Чарговы імперскі сцэнар

Каб спыніць працэс палітычнай дэстабілізацыі ў Паўднёвай Асеціі, Масква можа скарыстацца праектам аб’яднання асецінаў.

Маскоўскі сцэнар выбараў у Паўднёва-Асецінскай Рэспубліцы, якая літаральна ўсім абавязаная Расіі, не прайшоў. Краіна, якая прэтэндавала на ролю сусветнай супердзяржавы, апынулася не ў стане легітымна пасадзіць свайго стаўленіка нават у крэсла прэзідэнта рэспублікі. Не дапамагла стаўленіку Крамля Анатолю Бібілаву нават асабістая падтрымка прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева. Перамагла апазіцыянерка Ала Джыоева.



Каб спыніць працэс палітычнай дэстабілізацыі ў Паўднёвай Асеціі, Масква можа скарыстацца праектам аб’яднання асецінаў.

Маскоўскі сцэнар выбараў у Паўднёва-Асецінскай Рэспубліцы, якая літаральна ўсім абавязаная Расіі, не прайшоў. Краіна, якая прэтэндавала на ролю сусветнай супердзяржавы, апынулася не ў стане легітымна пасадзіць свайго стаўленіка нават у крэсла прэзідэнта рэспублікі. Не дапамагла стаўленіку Крамля Анатолю Бібілаву нават асабістая падтрымка прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева. Перамагла апазіцыянерка Ала Джыоева.

У выніку выбары прызналі несапраўднымі. А вярхоўны суд Паўднёвай Асеціі пакінуў у сіле гэта рашэнне. Джыоева заявіла пра намер прасіць палітычнага прытулку.

Цяпер сітуацыя ў краі нестабільная. Адным са сцэнараў выхаду для Крамля можа стаць рэалізацыя плану аб’яднання Паўднёвай і Паўночнай Асеціі ў адну адміністратыўную адзінку ў складзе Расіі.

Трэба ўзгадаць, што фармальна асецінцы аказаліся падзеленымі ў 1774 годзе. Паўночныя асецінскія тэрыторыі былі ў ліку першых на Паўночным Каўказе далучаныя да Расійскай імперыі. Між тым, паўднёвая частка Асеціі стала расійскай у 1801 го­дзе, аднак яна ўвайшла ў Імперыю ў складзе Грузіі. Пасля Цхінвалі стаў часткай Тыфліскай губерні.

Ідэя аб’яднання Паўночнай і Паўднёвай Асеціі не новая. Упершыню пра яе пачалі казаць пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. У часы існавання незалежнай Грузінскай рэспублікі бальшавікі спрабавалі стварыць у Паўднёвай Асеціі партызанскі рух, які выступаў пад нацыянальнымі лозунгамі. У 1920 годзе тут нават была абвешчана Савецкая ўлада, але меншавіцкі ўрад Грузіі здушыў паўстанне. Пасля ліквідацыі грузінскай незалежнасці са студзеня 1921-га па красавік 1922 года Паўднёва-Асецінская вобласць уваходзіла ў склад паўночна-каўказскай Горскай АССР у складзе РСФСР. Пасля яе вярнулі пад кантроль Тбілісі, надаўшы статус аўтаномнай вобласці.

У 1926 годзе абласны з’езд рад Паўночнай Асеціі прызнаў неабходным зліццё з Паўднёвай Асеціяй і стварэнне аўтаноміі ў складзе Грузінскай ССР.

Сталін даў згоду на праект, аднак пасля пераглядзеў план. Фатальную ролю адыграла аналітычная запіска кіраўніцтва Паўночна-Каўказскага краю. Анастас Мікаян — кіраўнік рэгіёну — адправіў Сталіну шыфроўку, дзе выкладаў свой погляд на пытанне: “Уключэнне аб’яднанай Асеціі ў склад Грузіі і пераход у Закаўказзе ставіць пад пагрозу міжнацыянальныя адносіны, якія ўсталяваліся сярод нацыянальнасцяў Паўночнага Каўказа… Гэта можа стаць прэцэдэнтам да ператварэння ў рэспублікі раёнаў Чачні, Кабарды і іншых, што, у сваю чаргу, можа парушыць паміж імі раўнавагу, якая ледзь-ледзь усталявалася. На той час нацыянальна-адміністратыўная рэформа са стварэннем нацыянальных рэспубліканскіх аўтаномій толькі пачыналася.

Пасля вялікага тэрору 1937 года ў аб’яднальнага руху не стала рухаючай сілы — паўночна-асецінскай інтэлігенцыі, і пра яго ніхто больш не ўспамінаў шмат гадоў. Пра братоў на поўначы паўднёвыя асеціны ўзгадвалі хіба што падчас кампаній грузінізацыі. Так, у 1951 годзе ЦК кампартыі Грузіі даў указанне пра перавод справаводства на тэрыторыі Паўднёвай Асеціі на грузінскую мову. Пачаліся пратэсты і заклікі да аб’яднання з братамі на поўначы. У 1956 годзе Прэзідыум ЦК КПСС прыняў з гэтай нагоды адмысловую пастанову «Пра памылкі і недахопы ў працы ЦК КП Грузіі».

Пра інтэграцыю асецін зноў пачалі казаць пад канец існавання СССР. Яшчэ ў апошнія дні існавання Савецкага Саюза ідэя інтэнсіўна абмяркоўвалася па абодва бакі Каўказскага хрыбта. У Паўднёвай Асеціі гэта ідэя паўстала пад уплывам росту грузінскага нацыяналізму канца 1980-х гадоў. Як вядома, у 1990-м грузінская ўлада ліквідавала права асецін на аўтаномію, што выклікала выбух салідарнасці з імі ў паўночных суайчыннікаў.

У 1992 годзе кіраўніцтва Паўночнай Асеціі адмовілася падпісваць дакумент пра размежаванне паўнамоцтваў паміж Масквой і Уладзікаўказам, калі Расія не прыме ўдзелу ў абароне паўднёвых асецінаў. 6 сакавіка 1993 года Вярхоўны парламент Паўночнай Асеціі прызнаў незалежнасць Рэспублікі Паўднёвая Асеція (на 15 гадоў раней Расіі, якая да вайны ў жніўні 2008-га была не гатовая змяніць статус-кво ў зоне канфлікту).

Прызнанне Масквою ў жніўні 2008 года незалежнасці Паўднёвай Асеціі стварыла проста парадаксальную сітуацыю. Паўднёвая Асеція — гэта рэспубліка, якая мае хай і дэкаратыўныя, аднак некаторыя адзнакі дзяржаўнасці. Але гэта дзяржава нашмат саступае (і па тэрыторыі, і па насельніцтву) Паўночнай Асеціі, якая не з’яўляецца незалежным самастойным дзяржаўным фармаваннем. Да прыкладу, у Паўночнай Асеціі пражывае каля 700 тысяч чалавек, а колькасць жыхароў Паўднёвай Асеціі — прыкладна 50 тысяч чалавек.

Нядзіўна, што кіраўніцтва Паўночнай Асеціі не разумее сітуацыю і перыядычна ўздымае праблему аб’яднання нацыі. Такі тэзіс быў агучаны, напрыклад, 12 мая мінулага года прэзідэнтам Паўночнай Асеціі Таймуразам Мансуравым. На думку кіраўніка рэспублікі, “любому непрадузятаму назіральніку ясна, што цяперашняе “паасобнае існаванне дзвюх Асецій не можа працягвацца доўга.

Цяперашняя фронда ў Паўднёвай Асеціі супраць маскоўскага стаўленіка Бібілава зноў надае актуальнасць праекту стварэння адзінай Асеціі. Гэта формула дазваляе захаваць Цхінвалі ў зоне ўплыву Масквы. Пры гэтым гаворка можа не ісці пра ліквідацыю Паўднёва-Асецінскай дзяржаўнасці. Галоўнае — проста прывязаць паўднёва-асецінскую палітычную дыскусію да расійскай.

Варта нагадаць пра адзін з аспектаў асецінскай нацыяналістычнай дактрыны. Паўднёва-асецінскі праект першапачаткова фармаваўся не як сепаратысцкі, а як ірэдэнтысцкі (тэрмін “ірэдэнтызм выкарыстоўваецца для пазначэння палітычнага руху на карыць аб’яднання народаў, нацый і этнасаў у рамках тытульнай дзяржавы. Пры гэтым мэта аб’яднання дзвюх Асецій пад эгідай Расіі разглядалася як прыярытэт. Незалежнасць Паўднёвай Асеціі, у адрозненне ад Абхазіі, бачылася толькі як нейкі часовы этап для рэалізацыі “аб’яднальнай ідэі.

Безумоўна, у праекта асецінскага адзінства есць вялікія палітычныя рызыкі. Так, тэма асецінскага адзінства можа выклікаць рэанімацыю ідэй аб’яднання іншых каўказскіх этнасаў.

Аднак, думаецца, галоўная рызыка для Масквы цяпер у іншым. 11 снежня пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Прыднястроўі, дзе ў Крамля таксама ёсць “свой кандыдат. Як кажуць аналітыкі, яго агітацыйная кампанія вельмі нагадвае тую, якую праводзіў у Паўднёвай Асеціі Бібілаў. Калі супраць Масквы ўздымецца яшчэ Прыднястроўе, якое Масква фактычна карміла з 1991 года, то канфлікт у Цхінвалі набудзе новыя контуры. Яго можна разглядаць як працяг гістарычна заканамернай тэндэнцыі пратэстаў ускраін супраць дыктату цэнтру. Відавочна, у такім вымярэнні Масква не можа выступаць у ролі патрона асецінскага адзінства.
 

Каментаваць