Чэхія. Яна Гуса рэабілітуюць

Ватыкан зрабіў чарговы крок у працэсе канчатковай рэабілітацыі Яна Гуса — асветніка, героя чэшскага народа, ідэолага мясцовай рэфармацыі, ахвяры інквізіцыі. Напярэдадні 6 ліпеня, калі роўна 600 гадоў таму Гуса адправілі на вогнішча па загадзе тагачаснай папскай курыі, цяперашні Рымскі Папа Францыск асудзіў той учынак.



Папа ў прыватнасці прызнаў, што рашэнне інквізітараў пра спаленне Гуса за тое, што ён адмовіўся прызнаваць свае погляды ерассю, было несправядлівым. Ён таксама прыняў дэлегацыю прадстаўнікоў так званых «чэшскіх братоў» — рэфармісцкай царквы паслядоўнікаў Гуса, якую Касцёл доўгі час пераследаваў. Падчас размовы з «чэшскімі братамі», якіх па ўсім свеце налічваецца не больш за 3 000 асобаў, пантыфік падкрэсліў, што ўсе хрысціяне — чальцы хрысціянскай сям’і. На думку чэшскіх біскупаў, крокі Ватыкана будуць спрыяць росту папулярнасці каталіцкай веры ў Чэхіі.

Трэба прызнаць, што піянерам у працэсе рэабілітацыі Яна Гуса ўсё ж быў Папа Ян Павел ІІ, які прынёс прабачэнне за пакаранне Гуса падчас свайго візіту ў Чэхію ў 1995 годзе.

Паводле чэшскай прэсы

Каментаваць