акупантамі.

Апагеем правальнага антынямецкага курсу АК было, на думку Зыховіча, тое самае паўстанне ў Варшаве ў 1944 годзе, якое, быццам, прыдумалі, каб арганізаваць… урачыстую сустрэчу перадавых калонаў наступаючай з-за Віслы Чырвонай Арміі. Загад пачынаць паўстанне меў трагічныя вынікі: разбурэнне сталіцы, забойства 200 тысяч жыхароў гораду, знішчэнне нацыянальнай эліты, што паскорыла працэс саветызацыі Польшчы.

Асобна аўтар пнуў такую сакральную тэму, як гераічны ўдзел у варшаўскім паўстанні падлеткаў (па падліках, на барыкадах у Варшаве змагалася каля паўтысячы дзяцей). Зыховіч лічыць, што прыцягненне тынейджараў у вайсковыя дзеянні, а тым больш у барацьбу супраць элітных войскаў SS, — адно з самых жудасных гуманітарных злачынстваў. Зыховіч цытуе сучаснікаў паўстання, якія заклікалі да судовага трыбуналу над лідарамі АК. Ён таксама прыводзіць шмат малавядомых фактаў, калі варшавяне цураліся паўстанцаў, называлі іх бандытамі. Абывацелі баяліся, што немцы ў адказ на выступ пачнуць татальную зачыстку, асабліва не разбіраючыся, хто вінаваты.

Кніга шакавала польскае грамадства. На гэты раз Зыховіча крытыкуюць нават правыя. Яны адзначаюць, што, па сутнасці, падыход Зыховіча нагадвае тэзісы прапаганды часоў камуністычнай Польшчы, калі АК трактавалі як банду авантурыстаў.

Асноўныя аргументы супраць канцэпцыі Зыховіча звязаныя з тым, што ён прапануе ўзамен курсу АК. Аўтар мяркуе, што палякам падчас Другой сусветнай вайны трэба было дазволіць немцам і Саветам знішчаць адзін аднаго.

У такім выпадку Чырвоная Армія падчас набліжэння да польскіх межаў была б больш слабай, і АК мела шанс не дапусціць савецкай акупацыі. У якасці прыкладу ён прыводзіць вопыт чэхаў, якія даволі пасіўна супрацьстаялі немцам. У выніку чэшская нацыя не панесла такіх стратаў, як палякі. Плюс удалося захаваць ад разбурэння залатую Прагу.

Вайсковыя акцыі, паводле Зыховіча, трэба было абмежаваць крэсамі. Аўтар смакуе эпізоды гісторыі нейкіх фармаванняў АК на Віленшчыне і Наваградшчыне, якія заключылі з немцамі мір для сумеснай барацьбы з прасавецкімі партызанамі.

Такі падыход, на думку крытыкаў, яўна супярэчыць рэаліям Другой сусветнай вайны. Па-першае, палітычная пасіўнасць не адпавядае польскаму менталітэту. Тым больш ва ўмовах, якія немцы навязалі палякам — публічныя расстрэлы, інстытут закладнікаў (50 палякаў за кожнага забітага немца) і г.д. «Рух супраціву паўстаў у Польшчы не з-за адпаведна загаду, а як рэакцыя на брутальнасць фашыстаў. Крытыка Зыховіча антынямецкага падполля ёсць антыгістарычная. Тэрор немцаў быў больш шакуючы. Саветы ўсё ж не практыкавалі публічныя экзекуцыі», — піша адзін з апанентаў Зыховіча.

Што тычыцца чэшскага варыянту, то, на думку гісторыкаў, гэта асобны выпадак. Гітлер не чапаў чэхаў не таму, што яны былі лаяльнымі, а таму, што іх разглядалі часткай нямецкай прасторы (Чэхія ўваходзіла ў Імперыю Габсбургаў).

Нарэшце, Зыховіч ніводнага разу не згадвае лёс польскіх грамадзян яўрэйскага паходжання. Ідэя «нічога не рабіць» значыла згоду палякаў на Халакост.

Праўда, уся гэта аргументацыя яўна не адбіваецца на продажах. Кніга карыстаецца попытам. У сувязі з гэтым крытыкі ўпершыню кажуць, што антыкамунізм набывае сярод часткі палякаў абсалютнае вымярэнне. У выніку гэта прыводзіць да попыту на дзікія і адначасова прымітыўныя гістарычныя канцэпцыі, якія сістэмна аформіць магчыма толькі з дапамогай жанру гістарычнай фантазіі.

Аўтар адной з рэцэнзій перакананы, што гэта толькі пачатак. А ў наступнай кнізе Зыховіч апіша, як файна было жыць у акупаванай Польшчы, калі б палякі мелі свайго Квіслінга.

Каментаваць