Чатыры аргументы супраць КС

Беларуская апазіцыя актыўна абмяркоўвае ідэю імпарту з Расіі мадэлі інтэрнэт-выбараў каардынацыйнага савету апазіцыі. У якасці сціплага ўнёску ў дэбаты хацелася б звярнуць увагу на слабыя бакі эксперыменту.
 



1. Вар’яты ад палітыкі

Дэмакратычная формула абрання ў КС, якая давала магчымасць усім ахвочым выстаўляць кандыдатуры, дазволіла засвяціцца на публіцы звычайным гарадскім вар’ятам, якія называлі сябе дэмакратамі і тым кампраметавалі дэмакратычны рух. Пачытайце біяграфіі некаторых аматараў трапіць у КС, і вы стопрацэнтна падумаеце, што гаворка ідзе хутчэй пра выбары Каардынацыйнага савету «палаты нумар 6».

Напрыклад, Давыдзенка Дзяніс Вячаслававіч, прафесія — «прагрэсар» і «сацыяном». У яго біяграфіі, у прыватнасці, сказана: «Рыцар Ордэна Паўночнага Храма». А вось, напрыклад, нейкі Шатаў Станіслаў Мікалаевіч — «Рух светлыя сілы, ваяр святла». Гэты кандыдат у лідары дэмакратаў так апісваў свае заслугі перад прагрэсіўным грамадствам: «Правёў больш за 100 круглых сталоў і скайп-канферэнцый. Тэлевядучы Светлага тэлебачання, выйшла больш за 200 перадач. Рэдактар газет «Ваяр святла» і «За светлую будучыню!». Аўтар звыш 1000 артыкулаў. Аўтар 10 інтэрнэт-кніг з аўдыёвізуальным суправаджэннем серыі «Прывітанне з 38-га стагоддзя!».

Ну гэта яшчэ, як гаворыцца, самыя здаровыя хворыя. У каталозе кандыдатаў былі значна больш сур’ёзныя элементы. Так, на выбары зарэгістравалі Мікалая Валянцінавіча Каралёва. Тэрарыста, асуджанага пажыццёва за некалькі выбухаў у Маскве. У перапынках паміж тэрактамі Каралёў паспеў стварыць «Асацыяцыю белых палітвязняў і ваеннапалонных імя Рудольфа Геса, якая ўвайшла ў пан’еўрапейскую сетку правых зняволеных імя Андэрса Брэйвіка».

Няма ніякіх сумневаў, што ў Беларусі знойдзецца таксама такога кшталту вар’ят, які паспрабуе стаць сябрам тутэйшага КС.

2. Слабая палітычная культура дэмакратаў

Выбары ў Каардынацыйны савет выйгралі лібералы. Першыя пяць пазіцый занялі Аляксей Навальны, Дзмітрый Быкаў, Гары Каспараў, Ксенія Сабчак і Ілля Яшын. Не выпадкова свецкая львіца Ксенія Сабчак цалкам задаволеная. «Ура! У нас будзе ліберальна-цэнтрысцкі Каардынацыйны савет, а не радыкальна-сацыялістычны», — радуецца Сабчак у сваім твітары.

Прайграваць ніхто не любіць, і адразу ж усе лузеры сталі адмаўляцца ад праекту КС. Прадстаўнікі левага флангу ўжо заявілі пра бессэнсоўнасць выбараў. «Пасля такога галасавання адзіная апазіцыя перастала існаваць, — лічыць дэпутат ад «Справядлівай Расіі» Ілля Панамароў. — Яе трэба будаваць ад самага пачатку». «Што я магу сказаць: выбары КС не адлюстроўваюць рэальнага раскладу сіл у пратэстным руху нават блізка. Гэта погляд лібералаў на апазіцыю», — упэўнены эсэр.

Выбары ў Каардынацыйны савет апазіцыі раскалолі нацыяналістаў. Па словах Дзмітрыя Дзёмушкіна, які таксама прайграў выбары, «большасць нацыяналістаў краіны не ўдзельнічала ў галасаванні».

«Шараговыя нацыяналісты не звязваюць нацыянальна-вызваленчую барацьбу з выбарамі, арганізаванымі ліберальнай часткай апазіцыі ў кіраўніцтва гэтай самай апазіцыі. Не прагаласавала нават большасць паплечнікаў аб’яднанняў. Гэта значыць, дзясяткі тысяч актыўных рускіх людзей, якія выходзяць на «рускія маршы» па ўсёй краіне, аддалі перавагу не ўдзельнічаць у якасці выбарцаў у дадзеным працэсе», — адзначае Дзёмушкін.

Застаецца спытаць: нашто сам Дзёмушкін балатаваўся у КС?

Такі сцэнар цалкам прагназуемы і для нашых краёў. Ніколі той жа Рымашэўскі не пагодзіцца, што прайграў, напрыклад, Дзмітрыеву і г.д.

3. Падазрэнні ў фінансавых махінацыях

і фальсіфікацыях

Ужо вядома пра пачатак крымінальнай справы па факце крадзяжоў унёскаў грамадзян для ўдзелу ў выбарах. Усяго ў Генпракуратуру паступіла 64 заявы ад пацярпелых, пасля чаго і была арганізавана праверка. Намеснік начальніка аддзела ГУ МУС Расіі па Маскве, разгледзеўшы матэрыял праверкі, паведаміў пра злачынства і распачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 159 КК РФ (махлярства).

Вынікі выбараў — перамогу фракцыі Навальнага — некалькі дзён таму «прадказаў» журналіст Алег Лур’е. Журналіст заявіў: «Расійская апазіцыя пайшла па слядах улады і выкарыстоўвае «чураўскія» тэхналогіі на выбарах у Каардынацыйны савет. Пераможцы галасавання загадзя вядомыя і ўзгодненыя». Алег Лур’е таксама апублікаваў свой варыянт спісу, які практычна супаў з канчатковымі вынікамі.

Як адзначае з гэтай нагоды блогер fatherland: «У выніку выбараў, якія арганізуе чалавек Навальнага, перамагае Навальны. Замест чаканых новых твараў у спісах з’яўляюцца яго намеснікі і прыхільнікі, яго самы моцны канкурэнт Удальцоў апынаецца толькі на 20-м месцы».

Вядомы левы інтэлектуал Барыс Кагарліцкі адзначае, што выбары ў КС з пункту гледжання дэмакратыі — правал, а з пункту гледжання інтарэсаў ліберальнай партыі — поспех. «Проста адно па логіцы не сумяшчальна з іншым», — кажа Кагарліцкі.

4. Эксгібіцыянісцкая дэманстрацыя маргінальнасці

Гаворка нават не пра тое, што ў выбарах удзельнічала ўсяго 80 тысяч расіянаў, а ў сацыяльным статусе тых, хто галасаваў. Яго лёгка вылічыць па імёнах, якія трапілі ў КС.

«Ідэя КС правалілася для ўсіх: для нацыяналістаў, для агульнаграмадзянскай апазіцыі, для яе лідараў — ад Навальнага да Бялова. І справа не ў персанажах, якія ўвайшлі ў КС, а ў «электараце», які з’явіўся ў асноўнай сваёй масе ў вобразе «хамякоў» (так на моладзевым слэнгу называюць актыўных аматараў інтэрнэту), што жывуць у кампутарах і фанацеюць ад Ксюшы Сабчак», — канстатаваў нацыяналіст Міронаў.

«Тут выяўляецца цікавы факт: ніводны з абраных у КС не мае ў рэгіёнах прыхільнікаў, якія на рэгулярнай аснове займаюцца дзейнасцю, больш асэнсаванай, чым пастаноўка зорачак і «лайкаў» у сацыяльных сетках і рэпосты ў блогах з маханнем сцягам раз на некалькі месяцаў. Уся праца з рэгіёнамі ў гэтых людзей зводзіцца... да твітаў то пра чарговы маскоўскі мітынг, то пра чарговага вязня», — канстатуе блогер skalych.

Фактычна, руская апазіцыя дзякуючы выбарам з КС распісалася ў тым, што яна страшэнна далёкая ад народа. Няўжо беларускім дэмакратам гэта таксама трэба?
 

Каментаваць