Чаму маўчаць украінцы?

Нягледзячы на грамадскі шок, выкліканы суровым прысудам Юліі Цімашэнка, ніякіх масавых пратэстаў ва Украіне пакуль не назіраецца. Пра прычыны пасіўнасці людзей і наступствы прысуду журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.

— Ці чакалі ўкраінцы такога суровага прысуду?



Нягледзячы на грамадскі шок, выкліканы суровым прысудам Юліі Цімашэнка, ніякіх масавых пратэстаў ва Украіне пакуль не назіраецца. Пра прычыны пасіўнасці людзей і наступствы прысуду журналіст “НЧ Алег Новікаў размаўляе з кіеўскім палітолагам Юрыем Дакукіным.

— Ці чакалі ўкраінцы такога суровага прысуду?

— Здаецца, не. Інакш публіка б не рэагавала так эмацыйна. Усё ж сярод людзей, і нават аналітыкаў, панавала думка, што суд над Цімашэнка — асабістая помста або акцыя запалохвання апазіцыі напярэдадні ацяпляльнага сезону, калі растуць кошты на камуналку і, адпаведна, павялічваюцца пратэстныя настроі. Прычым помста ці акцыя вельмі кепска зробленая. Я кажу пра юрыдычныя нонсенсы і працэсуальныя хібы. Акрамя таго, у Пячэрску (урадавы квартал Кіеву) напярэдадні прысуду актыўна абмяркоўвалі дамову пра свабодную зону гандлю з ЕС, які ад пачатку патрабаваў вызваліць Юлію. Нават блізкая да Партыі рэгіёнаў прэса прагназавала ўмоўны тэрмін.

— Вы кажаце пра эмацыйную рэакцыю грамадзян на прысуд, аднак акрамя сутычкі на Хрэшчаціку ніякіх пратэстаў не назіраецца.


— Калі я кажу пра эмоцыі, я не кажу пра эмоцыі агрэсіі або помсты. Хутчэй, гэта праяўленне жалю. Пра магчымыя масавыя пратэсты ў дзень прысуду казала выключна апазіцыя, і тое адна з яе фракцый. Ніводны палітолаг, які сочыць за дадзенымі сацыёлагаў, не верыў у тое, што 11-га будзе новы Майдан. Выйсці на вуліцы на знак пратэсту супраць пакарання Цімашэнка гатовыя зараз 15 працэнтаў насельніцтва. Нават у Львове ніхто, акрамя пары вар’ятаў, не выйшаў пратэставаць. Прычына такой нізкай актыўнасці зразумелая: шмат хто разглядаў працэс над Цімашэнка як асабістыя разборкі паміж ёй і Януковічам. Тым больш, што Юлія звязаная з алігархамі, крыніцы яе багацця вельмі спрэчныя. Я маю на ўвазе яе былыя блізкія кантакты з алігархам Лазарэнкам. Ён сядзіць у ЗША за карупцыю. Шмат каму з людзей проста прыемна, што алігархі нарэшце хоць нейкім чынам трапляюць у турму.

— Ці здольны апазіцыйны спектр, ад аранжавых да нацыяналістаў, аб’яднацца вакол лозунгу вызвалення Цімашэнка? Як адрэагавалі розныя сегменты апазіцыі на прысуд?


— Калі апазіцыя не аб’ядналася падчас працэсу, думаю, што зараз яна дакладна не аб’яднаецца. Так, рэакцыя на турэмны арышт Юліі негатыўная. Лідар нацыяналістаў Алег Цягнібок увогуле заклікае да штурму прэзідэнцкай адміністрацыі. Аднак да вулічных пратэстаў, якія прызначаныя на гэтыя выходныя, заклікала толькі партыя Юліі “Батькивщина. У размовах “не пад дыктафон шмат хто з апазіцыянераў прызнае, што адсутнасць Юліі на наступных выбарах у Вярхоўную раду можа дапамагчы перацягнуць яе галасы на свой бок.

— Як вядома, Цімашэнка пакаралі за газавы кантракт з Расіяй, заключаны напярэдадні выбараў пазамінулага года. Быццам, ён быў на карысць Масквы, і, быццам, Цімашэнка была на адной назе з Пуціным. Ёсць версія, што пытанне вызвалення—пакарання Цімашэнка стане прадметам гандлю падчас высвятлення коштаў на газ.

— Расійскай грамадскасці тэма Цімашэнка не зразумелая, і яна там мала каго цікавіць, тым больш на фоне падрыхтоўкі выбараў іх прэзідэнта. Рэакцыя будзе хіба што на ўзроўні ўлады. Хутчэй за ўсё, навіны з Кіева ўспрымуць як не вельмі прыемныя, аднак асаблівай істэрыкі на гэты конт не будзе. Як арыгінальна кажа Пуцін: “Сем гадоў для Цімашэнка? Сем? Сем — дарэчы, добрая лічба. А за што сем гадоў? Гандляваць лёсам Цімашэнка падчас перамоваў аб газавых коштах маларэальна.

— Калі пратэстаў за Цімашэнка не будзе, ці можа гэта развязаць рукі ўладам у барацьбе супраць палітычных апанентаў?

— Пакуль такой асаблівай патрэбы няма. З усімі апазіцыйнымі палітыкамі, акрамя Юліі, можна было дамовіцца. У гэтым і спецыфіка сітуацыі. Выключна Цімашэнка з-за асабістай вендэты Януковічу ўяўляе ў выпадку вяртання да ўлады пагрозу для данецкага капіталу. Таму яе і ціснуць. Таму і ніякага новага 1937-га года не будзе. Аднак яўнае прававое бязмежжа, якім характарызаваўся працэс супраць Цімашэнка, можа натхніць нашу судовую сістэму і сілавыя ведамствы на грэбаванне правам. І гэта вектар больш небяспечны для ўлады, паколькі закране шмат простых людзей.

— Адпаведна прысуду, Цімашэнка выйдзе на волю толькі ў жніўні 2018 года, а вярнуцца ў палітыку (займаць месца ў дзяржаўных органах) зможа не раней за 2021-ы. На той час ёй будзе ўжо 65 гадоў. Ці значыць гэта, што ўкраінская палітыка развіталася з адным з самых яркіх сваіх персанажаў?

— Некаторыя ўжо зрабілі фоташоп, як будзе выглядаць Юлія ў 65 гадоў, калі зноў паспрабуе выставіць сваю кандыдатуру. Аднак давайце ўзгадаем, які статус мае Хадаркоўскі ў расійскай палітыцы. І тое, што ён сядзіць на зоне, прычым вельмі далёка ад Садовага кальца, не перашкаджае яму быць палітычным акцёрам. Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі людзі, якія фармальна не ўдзельнічалі ў палітыцы, фактычна вызначалі трэнды. Можна згадаць тую ж Беназір Бхута, Леха Валенсу, Уга Чавеса, Нельсана Мандэлу. Усе яны кіравалі з-за кратаў. Не вельмі зручны, аднак практычны прыклад: Адольф Гітлер пасля Піўнога путчу таксама меў пасіўнае выбарчае права, аднак здолеў пабудаваць партыю і прывесці нацыстаў у Рэйхстаг. Будучы ў турме, Юлія застаецца значнай фігурай. Псіхалагічна яе зламаць, здаецца, не ўдалося. Пытанне ў тым, ці зможа яна тэхнічна кіраваць сваімі прыхільнікамі на волі.

— Практычна кожная з вядучых украінскіх газет называла 11 кастрычніка пачаткам новай эры ў нацыянальнай гісторыі. Ці згодныя вы з гэтым?

— У газетах зашмат патэтыкі. Аднак я раю пачакаць рашэння апеляцыйнага суда. Абсалютная большасць палітолагаў лічыць, што экс-прэм’еру яшчэ папсуюць нервы, аднак усё для яе складзецца добра. І прэзідэнт, дарэчы, ужо зрабіў знакавую заяву, што прысуд не з’яўляецца канчатковым. У гэтым сэнсе ідэальным варыянтам было б накіраваць справу на новае вывучэнне. Гэтым улада пакажа Захаду і ўкраінцам, што ў нас ёсць правасуддзе. Аднак у глабальным вымярэнні нічога амністыя не вырашае. Палітычнае жыццё Украіны зноў рызыкуе ператварыцца ў перманентнае асабістае супрацьстаянне Юлі Уладзіміраўны і Віктара Фёдаравіча, ад якога ўсе стаміліся. Вось ад гэтай формулы неяк трэба пазбаўляцца. Як? Не ведаю… Аднак не коштам сямі гадоў турмы для Юліі.
 

Каментаваць