Чаму рухнуў туніскі рэжым?

23 гады прэзідэнт Зін эль-Абідзін Бен Алі быў туніскім прэзідэнтам, каб у выніку страціць усе за адзін дзень. Чаму ліміт рэвалюцый аказаўся не вычарпаным у Тунісе?



23 гады прэзідэнт Зін эль-Абідзін Бен Алі быў туніскім прэзідэнтам, каб у выніку страціць усе за адзін дзень. Чаму ліміт рэвалюцый аказаўся не вычарпаным у Тунісе?

Калі глядзець на голую статыстыку і палітычныя працэсы ў Тунісе апошніх двух дзесяцігоддзяў, цяжка зразумець прычыны рэвалюцыі. Бен Алі заняў пасаду прэзідэнта ў 1987-м. На той момант эканамічная сітуацыя ў Тунісе нагадвала постсавецкую эканоміку 1990-х. 46 працэнтаў ВУП ішло на тое, каб аплачваць замежныя крэдыты. Інфляцыя складала 10 працэнтаў на год. У дадатак, у краіне актывізаваліся ісламскія тэрарысты. Яны нават паспрабавалі захапіць адміністрацыю прэзідэнта.

Пры Бен Алі Туніс выкарабкаўся. За часы яго кіравання штогадовы даход аднаго тунісца вырас з 1200 долараў у 1986 годзе да 3768 у 2008-м. 20 апошніх гадоў ВУП краіны стабільна рос. У асяроддзі амерыканскіх эканамістаў Тунісу за яго эканамічныя поспехі нават далі мянушку «афрыканскі леў». Галоўным кірункамі эканомікі краіны былі экспарт у Еўропу аграрнай прадукцыі і, натуральна, турызм. Адпаведна зборніку «Global Competitiveness Report», які выдаецца арганізатарамі Давоскага эканамічнага форуму, у 2008 годзе Туніс па ўзроўню развіцця эканомікі знаходзіўся на 32-м месцы ў свеце. Усе іншыя афрыканскія краіны займаюць у гэтым рэестры значна больш нізкія месцы.

Бен Алі змяніў таксама палітычны лад. Была прынята новая канстытуцыя. У 1992-м прайшлі першыя ў гісторыі парламенцкія выбары з удзелам апазіцыйных партый. Праз два гады, таксама з удзелам апазіцыі, адбыліся выбары прэзідэнта. Канешне, перамогу на гэтых і наступных выбарах атрымліваў выключна Бен Алі або кандыдаты ад афіцыйнай партыі «Дэмакратычны канстытуцыйны саюз» (RCD). Ніжэй за 86 працэнтаў прэзідэнту нават не малявалі.

Аднак, у параўнанні з мінулымі часамі, гэта быў відавочны прагрэс. Нагадаем, што пасля таго, як 1962-м Туніс вырашыў будаваць сацыялізм, усе партыі, акрамя сацыялістычнай, былі забароненыя.

Нарэшце, дададзім, што Туніс добра ўпісаўся ў еўрапейскую знешнюю палітыку. Нездарма Францыя, галоўны еўрапейскі партнёр Туніса, да самага апошняга дня адмаўлялася крытыкаваць Бен Алі за гвалт і забойства дэманстрантаў.

І вось, насуперак усяму апісанаму, у студзені 2011 года ў квітнеючым Тунісе адбываецца рэвалюцыя. Не выпадкова эксперты цяпер спрачаюцца, ці не паўтораць кароль Іарданіі Абдала Другі, прэзідэнт Егіпта Хосні Мубарак і Алжыра Абдэльазіз Бутэфліка лёс Бен Алі?

Не менш цікавы феномен так званай «язмінавай рэвалюцыі» заключаецца ў тым, што яна не выклікала канфрантацыі ўнутры грамадства. Ніводны тунісец або нейкая грамадская арганізацыя, уключаючы нават апарат афіцыйнай партыі, не выступілі ў абарону Бен Алі або часткі ягонай палітычнай спадчыны. Дзяржаўныя інстытуты папросту прагнілі. Падзеі ў студзені 2011-га аказаліся канчатковай і лагічнай кропкай эвалюцыі сістэмы.

Зараз яшчэ цяжка даць комплексны аналіз гэтаму працэсу, выявіць яго храналагічныя стадыі і чыннікі. Палітолагі пакуль адзначаюць некаторыя ключавыя моманты.

Першы — палітычнае адчужэнне, якое сфармавала цэнзура ў СМІ, ціск на апазіцыю, механізм правядзення выбараў. Пры Бен Алі была распрацаваная свая арыгінальная мадэль нядопуску апазіцыі ва ўладу. Кожны апазіцыянер мог ісці на выбары, аднак пры ўмове, што за яго паручыліся 30 дэпутатаў парламенту, амаль усе сябры якога былі запісаныя ў RCD. Кандыдатам даваўся абмежаваны час для выступаў на тэлебачанні. Заклікі да Бен Алі правесці дэбаты апошні ігнараваў. Тое, што сам Бен Алі не злазіў з тэлебачання, тлумачылася тым, што ён не кандыдат, а прэзідэнт. Канстытуцыйны суд здымаў з выбараў апазіцыйных кандыдатаў «за экстрэмізм». Былі выпадкі, калі за інтэрв’ю замежным СМІ палітыкаў збівалі. Загадзя вядомыя вынікі выбараў выклікалі ў насельніцтва апатыю, якая паступова перайшла ў фазу сістэмнага недаверу да афіцыйных навін. Не будзем казаць пра тое, што Бен Алі за 23 гады свайго праўлення таксама ўсім надакучыў.

Другі — персанальная дэградацыя эліты. Пазбаўленыя кантролю з боку грамадства, прэзідэнт і яго атачэнне пачалі разумець уладу як нешта да­дзенае ім раз і назаўсёды. Бен Алі змяніў канстытуцыю, якая раней дазваляла аднаму і таму ж чалавеку займаць прэзідэнцкую пасаду толькі два тэрміны. Знік з тэксту Асноўнага закона параграф пра тое, што прэзідэнтам можа быць чалавек не старэй за 70 гадоў. Такое стаўленне да законаў хутка прывяло да таго, што сінонімам слова «ўлада» ў Тунісе стала слова «карупцыя». Увасабленнем карупцыі стала першая лэдзі краіны Лейла Бен Алі, якую ў грамадстве страшэнна не любілі. Пасля рэвалюцыі па сталіцы хадзілі натоўпы, якія шукалі родзічаў сям’і Лейлы. Што да самой першай дамы, то, пакідаючы краіну, яны ўмудрылася прыхапіць з рэзерваў Нацбанку паўтары тоны золата.

Нарэшце Бен Алі — прадстаўнік генерацыі палітыкаў 1980-х гадоў, папросту страціў кантроль над сучаснымі сацыяльнымі працэсамі. Уздымаючы кошты на прадукты харчавання (першапачатковая прычына пратэсту), ён не пралічыў рэакцыю моладзі, якая вельмі слаба сацыяльна абароненая. Калі на перыферыі пачаліся першыя пратэсты, прэзідэнт аддаў загад на разгон, думаючы, што людзі не даведаюцца пра гвалт. Адкуль старому было ведаць, што ў маладых тунісцаў свае формы камунікацыі (інтэрнэт), якія могуць выканаць таксама функцыю мабілізацыі.

І яшчэ адзін фактар — старасць. У свае 74 гады, Бен Алі шмат што рабіць ужо цяжка. У тым ліку ў такім узросце губляецца палітычнае пачуццё. Напрыклад, калі трэба выбудоўваць баланс інтарэсаў і ўплываў у прэзідэнцкім атачэнні. Апошнія гады ў краіне меў месца характэрны для аўтарытарных краін крызіс пераемніка. Усе гадалі — на каго выпадзе выбар? Спекуляцыі вакол кандыдатур і чуткі пра магчымы будучы перадзел улады абвастрылі адносіны паміж чыноўнікамі розных міністэрстваў, у тым ліку паміж сілавікамі. Не задоўга да рэвалюцыйных падзей Бен Алі даў зразумець, што толькі ў МУС працуюць самыя блізкія для яго людзі. У Мінабароны пра гэта не забыліся. І калі ў студзені генералам паступіў загад страляць па маніфестантах, яго дэманстратыўна праігнаравалі. Даведаўшыся пра гэта, гарант адразу паспяшаўся пакінуць радзіму.
 

Каментаваць